Мана і праўда пра Манюшку

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Верная “зачэпка” музычнага дэтэктыва

Творчасць і само імя Станіслава Манюшкі згадваецца ў Беларусі, дзе ён нарадзіўся ды працаваў да ад’езду ў Варшаву, усё часцей. Адрадзіўся конкурс вакалістаў “Убельская ластаўка”, прысвечаны яго музыцы. Сталічны тэатр “Галерэя” пры Палацы культуры прафсаюзаў паставіў яго аднаактовую лірыка-камічную оперу “Слова гонару”. У Інтэрнэце ідзе збор подпісаў на адкрыццё кампазітару помніка (далучайцеся да гэтай акцыі!). З’явілася ў нас і сур’ёзная даследчыца творчасці Манюшкі — кандыдат мастацтвазнаўства Святлена НЕМАГАЙ.

/i/content/pi/cult/441/9176/6-1.jpeg

Выхаванка, а цяпер малодшая калега доктара навук, прафесара Вольгі Дадзіёмавай, яна вядомая як аўтар грунтоўнай манаграфіі пра Міхала Клеафаса Агінскага і, шырэй, як галоўны спецыяліст у краіне (і ва ўсім свеце) па музыцы Беларусі ХІХ стагоддзя. У 2009 годзе яна правяла некалькі месяцаў у польскіх і літоўскіх бібліятэках, зрабіўшы копіі ўсяго, што мела дачыненне да нашай культуры. І зараз, знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку (сыну Багуславу — два, дачцы Агатцы ўзімку будзе чатыры гады), паралельна займаецца даследаваннем. Вынік — разбурэнне многіх стэрэатыпаў і памылак, звязаных з творчасцю Манюшкі. Кнігу пра яго яна плануе выдаць да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара, якое будзе ў 2019-м. А налета запланаваны шэраг яе артыкулаў, у тым ліку да прэм’еры оперы “Галька” ў нашым Вялікім тэатры. Першымі ж пра многія навуковыя знаходкі даведаюцца чытачы “К”.

/i/content/pi/cult/441/9176/6-2.jpeg

— Адзін са стэрэатыпаў — успрыняцце Манюшкі як адно польскага кампазітара — ужо зняты. Дый стаўленне да яго ранняга “беларускага” перыяду (дакладней, віленска-мінскага) стала больш паважлівым…

— Насамрэч, даследаванне гэтага перыяду дазваляе ўвогуле пераставіць акцэнты ва ўсёй творчасці кампазітара. Лічыцца, што ягоная музыка — пераважна лірыка-драматычнага кірунку. Але гэта справядліва толькі ў дачыненні да польскага перыяду. Калі ж аглядаць усю музычна-тэатральную спадчыну Манюшкі, дык аказваецца, што лірыка-камічных твораў было значна больш. І гэта не выпадкова! Высокія жанры ў Расійскай імперыі культываваў царскі двор. А на нашых тэрыторыях у той час склалася адметная сітуацыя, калі свецкае мастацтва выступала ў якасці гэткага “забаўляльнага канала”. Шматлікія антрэпрызныя трупы былі змяшанымі — оперна-драматычнымі. Таму запатрабаванымі былі адпаведныя творы — з музыкай, спевамі, танцамі і размоўнымі дыялогамі.

Пачаўшы іх даследаваць, я адчула сябе ледзь не дэтэктывам. Возьмем, да прыкладу, вадэвіль “Канторшчыкі”. Польскі дырыжор і кампазітар Густаў Рагускі яшчэ ў 1910 годзе назваў гэты твор першым у тэатральнай творчасці Манюшкі, а таму даволі кепскім і слабым. І ўвогуле, маўляў, гэта не цэлая партытура, а толькі яе фрагмент. Сапраўды, усяго дванаццаць старонак — здавалася б, малавата. Але ў гэты аб’ём укладзены шэсць вакальных нумароў: песні дзеючых асоб, дуэт і фінальны нумар, дзе героі спяваюць па куплеце. Гэта і ёсць увесь твор цалкам. І ніякі ён не слабы! І, да ўсяго, зусім не першы!

— Чаму ж ранейшыя даследчыкі памыляліся? Пэўна, была для таго падстава?

— Яны зыходзілі з таго, што на партытуры пазначаны 1832 год. Манюшку на той час было ўсяго трынаццаць: маўляў, ці ж мог быць у такім узросце сапраўдны прафесіяналізм? Звычайна ж як здараецца: хтосьці адзін штосьці напісаў — і ўсе астатнія, спасылаючыся на яго, тыражуюць гэта ў шматлікіх выданнях, у тым ліку такіх аўтарытэтных, як энцыклапедычныя. Так і тут атрымалася. Але ніхто чамусьці не звярнуў увагу на тое, што год дапісаны зусім не манюшкаўскай рукой, а кімсьці іншым! Не менш цікавая дэталь звязана з лібрэта. П’еса належыць Фрыдэрыку Скарбку — чыноўніку, які, тым не менш, займаўся і літаратарствам, а яшчэ быў хросным бацькам Шапэна. П’еса з 1829 года ставілася ў Варшаве і Кракаве, але надрукавана была толькі ў 1834-м. Дык як і праз каго мог 13-гадовы хлопчык атрымаць тое лібрэта, пакуль яно не было выдадзена? Гэта нерэальна.

— Можна, канешне ж, пажартаваць, што хіба праз Інтэрнэт, калі там хтосьці выклаў гэтую п’есу. А вы не высвятлялі, дарэчы, з чыёй музыкай ішоў той спектакль?

— Невядома. Я знайшла партытуру, але яна без імені аўтара. І гэта, зразумела, зусім іншыя ноты, не манюшкаўскія. У іх цалкам вытрыманы аўтарскія рэмаркі, пазначаныя ў лібрэта, што тыя або іншыя вершы “спяваюцца на матыў” якойсьці песні, папулярнай у той час. Манюшка ж выкарыстаў толькі адну прапанаваную Скарбкам тэму — “Ах, мой мілы Аўгусцін”. Уся астатняя музыка — арыгінальны матэрыял самога Манюшкі. Прычым відавочная прафесійная кампазітарская праца, бо першы ды апошні нумары звязаны паміж сабой інтанацыйна. І гэта не просты паўтор адной і той жа мелодыі, а своеасаблівыя “варыяцыі на тэму”, падуладныя прафесіяналу.

— Але ж няўжо няма ніякіх звестак пра “Канторшчыкаў” з музыкай Манюшкі ў тагачаснай прэсе, у ліставанні кампазітара?

— Пакуль не знайшла. Таму казаць пра нейкія пастаноўкі гэтага манюшкаўскага вадэвіля не даводзіцца. Што ж да лістоў, напісаных ці атрыманых кампазітарам, дык прамыя згадкі гэтай назвы там таксама не сустракаюцца. Але ж ёсць адна верная “зачэпка”! У 1843 годзе Манюшка піша цешчы, што за тры дні стварыў вадэвіль, даволі вясёлы (маўляў, “гучыць весела”), акцёры яго ўжо развучваюць і мае ён быць выкананы ў Мінску на бенефіс Яна Хэлмікоўскага. Назва не пазначана, і польскія даследчыкі вырашылі, што мелася на ўвазе “Латарэя”, напісаная таксама ў 1840-я. Але ж “Латарэя” ўяўляе з сябе вялізную партытуру, яна не магла быць створана ўсяго за тры дні. А вось “Канторшчыкі”, як кажуць у такіх выпадках, — без праблем.

— “Латарэя” ставілася некалькі гадоў таму ў Малой зале імя Рыгора Шырмы сіламі Ансамбля салістаў “Класік-Авангард”, Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі ды салістаў-энтузіястаў. І пазіцыянавалася як опера! Але ў ёй шмат размоўных дыялогаў, прычым даволі разгорнутых, і гэтым яна нагадвае нават не столькі ўласна камічную оперу, колькі — вадэвіль. А як вызначаеце жанр вы?

— З жанрамі музычна-тэатральных твораў Манюшкі — асобная загадка. На партытуры, выдадзенай у 1908 годзе, ужо пасля смерці кампазітара, “Латарэя” пазначана як “фрашка”, што перакладаецца як “драбніца, пусцяковіна”. Гэты тэрмін быў распаўсюджаны ў Польшчы напрыканцы ХІХ — на пачатку ХХ стагоддзя, але ён, падобна на тое, таксама не належыў Манюшку. Увогуле ж, усе такія творы віленска-мінскага перыяду спалучаюць у сабе, толькі ў рознай прапорцыі, рысы оперы і вадэвіля. На некаторых тагачасных афішах, дарэчы, так і пісалі: опера-вадэвіль. У залежнасці ад прапорцый, некаторыя, як тая ж “Латарэя”, аказваюцца ўсё ж бліжэйшымі да оперы, іншыя ж, як “Карманьёл”, — да вадэвіля. А ёсць яшчэ і такое азначэнне жанру — аперэтка, якое ўжываў і сам кампазітар. Заўважу, гэта ні ў якім разе не аперэта ў яе класічным разуменні! Хаця перакладаюцца абодва словы аднолькава: “маленькая опера”.

— Ды ўсё ж нейкай агульнай тэндэнцыяй з’яўляецца паварот у бок лірыка-камічных твораў, а не “высокіх трагедый”. Дарэчы, з такім жа лірыка-камічным ухілам былі і творы Уршулі Радзівіл у ХVІІІ стагоддзі, яна нават старажытнагрэчаскі міф умудралася зрабіць са шчаслівым фіналам. Такія ж п’ескі пісаў і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, з якім Манюшка сябраваў ды плённа супрацоўнічаў…

— Наконт супрацоўніцтва, здаецца, ёсць перабольшанне. Так, Манюшку, з лёгкай рукі яго першага біёграфа, знанага мінскага выдаўца Аляксандра Валіцкага, прыпісваецца музыка да чатырох твораў драматурга. Але на афішах таго ж “Рэкруцкага набору” пазначаны толькі адзін аўтар, разам з якім Манюшка пісаў музыку да знакамітай “Сялянкі”, — Канстанцін Кшыжаноўскі. Менавіта так гучыць яго прозвішча, што паходзіць ад польскага "krzyz" — "крыж". Усе іншыя версіі (па нашых падручніках — Кржыжаноўскі, на афішы ў рускай версіі — Крижановский) ідуць ад няўмення правільна вымавіць польскае слова. І гэта яшчэ адна памылка, якую трэба выпраўляць! Што ж да Дуніна-Марцінкевіча, дык лісты Манюшкі стракацяць кпінамі на яго адрас, кампазітар узгадвае пра яго анекдоты, зусім не бяскрыўдныя. Усё гэта сведчыць пра тое, што адносіны ў іх складаліся не так бязхмарна, як нам хацелася б уяўляць.

Асабіста ў мяне наконт падвойнага аўтарства ў той жа “Сялянцы” ёсць наступная гіпотэза. Манюшка папросту кінуў працу над гэтым творам, і астатнюю музыку быў вымушаны дапісаць Кшыжаноўскі. Да ўсяго, эстэтычныя пазіцыі кампазітара і пісьменніка былі рознымі. Дунін-Марцінкевіч паўсюль падкрэсліваў еднасць з народам, ён арыентаваўся на сялянскую мадэль культуры, звязаную з фальклорам. Манюшка ж — на гарадскую, шляхецкую. І ў гэтым сэнсе кампазітар — яркі прадстаўнік не столькі беларускай ці польскай, колькі ліцвінскай музычнай культуры, якая вяла адлік ад часоў Вялікага Княства Літоўскага і, бы тая Атлантыда, знікла ў ХХ стагоддзі. Заўважу, што ліцвінская — зусім не сінонім літоўскай. Ні ў якім разе! Слова “беларускі” ў той час не выкарыстоўвалася шляхтай яшчэ і таму, што яно асацыявалася з тэрміналогіяй Расійскай імперыі. А “ліцвін” — азначала далучанасць да народа і культуры былога Вялікага Княства Літоўскага.

— Гэтая тэма па аб’ёме і грунтоўнасці, наколькі я разумею, можа выліцца ў вашу доктарскую дысертацыю. Пакуль жа вы закраналі яе хіба на навуковых канферэнцыях, у адным са зборнікаў навуковых артыкулаў, дзе вылучалі адметныя рысы гэтай культуры, што дазваляюць разглядаць яе як самастойную адзінку.

— Так, а ў дачыненні да Манюшкі адзначу, што менавіта з гэтай прычыны далучанасці яго да ліцвінскай культуры ягоны віленска-мінскі перыяд не знайшоў дасюль годнага навуковага асвятлення ні ў Польшчы (з-за геаграфічнай аддаленасці), ні ў Літве (бо не ўпісваецца ў літоўскую ментальнасць), ні ў Беларусі (бо гэтыя творы не столькі “беларускія”, як мы гэта разумелі да нядаўняга часу, колькі еўрапейскія). Але ж колькі ў іх менавіта беларускіх рэалій, адлюстравання тагачаснага гарадскога ды мяшчанскага жыцця! І толькі зараз, калі мы пачалі разглядаць нашу нацыянальную культуру не толькі як сялянскую мадэль, а ўспрымаем яе ва ўсёй сукупнасці гістарычных складнікаў, з улікам не адно фальклорных, але і глыбінных прафесійных традыцый, такі падыход стаў магчымым.

Фота Юрыя ІВАНОВА

У афармленні выкарыстаны адзін з малавядомых партрэтаў Станіслава Манюшкі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"