Прыцягвайце ўвагу да праектаў!

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Яшчэ больш працаваць у Сеціве стала, калі актыўна занялася ініцыятывамі на карысць спачатку стварэння Музея Чэслава Нэмэна ў яго родных Старых Васілішках, што на Шчучыншчыне, а цяпер — далейшага развіцця ўстановы.

Вера САВІНА, кінасцэнарыст, журналіст, актывіст Клуба-музея Чэслава Нэмэна ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна

/i/content/pi/cult/441/9186/13-5.jpeg

1. Нэтворкінг

Узнікла вялікая сетка кантактаў, што прывяло да стварэння супольнасці сяброў Музея Чэслава Нэмэна ў “Фэйсбуку”. Цяпер іх — больш за 130 чалавек. Пачаўся абмен думкамі, прапановамі, унікальнымі матэрыяламі як з розных сайтаў, так і з асабістых архіваў. Завязаліся цікавыя знаёмствы з людзьмі, тымі, што любяць гэтага вялікага музыканта, тымі, хто неабыякавы да лёсу яго дома і музея.

2. Сайт музея ў Старых  Васілішках

Рэсурс http://niemen-muzey.by/ таксама прыцягнуў увагу да ўстановы. Сталі прыходзіць водгукі, прапановы супрацоўніцтва, дапамогі Клубу-музею не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Радуе, што некаторыя з іх выліліся ў цалкам канкрэтныя справы.

3. Насычэнне для канцэпцыі

Калі стварала праект канцэпцыі развіцця Музея Нэмэна, знайшла шмат цікавай інфармацыі ў Інтэрнэце: пра тое, як існуюць, як жывуць ды выжываюць маленькія рэгіянальныя музеі ў нас і за мяжой. Цікавы ды карысны вопыт! Рэкамендую звярнуцца па яго і нашым музейшчыкам.

4. Перапіска

Стала вяду перапіску з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі ды інстанцыямі, ад якіх у вялікай ступені залежыць, як будзе развівацца музей і ці ўдасканаляцца формы дзейнасці. Тое, на што раней патрабаваліся б тыдні, цяпер адбываецца за некалькі секунд: і лісты, і выяўленчыя матэрыялы, і макеты прапаноў.

5. Слоўнікі

Безумоўна, часта карыстаюся замежнымі энцыклапедычнымі інтэрнэт-слоўнікамі, бо яны сапраўды вельмі эканомяць час. Хоць бывае, што інфармацыю трэба неаднаразова пераправяраць ды спраўджваць па іншых крыніцах. На шчасце, усё тое можна зрабіць у Інтэрнэце.