“Мінусоўка”! І навошта “варушыцца”?

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Творчасць аматараў: феномен Новай Мышы ці кліку мышкай?

З творчасцю Алега ВЕНГЕРА нашы чытачы ўжо знаёмы: у № 31 “К” друкавала яго фартэпіянныя творы для пачаткоўцаў, у тым ліку — для юных джазменаў. Старшыня Савета Асацыяцыі кампазітараў Брэсцкай вобласці, член Саюза кампазітараў Украіны (Крымская вобласць), кіраўнік народнай эстраднай студыі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, выкладчык Дзіцячай школы мастацтваў № 1 Пінска, член журы многіх конкурсаў, фестываляў і адборачных камісій, Алег Іосіфавіч падзяліўся думкамі пра стан цяперашніх аматарскіх музычных калектываў і пра многае іншае, што “набалела”.

/i/content/pi/cult/441/9182/12-1.jpeg

— Узровень музычнага аматарства ў нас расце, прычым можна заўважыць пэўныя тэндэнцыі. У лідары пачынаюць выбівацца маленькія гарады, мястэчкі, нават вёскі — тая ж Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Бывае, у якім-небудзь сельскім Доме культуры можна знайсці апантаных кіраўнікоў, што трымаюць свой калектыў у форме, вядуць падрыхтоўку, нягледзячы на не самыя, здараецца, спрыяльныя ўмовы. Можа, спрацоўвае яшчэ і тое, што ў сваім населеным пункце такія калектывы становяцца культурным “цэнтрам прыцягнення” — і адораных людзей, і самой грамадскай увагі? У такіх умовах папросту не пражывеш на адным і тым жа рэпертуары, які штогод паўтараецца, а ўзровень — патроху дэградуе. А вось у буйных гарадах бывае акурат наадварот. Я, вядома, не абагульняю — ні ў якім разе!

Але такая тэндэнцыя, на жаль, намецілася: пачынаюць варушыцца толькі тады, калі прыходзіць чарговая папера, што называецца, “зверху”. Вы ж ведаеце, што раз на тры гады аматарскія калектывы, якія носяць званне “народны”, павінны яго пацвердзіць. А для гэтага яны мусяць прадставіць камісіі, што выязджае да іх, новую праграму. Вось тады і пачынаецца праца! А што ж вы рабілі раней? Жылі “напрацаванай славай”?

— Пэўна, аматарскія калектывы маюць патрэбу ў падтрымцы? Творчай, метадычнай, матэрыяльнай...

— Думаеце, яе няма? Так, і тут патрабуецца ўдасканаленне, але шмат залежыць ад кіраўнікоў, ад іхняга жадання ўвесь час ісці далей — ці спачываць на лаўрах. Матэрыяльная база апошнім часам палепшылася. Сёння ўжо ўсе маюць больш-менш прыстойную гукаапаратуру, тэхнічнае абсталяванне. А вось умення карыстацца ім напоўніцу пакуль бракуе. Можна, вядома, радавацца, што тыя ж фанаграмы-“мінусоўкі”, асабліва ў эстрадных песнях, сталі лепшымі па сваіх тэхнічных характарыстыках. Але за кошт чаго? Часцей за ўсё гэта — не новыя аранжыроўкі, зробленыя кіраўніком эстраднай студыі, як было раней, а проста спампаваныя з Інтэрнэту гатовыя. На некаторых адборачных праслухоўваннях можна пачуць адную і тую ж патрыятычную песню ледзь не дваццаць разоў, і ўсё — з адной аранжыроўкай, толькі спевакі змяняюцца. А ў ідэале, кожнаму салісту патрэбен індывідуальны падыход, і раней загатаваная “мінусоўка” — гэта караоке, а не ўзровень таго ж нацыянальнага конкурсу.

— Наколькі я разумею, няма таго ж матэрыяльнага стымулу: ці са старой аранжыроўкай, ці з новай — на прыбытку гэта ніяк не адаб’ецца. Нават наадварот! Асабліва калі хтосьці захоча замовіць такую апрацоўку спецыялістам ці хаця б выкарыстаць які-небудзь “жывы” інструмент, а не адно электроніку.

— Дык вы і самі ўсе прычыны азначылі — так і ёсць! Умення “ладзіць” з тэхнікай, а не проста спажываць гатовыя камп’ютарныя нарыхтоўкі — нуль. Стымулаў — ніякіх. Прычым не толькі матэрыяльных. У тыя ж савецкія часы хаця б граматы выдавалі, неяк ушаноўвалі. Сёння ж выступіў, паўдзельнічаў — і добра. А якасць быццам бы не ў лік. Раней практычна пасля кожнага мерапрыемства быў “разбор палётаў”: хтосьці атрымліваў крытыку — і мусіў выпраўляцца, хтосьці — ухвалу. Сёння ж ацэначны фактар амаль што знік — ну хіба тэлебачанне нейкія праекты ладзіць, тыя ж “Спеўныя гарады”. Але на такіх абмеркаваннях “на ўсю краіну”, калі сказанае трапляе на тэлеэкран, кожны з членаў журы, зразумела, будзе шукаць, за што падтрымаць, адзначыць удзельніка. Шчырая ж размова спецыялістаў з кіраўнікамі здараецца не часта…

