Бібліятэка на тураб’екце мае сэнс

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

У Гродзенскім раёне маецца ўнікальны помнік гідратэхнічнага будаўніцтва ХІХ стагоддзя — знакаміты Аўгустоўскі канал. Адна з найстарэйшых бібліятэк раёна — Сапоцкінская гарпасялковая — пашырае сярод падлеткаў веды пра гэты аб’ект.

У чытальнай зале аформлена разгорнутая краязнаўчая кніжная выстаўка “Край мой Прынёманскі! Край дарагі!” з цэнтральным раздзелам “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”. У бібліятэцы налічваецца 72 асобнікі выданняў з цікавай і пазнаваўчай інфармацыяй пра мясціны. Вядзецца і тэматычная картатэка, куды ўвайшло больш за 300 артыкулаў з перыёдыкі. У чытальнай зале ладзяцца Дні польскай і літоўскай літаратуры, на якіх афармляюцца прагляды выданняў.

/i/content/pi/cult/441/9184/11-1.jpeg

Пад час кніжнай выстаўкі ў зале бібліятэкі.

Бібліятэкары распрацоўваюць для дзяцей і падлеткаў тэматычныя віктарыны, конкурсы, гутаркі. Навучэнцам дапамагаюць у праектнай дзейнасці, таму юныя чытачы з ахвотай карыстаюцца інфармацыяй для напісання школьных заданняў з тэматычных папак: “Аўгустоўскі канал: панарама падзей”, “Зямля Сапоцкінская”, “Аўгустоўскі канал у гады вайны”.

Установа з дапамогай аддзела маркетынгу РЦБ рыхтуе і выдае краязнаўчыя буклеты. Маюць поспех у нашых гасцей і календары з відамі слыннага аб’екта, падрыхтаваныя ды выдадзеныя раённай бібліятэкай.

Традыцыйным у дзейнасці Сапоцкінскай ГПБ стала праца супрацоўніка на Аўгустоўскім канале. Улетку на пляцоўках апошняга афармляецца кніжная выстаўка. Госці цікавяцца інфармацыяй, набываюць нашы выданні. Такім чынам бібліятэка выконвае план платных паслуг.

Таксама ў бібліятэцы арганізаваны мультымедыйны цэнтр, дзе юныя чытачы могуць паглядзець фільм пра канал, азнаёміцца з інфармацыяй на электронных носбітах. Варта распавесці і пра тэматычныя чытанні, якія праходзяць штомесячна для вучняў аднаго з класаў Сапоцкінскай СШ і суправаджаюцца медыяпрэзентацыямі. Атрымліваюцца цікавыя падарожжы па гісторыі, экалогіі, сучаснасці аб’екта.

Пры ГПБ летась быў арганізаваны дзіцячы клуб “Пачытаем — пагуляем”. У праграмы яго пасяджэнняў уключаюцца мерапрыемствы, прысвечаныя Аўгустоўскаму каналу. Юным чытачам вельмі падабаюцца пасяджэнні, у праграмы якіх уключаны “Кулінарныя гульні”, дзе бібліятэкары навучаюць гатаваць мясцовыя прысмакі, распавядаюць пра гісторыю кухні рэгіёна.

Дарэчы, пра сваю працу бібліятэкары апавялі на раённым семінары “Выкарыстанне патэнцыялу Аўгустоўскага канала для экалагічнага выхавання і адукацыі моладзі”. Установа прымае ўдзел у Міжнародным свяце “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”. А два разы на год на канале праводзіцца свята “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”.

Святлана РОБАК, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Гродзенскай раённай цэнтральнай бібліятэкі