Майстар-клас на “...Запустах”

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

У чарговы раз у Бельску, што ў Падляшскім ваяводстве Польшчы, прайшлі “Спасаўскія запусты”, арганізаваныя мясцовым аддзелам Беларускага грамадскага культурнага таварыства і Бельскім домам культуры. Удзел у свяце ўзяў фальклорны гурт з вёскі Балота Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.

“Спасаўскія запусты” — традыцыйны фестываль, прысвечаны летняй абраднасці. Таму і пачалося свята інсцэніроўкай жніўнага абраду, у якім удзельнічаў польскі калектыў “Падляшанкі” з Гродзіска (гміна Нараў) і дзіцячы тэатральны калектыў “Антракт” з Бельскага дома культуры. Жанчыны звязвалі ахапак недакошанага ў час жніва збожжа, якое потым упрыгожвалі кветкамі, а на зямлі, паміж каласкамі, клалі кавалачак хлеба для жывёлы. Абраду спадарожнічалі народныя песні: жніўныя, любоўныя, аб роднай зямлі...

/i/content/pi/cult/441/9183/11-2.jpeg

Танцавальны майстар-клас ад бабуль Кобрынскага раёна.

А пасля ў мясцовым амфітэатры праходзіў вялікі канцэрт беларускіх калектываў Падляшша, такіх як “Васілёчкі”, “Куранты” і “Маланка” з Бельска, “Зараніца” з Крынак, “Шалуха” з Аўгустова, “Дэкада Бэнд” з Беластока ды іншых.

Выступалі, зразумела, і прадстаўнікі Беларусі, якія сталіся, без перабольшання, сапраўднай фішкай “Спасаўскіх запустаў”. Бабулі з Кобрынскага раёна выкананалі перад тысячамі гледачоў, што сабраліся каля летняга амфітэатра ў Бельску, шмат традыцыйных песень з Беларускага Палесся, а пасля нават паказалі майстар-клас з традыцыйных палескіх танцаў — кракавяка і падэспаня. Радасці гледачоў не было межаў: праз некалькі хвілін пасля пачатку “заняткаў” перад сцэнай танцавалі дзясяткі пар, сярод якіх было шмат і моладзі, і людзей сталага пакалення, што з задавальненнем выконвалі ўсе неабходныя танцавальныя “па”.

Па словах начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і маладзёжнай палітыкі Кобрынскага райвыканкама Надзеі Жук, падобныя выезды за мяжу для калектываў з Беларусі вельмі важныя. “Нашы бабулі прыязджаюць з падобных фестываляў узрушаныя і, як быццам, памаладзелыя, бо яны бачаць, што за мяжой іх цёпла прымаюць, цэняць іхнюю творчасць так сама, як і ў Беларусі. І гэта дае ім новыя сілы для ўдзелу ў новых сустрэчах ды фестывалях”, — адзначыла яна.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота аўтара