Міфы — далоў!

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

З чаго пачынаецца "багатыроўства"

Споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Анатоля Багатырова — класіка беларускай прафесійнай кампазітарскай школы. Яшчэ ў даваенны час, ён, уладальнік Сталінскай прэміі, пазней перайменаванай у Ленінскую, так і не стаў апошнім народным артыстам СССР: не паспеў, бо знікла сама гэтая дзяржава…

/i/content/pi/cult/442/9196/8-3.jpeg

Фотапартрэт Анатоля Багатырова,
зроблены знакамітым Масеем Напельбаўмам.

Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, дзе прафесарстваваў (а ў свой час і рэктарстваваў) Анатоль Васільевіч, рыхтуецца пра яго кніга, ладзіцца навукова-практычная канферэнцыя. Да мінулых юбілеяў “К” рыхтавала і фрагменты ягоных дзённікаў, і запісы размоў з ім. Але такі адрэзак часу, як стагоддзе, патрабуе пераасэнсавання некаторых рэчаў, разбурэння ўстойлівых “міфаў”.

Адзін з іх — пра “сялянскае” паходжанне кампазітара. Ягоны прадзед і сапраўды быў селянінам, а вось маці з бацькам — прадстаўнікі інтэлігенцыі. Бацька быў спецыялістам па латыні, маці запрашалі спяваць у Рыжскую оперу (праўда, з-за сям’і яна не пагадзілася), а хатняй настаўніцай аказалася сваячка Роберта Шумана, што воляй лёсу апынулася ў Віцебску. У першыя савецкія гады, калі ў гэтым горадзе віравала суцэльная мастацкая рэвалюцыя, кватэра Багатыровых магла па праве лічыцца культурным салонам: тут збіралася ўся мастацкая эліта тагачаснага Віцебска. А яшчэ маці ездзіла з сынам на ўсе пецярбургскія ды маскоўскія прэм’еры — не толькі музычныя, але і тэатральныя. Невыпадкова, што хлопчык, выхаваны на сукупнасці сусветнай заходнееўрапейскай класікі з авангардам ды мастацтвам антычнасці, яшчэ ў падлеткавым узросце пачаў пісаць оперу паводле... Шэкспіра. Дый надалей не стамляўся вучыцца, асабліва — аркестроўцы, з якой далёка не ва ўсіх нашых класікаў (асабліва ў тых, хто атрымаў айчынную музычную адукацыю) было ўсё добра. Майстэрствам аркестравага пісьма Багатыроў валодаў дасканала, бо ўвесь час павышаў яго ў непасрэдных стасунках са знанымі дырыжорамі, наведваючы іх рэпетыцыі.

Яшчэ адзін міф — пра прыналежнасць творчасці Багатырова савецкай эпосе. Парадокс, але нават яго дыпломная праца — кантата “Казка пра Мядзведзіху” (1937 г.), напісаная па загадзе прафесара Васіля Залатарова да 100-годдзя з дня смерці А.Пушкіна, — успрымаецца сёння як выклік усялякаму насіллю. А ўхваленая асабіста Сталіным опера “У пушчах Палесся” паводле коласаўскай “Дрыгвы” — ніяк не адпавядае простаму, дэмакратычнаму жанру оперы-песні, на які былі павінны арыентавацца тагачасныя творцы.

А ці не міф — кансерватызм Багатырова? Ён і сапраўды недаверліва ставіўся не толькі да музычных “выкрунтасаў” ХХ стагоддзя, але і да пошукаў Рыхарда Вагнера, што сталі найярчэйшым здабыткам ХІХ-га. Але — толькі зірніце, колькі выйшла з-пад ягонага “крылца” беларускіх кампазітараў, схільных да эксперыментавання! Бо ён ніколі не распаўсюджваў сваю мадэль на мастацтва ўвогуле. І не забараняў сваім вучням станавіцца не такімі, як ён сам, не пакінуўшы ні сваіх “двайнікоў”, ні прамых нашчадкаў. Як ён зрабіў сябе САМ, так і вучняў скіроўваў — да самастойнасці.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"