Дарэчы, а ці гатовы яны самі бываюць да крытыкі і канкрэтных парад? Сама неаднойчы трапляла ў сітуацыю, калі падыходзіш пасля выступлення, спрабуеш штосьці падказаць — і натыкаешся на элементарнае непаразуменне: маўляў, мы ж такія “крутыя”! Шматлікія інструментальныя калектывы, якія існуюць сёння ў кожнай школе мастацтваў і складаюцца з яе выкладчыкаў, вымушаны рабіць аркестроўкі — з разлікам на свой нетрадыцыйны склад. Самая распаўсюджаная памылка — усе граюць разам і ва ўнісон, з-за чаго большасць інструментаў “губляецца”. Чаму б не пашукаць ансамблевыя спалучэнні, цікавыя сваёй “празрыстасцю”, нешараговасцю, — і на кульмінацыі з’яднаць усіх?

— Зірнём на гэта больш шырока: можа, чагосьці бракуе ў самой сістэме адукацыі?

— З ВНУ прыходзяць ці салісты, ці менеджары. І хаця ў дыпломе некаторых пазначана “Кіраўнік аматарскага калектыву”, сапраўдныя прафесійныя якасці гэтай спецыяльнасці напрацоўваюцца толькі практыкай. Бо патрэбна ўмець — усё. І пачынаць трэба з маленства. У тых жа музычных школах абавязкова трэба вучыць імправізацыі і сачыненню, знаёміць з джазавымі, блюзавымі гармоніямі, выхоўваць уменне граць без нот, па слыху. Іншымі словамі — музіцыраваць, у самым шырокім сэнсе. Вядома, для гэтага неабходна развіццё тэхнікі, тыя ж гамы, сальфеджыа — без класічных асноў ну ніяк не абыдзешся! Але ў нас тэорыя і практыка часта разведзены ў розныя бакі і амаль не сутыкаюцца. На маю думку, дзіця можа не ведаць мудрагелістыя назвы акордаў (даведаецца пазней), але павінна ўмець імі карыстацца. Што ж да музыкантаў старэйшага пакалення, дык першаснай з’яўляецца ўласная ініцыятыва, прага новых ведаў. Я неаднойчы выступаў і з такой прапановай: замацаваць за кожным рэгіёнам таленавітых музыкантаў, якія раз на месяц будуць слухаць тамтэйшыя кадры, сачыць за іх развіццём. Але весці такую працу на грамадскіх пачатках — немагчыма.

— Вы ўзначальваеце Асацыяцыю кампазітараў Брэстчыны. Ці могуць музыканты-аматары разлічваць на яе дапамогу?

— Асацыяцыя ўзнікла два гады таму, у яе ўваходзіць прыблізна дваццаць чалавек. І стваралася яна менавіта з мэтай з’яднаць і накіроўваць у патрэбны бок кіраўнікоў аматарскіх калектываў, папулярызаваць творы мясцовых аўтараў. За гэты час выйшлі два зборнікі — песенны і інструментальны. Асабліва прыемна, што іх выданне было запланавана аблвыканкамам, які і ўзяў на сябе ўсе выдаткі. Так што мы вельмі ўдзячны за падтрымку. Ад нас патрабавалася творчае “начынне”. У першым зборніку — “Чэрвеньская ноч” — былі змешчаны эстрадныя песні, пададзеныя ў выглядзе мелодыі са словамі і пазначанай гарманізацыяй. Другі — "Музычны падарунак"— з’яднаў дванаццаць твораў для розных інструментаў ды ансамбляў, там былі прадстаўлены і такія распаўсюджаныя ў аматарскім выканальніцтве інструменты, як гітара, баян. Усё разлічана на сярэднюю ступень складанасці, каб гэта было, з аднаго боку, пад сілу музыкантам-аматарам, з іншага ж, каб пашырала іх рэпертуар і ставіла перад імі новыя задачы. Мы збіралі не тыя творы, што пісаліся “ў стол”, а тыя, што будуць рэальна выконвацца. Да таго ж, усе прапанаваныя да выдання творы ўжо былі апрабаваны ў практыцы і атрымалі прыхільнасць музыкантаў ды слухачоў. Сябры нашай Асацыяцыі жывуць па ўсёй вобласці, таму сумесныя сустрэчы праводзяцца прыблізна два разы на год. Але кожная такая нарада мае плён, садзейнічае абмену вопытам. На пачатак восені, да прыкладу, мы запланавалі запрасіць спецыяліста па ахове аўтарскіх правоў, каб той аказаў нам юрыдычную кансультацыю. Пытанняў падобнага роду назбіралася шмат…

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"