У што верыць Анісенка?

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

У сваёй пошце “К” не часта атрымлівае рэцэнзіі на кнігі, тым больш — ад “несталічных” чытачоў. Цяперашняя аказалася з Талачына, ад тамтэйшага гісторыка і краязнаўцы, які не змог абмінуць удалыя літаратурныя спробы ўраджэнца свайго роднага горада Валерыя Анісенкі — заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесара, які зараз узначальвае Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Друкуем гэты ліст з некаторымі скарачэннямі.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў распачаў новую серыю кніг “Педагогіка мастацкай творчасці”. Першай выйшла “Спроба асэнсавання” Валерыя Анісенкі — ужо трэцяя па ліку ў творчым багажы гэтага знакамітага артыста, рэжысёра, майстра “заснаванняў” усё новых і новых перспектыўных тэатральных праектаў. У ёй сабраны ягоныя дзённікавыя запісы, фрагменты рэжысёрскіх канспектаў, лекцыі пра Шэкспіра, якога ён багата ставіў, аповеды пра гастролі, роздумы аб прыродзе творчасці, водгукі крытыкаў.

/i/content/pi/cult/442/9198/9-3.jpeg

Кніга, як піша ў прадмове міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, колішні рэктар БДУКіМ, вучыць “здабываць драбінкі творчасці з груды жыццёвых абставін”. Тых самых “абставін” у Анісенкі хапала. Ягоны бацька Даніла печы клаў так, што стаялі дзясяткі гадоў, добра грэлі і не дымілі. Сякера ў яго руках гучала, бы клавішы пад пальцамі віртуознага піяніста. З Тулы, што славіцца паляўнічымі стрэльбамі, яму замаўлялі да іх імянныя разьбярскія прылады. На жаль, бацькі раcсталіся, калі Валерыю (імя яму далі ў гонар Чкалава) было шэсць гадоў. Маці засталася адна з чатырма дзецьмі. Правяла ў дом святло (раней сям’я жыла пры газоўцы), пабудавала новы хлеў, склеп, веранду — усё сама, з дапамогай дзяцей: “…Моцнага характару жанчына. Танчыць любіла, спяваць. Уся мая ўпартасць, байцоўскі характар — ад яе, ад маці. Усё наша дзяцінства прайшло ў цяжкай працы, на калгаснай ферме, дзе мы дапамагалі дарагой матулі пасля заняткаў у школе. Гэта пра яе напісаў песню “Світанак” Ігар Лучанок…”

Ужо па гэтай маленькай цытаце можна ацаніць сакавітую, вобразную мову аўтара — з разыначкай народнага гумару і жорсткай сатыры. Кніга напісана смела, адкрыта, без “азіранняў” на сацыяльны статус, пасады ды званні рэальных асоб, што дадзена не кожнаму, з крытычным стаўленнем да сябе, што таксама рэдкасць. Летуценны рамантык і даследчык, наватар і “кансерватар” (у лепшым сэнсе слова: як прадаўжальнік традыцый), ён адкрыты ўсяму нязвыкламу, нестандартнаму — і свята верыць у невычэрпныя патэнцыйныя магчымасці псіхалагічнага тэатра, рэалізуючы іх пры стварэнні новых не толькі спектакляў, але і… саміх тэатраў.

Мне пашчасціла прысутнічаць на рэпетыцыях “Качынага палявання” Аляксандра Вампілава ў Чырвоным касцёле, дзе тады змяшчаўся Саюз кінематаграфістаў, бо гэта было, калі Анісенка пасля заканчэння Вышэйшых рэжысёрскіх курсаў у Маскве вярнуўся з ідэяй стварэння новага тэатра. Ім стаў
Тэатр-студыя кінаакцёра. Потым ён, па сутнасці, стварыў нацыянальны радыётэатр, бо за 18 гадоў на пасадзе галоўнага рэжысёра Беларускага радыё ажыццявіў каля сотні адметных радыёпастановак, якія сёння складаюць “залаты фонд” гэтага жанру. Потым было дзесяцігоддзе, аддадзенае яшчэ раней створанаму ім Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі, калі лепшыя пастаноўкі гэтага калектыву аб’ездзілі ўсё фестывальнае замежжа. Нарэшце, ён вярнуўся да коласаўцаў, у якіх калісьці, яшчэ да купалаўцаў і пасады галоўнага рэжысёра ў ТЮГу, пачынаў свой творчы шлях — акцёрам, не спакусіўшыся на прэстыжныя кіназдымкі ў цэнтральнай ролі. Але пра гэты “другі віцебскі перыяд”, пэўна, прачытаем у чарговай — чацвёртай — кнізе творцы?..

Анатоль ШНЭЙДАР

Талачын