Забойства Пэна: яшчэ адна версія злачынства

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

І ў заключэнне — пра лёс галоўных дзеючых асоб “справы аб забойстве Ю.Пэна”.

(Працяг. Пачатак у №№ 26, 28 — 32.)

/i/content/pi/cult/441/9188/14-4.jpeg

Ю.Пэн. "Вуліца ў Віцебску".

Пра лёс галоўных дзеючых асоб

І ў заключэнне — пра лёс галоўных дзеючых асоб “справы аб забойстве Ю.Пэна”.

Пасля вынясення прысуду ўсе асуджаныя падалі касацыйныя скаргі, але вынікам гэтага стала перакваліфікацыя прысуду, а тэрміны пазбаўлення волі былі пакінуты тыя ж. Пазней, 25 лістапада 1939-га, Н.Файнштэйн падала яшчэ адну скаргу на рашэнне суда. Аднак калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР рашэннем ад 1 чэрвеня 1940 г. у просьбе асуджанай адмовіла “з-за адсутнасці падстаў да вынясення пратэсту па справе”. Неха Файнштэйн і ейная маці адбывалі пакаранне ва Ухто-Іжэнскім лагеры (Комі АССР). Там жа са снежня 1938 г. знаходзіліся Рувім і Залман Файнштэйны. У 1943-м Лея Файнштэйн была датэрмінова вызвалена. Што паслужыла прычынай — невядома. Па словах родных асуджаных, яна спачатку засталася жыць непадалёк ад мясцін, дзе была ў зняволенні, у горадзе Імжэ. А калі выйшла на волю Неха, дык разам з ёй яна пасялілася ў Кішынёве, дзе памерла ў 1961-м. За год да ейнай смерці адзін з сыноў ды ўнукі пабывалі ў маці і бабулі. Іх уразіла галеча, у якой жылі дзве гэтыя жанчыны: у іх маленькай старой хатцы нават падлога была земляная...

Залман Файнштэйн адбыў свой тэрмін цалкам і выйшаў на волю ў 1940 годзе. Потым ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Памёр у 1973-м у Ленінградзе. Абрам Файнштэйн пасля вызвалення вярнуўся ў Віцебск. Ён працаваў шаўцом у майстэрні на вуліцы Краснабрыгаднай (непадалёк ад Смаленскага рынку), а два апошнія гады — апальшчыкам у кацельні на вуліцы Жасткова. Памёр, як я ўжо пісаў, у 1968-м. Сямён пакаранне адбываў на Далёкім Усходзе, у лагеры непадалёк ад Хабараўска. Пасля вызвалення ў 1939 г. вярнуўся ў Віцебск. “…Яго сустрэла “сцяна маўчання”. Многія знаёмыя, нават сваякі, баяліся з ім мець зносіны <...>, — згадвалі яго дзеці. — Атмасфера страху панавала ў гады сталінізму над усімі, усе баяліся рэпрэсій…” 23 чэрвеня 1941 г. С.Файнштэйн быў прызваны ў армію, баявое хрышчэнне прыняў пад Смаленскам у складзе 653-га стралковага палка. Быў двойчы паранены, вайну скончыў ва Усходняй Прусіі, узнагароджаны ордэнам Айчыннай Вайны 1-й ступені і медалём “За баявыя заслугі”, а таксама юбілейнымі медалямі. Пасля вайны працаваў спачатку краўцом, але потым перакваліфікаваўся ў майстра па рамонце швейных машын. У 1997-м разам з дзецьмі з’ехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Германію, дзе памёр праз два гады. Пахаваны на яўрэйскіх могілках Дортмунда…

Адзіным, хто не выжыў у цяжкім зняволенні, быў муж Леі — Рувім Файнштэйн. Пра ягоны лёс і да сёння нічога не вядома. Калі ў год магчымага вызвалення (1940 г.) ён не выйшаў на волю, значыць, яшчэ раней памёр у зняволенні. Усе астатнія члены сям’і, нягледзячы на страшныя ўмовы савецкіх лагераў, выжылі. Прычым не магу не адзначыць і такую дэталь: гуманнасць суда адыграла, як гэта ні парадаксальна, фатальную ролю ў лёсе яшчэ адной з асуджаных. Рыва Саламонік-Файнштэйн атрымала ўмоўны тэрмін, у турме (лагеры) яна не сядзела. Але гэта не выратавала яе праз чатыры гады, восенню 1941-га: жанчына разам са сваёй маленькай дачкой загінула ў віцебскім гета...

(Заканчэнне будзе.)

Аркадзь ПАДЛІПСКІ

Віцебск