Праца з кожным, а не з плынню

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

У шведскім музеі галоўныя — псіхолаг і рэжысёр

Не так даўно прадстаўнікі айчыннай музейнай супольнасці гасцявалі ў шведскіх калег: гэта быў абмен вопытам і прафесійная вучоба. Быў у складзе дэлегацыі і дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Алег РЫЖКОЎ. Пра свае ўражанні ад вандроўкі ён распавёў карэспандэнту “К”.

/i/content/pi/cult/441/9185/13-1.jpeg

Музей Васа ў Стакгольме прысвечаны гісторыі адзінага ў свеце захаванага да сёння карабля пачатку XVII стагоддзя.

Канцэпцыя — блізкая

 — Жыццё не стаіць на месцы: змяняюцца патрэбы наведвальнікаў, з’яўляюцца новыя музейныя тэхналогіі — адпаведна, мусяць змяняцца падыходы да пабудовы экспазіцыі. Таму трэба ездзіць і глядзець. Запрасіў нас у Швецыю Глабальны фонд культуры.

Што да тамтэйшых музеяў, дык іх практыка канцэптуальна блізкая да нашай. Калегі, як і мы, прытрымліваюцца класічнай пабудовы экспазіцыі, а сучаснымі тэхналогіямі карыстаюцца асцярожна ды тактоўна.

Павучыцца ж у іх варта працы з наведвальнікамі: яны вельмі ўважліва ставяцца да кожнага. У Швецыі існуе градацыя наведвальнікаў музеяў па ўзросце, сацыяльным стане: дзеці, падлеткі, дарослыя, сямейныя людзі, пенсіянеры... Нават аналізуюць успрыманне адной і той жа экспазіцыі мужчынамі ды жанчынамі. Выстаўкі ж будуюцца на рэкамендацыях псіхолагаў. Нам такога не стае. Мы арыентуемся на сярэднюю плынь, не робім акцэнту на катэгорыях…

 

Педагогіка, рэстаўрацыя, абмен

— У калег цікавая форма музейнай педагогікі. Мы збіраемся ўвесці яе і ў сябе. Магчымасць скарыстання досведу ўжо абмяркоўвалі з Нацыянальным мастацкім музеем.

У нашым разуменні музейная педагогіка — праца са школьнікамі. Прычым школьнікі — нібыта наменклатурная адзінка, якая дазваляе зрабіць план. У Швецыі ж — па-іншаму. Там музейны педагог арыентаваны на розныя катэгорыі людзей. З кожнай катэгорыяй ён працуе па-рознаму, да кожнай шукае падыход. Можна нават сказаць, што экскурсаводы ў шведскіх музеях працуюць як аніматары. А калі яны бачаць, што іх перастаюць слухаць, што аповед экскурсавода не прыцягвае ўвагі, дык адразу ж імкнуцца пераключыцца на нешта, што будзе наведвальнікам цікава. Такога досведу ў нас вобмаль.

Па-другое, у іх багаты досвед рэстаўрацыі фондавых калекцый. Мяркую, мы дасягнем дамоўленасці ў тым, каб з дапамогай іхніх спецыялістаў ладзіць семінары, майстар-класы для нашых рэстаўратараў. Хацелася б, і каб профі прыязджалі да нас ды працавалі з нашымі экспанатамі.

А трэці момант — абмен выстаўкамі. Пра гэта вядзём перамовы з Нацыянальным гістарычным музеем Швецыі. Калі ў нас гасцілі шведскія калегі, ад іх можна было пачуць: “Мы пра вас нічога не ведаем…” А гэта людзі, якія маюць дачыненне да культуры, да гістарычнай навукі! А мы ж — фактычна суседзі па глабальных мерках: паміж Мінскам і Стакгольмам — гадзіна самалётам.

Думаю, што шведам варта паказаць не нейкія фрагменты культуры або асобныя падзеі нашай гісторыі, але даць агульнае ўяўленне пра Беларусь, пра глыбіню нашых гісторыка-культурных каранёў, распавесці, хто ж такі беларус і адкуль ён. Шведаў, дарэчы, вельмі зацікавіла беларуская археалогія і этнаграфія.

Беларускі музейны праект для Швецыі, на маю думку, мусіць прадстаўляць увесь гістарычны шлях нашага народа — ад старажытнасці да нашых дзён. А кожны з айчынных музеяў, які спрычыніцца да гэтага праекта, будзе працаваць над сваім сегментам. Але найперш музейшчыкам трэба знайсці стрыжань, які потым абрастаў бы канкрэтыкай…

 

Пра турызм

— Яшчэ хачу дадаць, што шведскі досвед можа быць карысным для Міністэрства спорту і турызму. У Швецыі на кожным кроку — бясплатныя раздачы карт: па музеях, па шопінгу, па відовішчах, па начным жыцці горада — на любы густ і кішэню. Дзякуючы гэтаму ўжо праз дзень лёгка арыентуешся ў горадзе.

Што яшчэ згадаць? У Швецыі — вялікая колькасць мемарыяльных музеяў. Прычым такім чынам ушаноўваюць памяць не нейкіх вялікіх асоб, а рупліўцаў дзеля грамадскай карысці. Вось пайшоў з жыцця чалавек, які нешта вартае зрабіў, — і тут жа ў ягонай кватэры ствараецца мемарыяльны музейчык. Экспазіцыя ў іх сфарміравана так, што няма патрэбы ў тлумачэннях. Камфортна чаргуюцца зоны сузірання, рэлаксацыі, інтэрактыву. Карэктна скарыстоўваюцца лічбавыя тэхналогіі.

Большая частка экспазіцый у шведскіх музеях не агароджана ні шклом, ні бар’ерам: лічыцца, што такім чынам дасягаецца большы эмацыйны кантакт паміж музейным прадметам і гледачом. Стварэнне экспазіцыі пачынаецца з рэжысуры. У нас у структуры музея таксама прапісана такая функцыянальная адзінка, але яе роля — значна меншая. У нас экспазіцыю стварае мастак, а рэжысёр прыходзіць потым. Практыка шведаў падаецца мэтазгоднай…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"