Герб апошняга з Рэйтэнаў

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Лёс капліцы на Ляхавіччыне, збудаванай па тэстаменце шляхціча

Першы Рэйтэн з’явіўся на нашых землях у самым пачатку 1600-х гадоў з Прусіі. Пахаваны быў у 1639-м у Сталовічах. Апошні ж — Юзаф — нарадзіўся 7 студзеня 1857 года. 17 жніўня 1910-га пасля працяглай і цяжкай хваробы ён памёр у новым сядзібным будынку ў Грушаўцы, што на Ляхавіччыне. Месца, дзе павінны былі пахаваць ягонае цела, Юзаф абраў загадзя: ім стаў пагорак, што дамінуе па-над наваколлем. Згодна з тэстаментам, на гэтым месцы з адмысловай фундацыі Юзафа пазней мусілі пабудаваць капліцу, дзе знайшлі б спачын апошнія з Рэйтэнаў: бацькі Юзафа, сястра, а таксама дзед, падпалкоўнік напалеонаўскіх войскаў, які змагаўся за Вялікае Княства Літоўскае.

/i/content/pi/cult/441/9187/14-1.jpeg

Капліца Рэйтэнаў ля Грушаўкі.

Можна сабе ўявіць, якой была шматлюдная жалобная працэсія, што пасля набажэнства ў Ляхавіцкім касцёле суправаджала труну нябожчыка да месца спачыну… Былі тут і простыя людзі, якім шмат дапамагаў Юзаф, і дзеці-сіроты, каго апекавалі Рэйтэны, і мяшчане з Ляхавіч ды іншых мястэчак, шляхта з ваколіц…

На магіле ж, згодна са старадаўнім звычаем, быў разбіты герб апошняга з рыцарскага роду.

 

Гады ліхалецця

Неўзабаве Ляхавіччына ператварылася ў сапраўднае пекла. Першая сусветная вайна, якая намалявала крывавую лінію фронту, прайшла крыху на захад ад Грушаўкі. Нават праз дзесяць гадоў пасля таго, як вайна скончылася, па ўспамінах тутэйшых жыхароў, шлях ад Баранавіч да Грушаўкі ішоў праз татальна занядбаныя землі, зрэзаныя акопамі, абмураваныя ДАКамі і бліндажамі. Старажытныя лясы былі высечаны “ў пень”, сядзібы і вёскі — спалены. Як ацалела грушаўская сядзіба ў той агнявой віхуры, толькі богу вядома...

Далей былі Кастрычніцкі пераварот 1917-га, заснаванне Беларускай Народнай Рэспублікі… Нарэшце, 1921 год з Рыжскай дамовай, што рассекла наш край…

 

Будаўніцтва капліцы

Надышоў год 1924-ты. Апошнія дыверсійныя аддзелы і банды ліхіх людзей, што трымалі ў жаху ваколіцы Грушаўкі, зніклі. Але польская ўлада распачала паланізацыю беларускіх земляў. Ды мясцовая шляхта называла сябе па старадаўнім звычаі ліцвінамі. Граф Генрык Грабоўскі, пляменнік апошняга з Рэйтэнаў, аднойчы ў Мінску нават прымусіў Юзафа Пілсудскага піць за Вялікае Княства з кубка, які падарылі Тадэвушу Рэйтэну сябры па сойме. Кубак гэты са срэбра, з выгравіраваным надпісам, захоўваўся ў Грушаўцы, пакуль Грабоўскі не падарыў яго Музею Чартарыйскіх у польскім Кракаве. На запыты пра далейшы лёс прадмета адказ быў просты: “Лёс невядомы”.

Але вернемся да капліцы. Архітэктар, які стварыў дзіўнай прыгажосці праект, нам невядомы. Праўда, падказкай можа паслужыць дакументацыя іншай капліцы, падобнай да грушаўскай. У родавай сядзібе Талочкаў у Вярдомічах, што не так далёка ад Наваградчыны, у 1915 годзе была скончана будоўля. Аўтарам праекта тамтэйшай капліцы, які зацвердзілі ў 1906-м, з’яўляўся вядомы віленскі архітэктар М.Прозараў. Вельмі верагодна, хоць і не бясспрэчна, што Юзаф Рэйтэн перад сваім сконам мог замовіць праект Прозараву. Генрык Грабоўскі, якому па тэстамэнце адышла Грушаўка ды іншыя землі Рэйтэнаў, мог адшукаць гэты праект і, выкарыстоўваючы фонд, што Юзаф прымеркаваў на будоўлю капліцы, заняцца ўзвядзеннем апошняй. Але, паўтаруся, усё магло быць і інакш.

Верагодна, падрыхтоўчыя работы распачаліся ў 1924-м — 1925-м гг. Трэба было замовіць, стварыць, зацвердзіць праект, атрымаць дазвол на будоўлю. Таму сама яна пачалася, хутчэй за ўсё, не раней за 1926 год. Вядома, што з вялікай цяжкасцю Генрык Грабоўскі змог знайсці пляскатую дахоўку, а таксама прывезці з польскіх Кельцаў мармур для памятных дошак, якія меліся ўстанавіць у капліцы. У ёй, як мы памятаем, збіраліся перапахаваць рэшткі Рэйтэнаў, што ў ХІХ стагоддзі знайшлі былі спачын на парафіяльных могілках у Ляхавічах. Таму Грабоўскаму патрабавалася атрымаць дазвол на эксгумацыю, а потым яшчэ і на перавоз трун.

/i/content/pi/cult/441/9187/14-2.jpeg

Такімі выбоінамі, на жаль, зеўрае дах пабудовы.

Адкрыццё капліцы, а дакладней, урачыстасці, звязаныя з асвячэннем памятнай дошкі з выявай Тадэвуша Рэйтэна і ягонай кароткай біяграфіяй, прымеркавалі да мая 1928-га — сёмай гадавіны ратыфікацыі Рыжскай дамовы...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар