Дык хто там прыехаў?

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Напрыканцы сезона Новы драматычны тэатр здаў мастацкаму савету гогалеўскага “Рэвізора” — спектакль Аляксандра Гарцуева пад назвай “Да нас прыехаў...”. Сярод тых, хто ўбачыў генеральны прагон, аказаліся акцёр і рэжысёр Мінскага абласнога драмтэатра Алег Чэчанеў і рэдактар аддзела “К” Надзея Бунцэвіч. Таму рыхтавацца да прэм’еры, якой увосень адкрыецца новы сезон, вы можаце ўжо зараз, атрымаўшы адразу дзве рэцэнзіі.

Хлестакоў — як праект Осіпа

Будучая прэм’ера Новага драматычнага тэатра — спектакль “Да нас прыехаў...” паводле п’есы М.Гогаля “Рэвізор” — нагадала мне своеасаблівы Клуб вясёлых і знаходлівых. Вясёлыя — трупа тэатра. Знаходлівыя — пастановачная група на чале з запрошаным рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым.

/i/content/pi/cult/441/9178/8-1.jpeg

“Раман” Гарцуева з гэтым тэатрам пачаўся даўно. Менавіта тут гартавалася, калі можна так сказаць, яго рэжысёрская сталь. Асабіста для сябе з тых ягоных пастановак вылучаю дзве: “Шалёныя грошы” А.Астроўскага і “Тры Жызэлі” А.Курэйчыка. На апошні спектакль была сабрана каманда з артыстаў трох тэатраў, таму ішоў ён рэдка, але карыстаўся попытам. У памяці засталася маўклівая выканаўца ролі старэйшай Жызэлі Любоў Румянцава, ейны твар — прыцягальны, вытанчаны і незвычайна прыгожы, які свяціўся знутры, яе мудры погляд, скіраваны ў мінулае сваёй гераіні. Пэўна, на дадзены момант трупа Новага драматычнага знаходзіцца на піку формы і здольная ўвасобіць любую рэжысёрскую фантазію, бо іх зноў пацягнула адно да аднаго.

Рэжысёр абраў метад, ужо апрабаваны ім на “Раскіданым гняздзе” ў родным для яго цяпер Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Ён адным махам перанёс час дзеяння п’есы Гогаля ў нашы дні, пакінуўшы, праўда, некранутым месца — нейкая расійская глыбінка. Гараднічы — мэр, які прамантачыў дзяржаўныя грошы. Яго атачэнне — мафія, што кантралюе ўвесь горад. Дзяржыморда — маёр паліцыі, начальнік аддзела ўнутраных спраў, чалавек з адной звілінай у галаве, здольны хіба выконваць загады. Ці аддаваць іх. Жонка мэра Ганна Андрэеўна — вельмі “апетытная”, сакавітая дама, якая раз-пораз змяняе ўбранні і не супраць пацешыць сябе маладым каханкам. Іх дачка Мар’я Антонаўна — гэткае, як стала модна казаць, “гламурнае кісо”, рафінаваная, манерная істота, сэнс жыцця якой — шопінг, салон прыгажосці, начны клуб. Хлестакоў — нервовы, рэфлексуючы метрасексуал і заўзяты тусоўшчык.

Осіп — ці то байкер, ці то гопнік, “рэальны пацан” вулічнага выхавання з адпаведнымі звычкамі і паводзінамі. Аляксей Верашчака пераканаўча малюе яго гаспадаром, менеджарам Хлестакова, апошні ж — бы нейкі ягоны “праект”, якім ён кіруе, арганізоўвае яму “туры” і пажынае фінансавы плён. У арыгінале на гэта няма і намёку. Дык хто такі Осіп, які звозіць Хлестакова на матацыкле “ад граху падалей”, прадухіліўшы магчымы правал? Няяснай, размытай застаецца трактоўка Бобчынскага і Добчынскага. Але ўсе акцёры з відавочным задавальненнем “купаюцца” ў сваіх ролях, парадыруючы персанажаў, часам на мяжы з карыкатурай.

Мастак Яўген Волкаў абышоўся мінімальнымі выразнымі сродкамі, каб акрэсліць месца дзеяння той або іншай сцэны з дапамогай прадметаў і мэблі, якія акцёры самі выносяць на сцэну. Пачынаецца дзея на рыбалцы, дзе мэр адпачывае з падначаленымі. У надзіманы дзіцячы басейн наліваецца вада, засыпаюцца пластмасавыя рыбкі, якія потым угодліва чапляюцца на кручкі, імітуючы клёў. Карцінкі змяняюцца, бы кадры ў кліпе. Два металічныя “панцырныя” ложкі са старымі, нічым не накрытымі матрацамі і коўдрамі — завэдзганы гатэльны нумар, дзе спыніўся Хлестакоў. Невялічкі подыум з шастом, дзе выгінаецца танцоўшчыца-стрыптызёрша, — начны клуб, куды прыводзяць Хлестакова замест “богаўгодных устаноў”. Два каўпакі для сушкі валасоў — салон прыгажосці, дзе бавяць час маці і дачка. Пунсовая канапа ў форме вуснаў (вытанчаная цытата дызайнерскай знаходкі Сальвадора Далі) — гасцёўня гараднічага.

Асучасніць Гогаля цалкам не атрымалася. Час напісання п’есы і сам яе аўтар бачныя ў слоўных абаротах ды, асабліва, фінальным маналогу Гараднічага, бліскуча сыграным Валерыем Агаянам. Гэта не рэжа слых, але непазбежна адсылае нас да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Таму спектакль катэгарычна супрацьпаказаны аматарам класічных інтэрпрэтацый твора. Ну а астатнім застаецца хіба дачакацца пачатку сезона! Шчыра ваш — Трапічкін. Прабачце, зайграўся, запрацаваўся —

Алег ЧЭЧАНЕЎ, артыст і рэжысёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра

Маладзечна


Рэвізуем класіку!

Новым прачытаннем класікі, што пачынаецца з пераносу часу дзеі ў сучаснасць ці максімальна блізкі да яе перыяд, ужо нікога не здзівіць. Дык чым жа прыцягальная гэтая новая “рэвізія” — па-гарцуеўску? І з чым у ёй цяжка, можа, пагадзіцца? Што ж, паспрабуем “рэвізаваць” тое, што атрымалася. Хаця не выключана, што за час адпачынку пастаноўка яшчэ глыбей асэнсуецца трупай — і мы ўбачым “нанова новы” спектакль.

Каб хоць неяк унікнуць магчымых нападак за “псаванне” шэдэўра, рэжысёр азначае пастаноўку як камедыю “па матывах п’есы”. Але змена назвы, на мой погляд, дыктуецца іншым. Словы “Да нас прыехаў...” адсылаюць не толькі да вядомага цыганскага раманса (яго фрагмент артысты спяваюць жыўцом), але і да мяжы 1980-х — 1990-х, калі перабудова пачала выводзіць на авансцэну жыцця (а разам з ім — і мастацтва, надзвычай чуйнага да змен “герояў нашага часу”) новых уладароў. На старонках “Литературной газеты”, што заставалася рупарам тагачаснай інтэлігенцыі ўсяго былога Саюза, узнік нават цыкл публікацый пад рубрыкай “Глядзіце, хто да нас прыйшоў!”. І ў тым жа “Вішнёвым садзе” ўжо не Аня са студэнтам Пятром Трафімавым станавіліся “нашай светлай будучыняй”, а прадпрымальны Лапахін, зганьбаваны ў савецкіх падручніках, — адзіны з герояў гэтай чэхаўскай п’есы, хто не дэмагогстваваў, а дзейнічаў.

Цяперашні спектакль — менавіта пра той час злому старой дзяржаўнай машыны і нараджэння новых кіроўцаў на бязмежных расійскіх прасторах з іх жудаснай прорвай паміж сталіцай і глыбінкай, калі на змену “партыйнай мафіі” прыходзіць крымінальная, куды больш жорсткая, якая не любіць “свяціцца” ды дзейнічае праз падстаўныя фігуры. Таму такімі неадназначнымі і пададзены персанажы гогалеўскага “Рэвізора”, што кожны разглядаецца быццам з двух бакоў — ранейшага і цяперашняга часавых вымярэнняў. Раней — значыць, у 1980-я, самыя дэмакратычныя за ўвесь савецкі час (мэр горада, яго сям’я ў нармальных зносінах з гэткім пастарэлым прадстаўніком маладзёжнай субкультуры), у “ліхія дзевяностыя”, шлейф праблем з якіх цягнецца і ў сённяшнія расійскія рэаліі. Адсюль і трансфармацыя характараў герояў. Увогуле, мала ў якіх пастаноўках “Рэвізора” (асабіста я такіх не бачыла) персанажы так дэталёва індывідуалізаваны, як у Аляксандра Гарцуева. Бо звычайна не толькі Добчынскі з Бобчынскім малююцца гэткімі “блізнюкамі” (бывае, ледзь не сіямскімі), але і астатняе атачэнне Гараднічага — літаральна на адзін твар, часам нават у аднолькавых сцэнічных строях.

А тут — якая разнастайнасць! Моцным бокам Гарцуева-рэжысёра заўсёды было ўменне надзвычай дакладна зразумець і выявіць праз акцёраў усё тонкасці ўнутраных памкненняў герояў, псіхалагічную матывацыю іхніх учынкаў. Многіх артыстаў — не пазнаць, для кожнага з іх гэты спектакль — крок наперад: дзе праз перайманне, а дзе і праз уласныя пошукі ды знаходкі. Таму персанажы новай пастаноўкі паўстаюць не адно абагульненымі сімваламі (а значыць — маскамі, уласцівымі фарсу), а яшчэ і жывымі людзьмі, са сваёй адметнай манерай гаварыць і рухацца (пластыка, як і музычнае афармленне, таксама належаць Аляксандру Гарцуеву). Гэта нараджае ў гледачоў адпаведную рэакцыю ў адказ — тое эмацыйнае багацце, дзе абавязкова знойдзецца месца і спачуванню, бо амаль кожны з герояў трапляе ў няпростае для сябе становішча. Але ж якімі пазнавальнымі атрымліваюцца “тыпажы”! Прычым падвойныя, бо ў кожным “чытаецца” сацыяльны тып — і псіхалагічны. Часта яны не супадаюць, што і надае старому сюжэту новыя акцэнты.

Скарачаючы літаратурны тэкст, рэжысёр робіць купюры ў абсалютна нечаканых момантах — напрыклад, у знакамітым маналогу Хлестакова (Павел Чарноў). У тым жа Бобчынскім (Аляксандр Гусеў), адмаўляючы скорагаворку і надзвычай уважліва інтэрпрэтуючы асобныя фразы, выводзіць на першы план ягонае жаданне “ўвайсці ў гісторыю”: маўляў, раскажыце там, у Пецярбургу, што жыве такі Пётр Іванавіч (чым не тэма “маленькага чалавека”, што праходзіць праз усю рускую класіку?). І, замест падзелу персанажаў на “галоўных” ды “другасных”, раптам цэнтральнымі становяцца ўсе, толькі кожны — у свой момант. І гэтак жа ў кожнай ролі з’яўляюцца не толькі жартоўныя, але і папраўдзе трагічныя ноткі. А ў самім спектаклі мудрагеліста сплятаюцца жанравыя пазнакі побытавай камедыі, фэнтазі, трылера, байкі, дзе людзі заменены жывёламі, дэтэктыва з нечаканай развязкай (Осіп зусім не адразу выходзіць на першы план, увасабляючы ценявыя структуры), драмы, дзе на нашых вачах руйнуюцца былыя ідэалы асобных герояў…

Вядома, у спектаклі можна, пры жаданні, знайсці і “слабыя месцы”, і некаторыя акцёрскія “недацягванні”. Але тое, што пастаноўка была ажыццёўлена не проста ў тэрмін, а яшчэ і з апярэджаннем графіка, сведчыць пра даўно складзеную, добра прадуманую рэжысёрскую канцэпцыю — і шчырае жаданне трупы ўвасобіць яе як мага лепш. Спектакль, і гэта галоўнае, вымушае гледачоў не толькі смяяцца, не толькі здзіўляцца даўно вядомаму, але і над чымсьці задумвацца, штосьці пераасэнсоўваць — думаць, прычым у самым шырокім сэнсе гэтага слова. І ў самым доўгатэрміновым, калі мысліцельны працэс працягваецца і пасля спектакля, не маючы ніякіх часавых абмежаванняў. Сапраўды, ці ж можна адразу, з наскоку, спасцігнуць не знешне палітычныя, а куды больш глыбокія філасофска-псіхалагічныя перадумовы ды наступствы любога грамадскага пералому, усю размаітасць гістарычных паралелей і асацыяцый, што ўзнікаюць пры гэтым?..

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр