Калі казаць пра піяр. (Не)інЕртны

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Рэдакцыя атрымала ліст ад кіраўніцтва і творчых супрацоўнікаў студыі “Летапіс” у якасці водгуку на публікацыю “Якія плюсы і мінусы ўваходжання “Белвідэацэнтра” ў структуру “Беларусьфільма”?”. Прыводзім яго разам з рэдакцыйным каментарыем.

/i/content/pi/cult/441/9175/4-2.jpeg

Яшчэ раз аб кінапрамоўшне

“Апошнім часам у публікацыях вашай газеты мы заўважылі неаб’ектыўна-павярхоўны погляд на дакументальнае кіно, што ствараецца на студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Размова не ідзе пра вызначэнне мастацкіх вартасцей фільмаў, кожны аўтар мае на гэта бясспрэчнае права, але аб відавочных фактах. Не з’яўляецца выключэннем і артыкул “Якія плюсы і мінусы ўваходжання “Белвідэацэнтра” ў структуру “Беларусьфільма”?”, дзе кінакрытык Антон Сідарэнка, увогуле не згадваючы студыю “Летапісу”, робіць нечаканую і дзіўную выснову:“…Асноўныя высілкі “Беларусьфільма” сканцэнтраваны на вытворчасці ігравых стужак”. Гэта аніяк не адпавядае рэчаіснасці: вытворчасць дакументальных фільмаў на студыі “Летапіс” — адзін з важных складнікаў усёй кінавытворчасці кінастудыі. Нагадаем, студыя “Летапіс” з’яўляецца найстарэйшым вытворцам дакументальнага кіно ў Беларусі, якое вядзе адлік з 1925 года. Пад брэндам “Летапісу” як творчага аб’яднання Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” беларуская дакументалістыка існуе з 1968 года. Дзякуючы ўдзелу ў міжнародных кінафестывалях ды шматлікім прызам кінафорумаў, у тым ліку і самых прэстыжных, беларускае дакументальнае кіно ведаюць ва ўсім кінематаграфічным свеце. Пра ніякую няроўнасць у параўнанні з мастацкім кіно размова не ідзе і ніколі не будзе ісці.

За апошнія паўтара года 26-цю прызамі і ўзнагародамі міжнародных кінафестываляў адзначаны 14 дакументальных фільмаў студыі “Летапіс”. Калі браць колькасць стужак, якія былі ўключаны ў конкурсныя праграмы кінафестываляў, то лічба будзе ўдвая большая. Напрыклад, фільм рэжысёра Кацярыны Махавай “Званар” браў удзел у 10 кінафестывалях, на шасці з іх атрымаў прызы ды ўзнагароды, у тым ліку і Гран-пры. Стужка Вольгі Дашук “Кінааматар. Восеньскі сон” удзельнічала ў 9 прэстыжных кінафорумах, на чатырох з якіх адзначана ўзнагародамі. Геаграфія кінафестываляў — самая шырокая: Беларусь, Польшча, Расія, ЗША, Германія, Грэцыя, Чарнагорыя, Эстонія, Бразілія. І такія прыклады можна доўжыць. Таму выклікае здзіўленне сваёй недасведчанасцю пасаж другога ўдзельніка таго ж матэрыялу ў газеце — кінарэжысёра Андрэя Куцілы аб тым, што кінастудыя не займаецца “прамоўшнам уласнай прадукцыі на фестывалях, у прэсе”. Згадайма апошні знакаміты фестываль у Канах, дзе ўпершыню за ўсю гісторыю кінафэсту ў “Кутку кароткага метра” былі прадстаўлены чатыры фільмы студыі “Летапіс”: “Пячнік” Алы Вольскай, “Асобы тэатр. У пошуках шчасця” Кацярыны Махавай, “Забраны край” Юрыя Цімафеева і “Аксана Волкава. A prima vista” Наталлі Жамойдзік. Фільмы гэтыя выклікалі вялікую цікавасць прафесіяналаў.

Актыўна працуе кінастудыя “Беларусьфільм” з дакументальнымі фільмамі і дома, у Беларусі. Акрамя клуба дакументальнага кіно, які штомесяц праводзіцца ў кінатэатры “Цэнтральны” і дзе адбываюцца прэм’еры практычна ўсіх стужак “Летапісу”, апошнім часам стала нормай практыка буйных прэм’ер для грамадскасці. Такія значныя прэм’еры адбыліся ў Гомельскім цырку (“На манежы сёння і заўжды” маладога рэжысёра Ігара Чышчэні), у Музеі Якуба Коласа (“У пошуках новай зямлі” рэжысёра Яўгена Сяцько), у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (“Семдзясят пятая восень Андрэя Мдзівані” Міхаіла Жданоўскага), у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (“Беларусь. Чатыры гады вайны” Яўгена Сяцько), у Міністэрстве замежных спраў (“Беларуская дыпламатыя. Першы міністр” рэжысёра Сяргея Агеенкі). Штогод нацыянальныя прэм’еры дакументальных фільмаў студыі “Летапіс” праводзяцца ў рамках Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Нашы дакументальныя фільмы заўсёды ўдзельнічаюць у Днях беларускай культуры ў замежных краінах, актыўна дэманструюцца на беларускіх тэлеканалах.

Не можам паскардзіцца і на ўвагу да дакументальнага кіно з боку прэсы. Сталася добрай традыцыяй ініцыятыва студыі “Летапіс” на пачатку года рабіць своеасаблівую справаздачу аб сваёй дзейнасці за год і ладзіць прагляды ўсіх створаных фільмаў для журналістаў, кінакрытыкаў і мастацтвазнаўцаў. Нашы фільмы выклікаюць вялікі розгалас у газетах і часопісах, мы цэнім меркаванні неабыякавых і зацікаўленых людзей, якія дазваляюць аб’ектыўна ацаніць тое, што зроблена. На гэтых праглядах рэгулярна бывае і адзін з аўтараў згаданага матэрыялу Антон Сідарэнка, пасля з’яўляюцца на старонках газеты “Культура” яго рэцэнзіі і матэрыялы... Таму ігнараванне аўтарам фактаў выклікае здзіўленне і наводзіць на думку не проста аб прыватным меркаванні, што магчыма, але аб свядомай неаб’ектыўнасці і заангажаванасці, калі размова ідзе пра двух вытворцаў кінадакументалістыкі — “Белвідэацэнтр” і студыю “Летапіс”, дзе перавага падкрэслена аддаецца першаму з іх. Такая заангажаванасць прыкметная і ў ранейшых публікацыях кінакрытыка. Чым жа яшчэ можна патлумачыць з’яўленне ў адной з іх лічбы ўдзелу і адзінак фільмаў “Белвідэацэнтра” ў 122 (!) міжнародных кінафестывалях? Міністр культуры двума тыднямі пазней у сваім справаздачным дакладзе аб дзейнасці Міністэрства за год быў больш сціплым і назваў лічбу — 86 фестываляў. Гэта датычылася ўсіх відаў кіно: мастацкага, дакументальнага, анімацыйнага.

Калі яшчэ гаварыць аб прамоўшне, то кожная значная падзея, звязаная з дакументальным кіно, знаходзіць адлюстраванне ў прэсе, а таксама ў сюжэтах навін культуры беларускіх тэлеканалаў. Дастаткова проста зайсці на сайт Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, каб валодаць інфармацыяй, а не выдаваць на старонках газеты беспадстаўныя высновы. Дзіўна, што такім даступным рэсурсам не карыстаецца вопытны журналіст.

Што тычыцца далучэння “Белвідэацэнтра” да Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, то гэтае рашэнне не належыць да кампетэнцыі кінастудыі і размова не ідзе аб сіле ці слабасці аргументаў кожнага з аўтараў матэрыялу, а аб відавочным. Адно можна сцвярджаць: “Белвідэацэнтр” на кінастудыі захаваецца як асобная студыя, будзе працягваць выконваць свае больш прыкладныя функцыі кінадакументалістыкі. Асноўныя ж задачы студыі “Летапіс” застаюцца ранейшымі: плённа захоўваць і развіваць слаўныя традыцыі беларускага дакументальнага кіно, захоўваць чысціню дакументальнага кіно як з’явы мастацтва, падтрымліваць і далучаць да кінавытворчасці маладых таленавітых аўтараў, захоўваць лепшыя кадры рэжысёраў-дакументалістаў.

Мы не настойваем на публікацыі гэтага ліста, бо справа не ў абароне рэпутацыі студыі “Летапіс”. Таму можна было б і не рэагаваць на падобныя публікацыі, але нас найперш хвалюе лёс беларускага дакументальнага кіно, яго шляхі развіцця. Падзел на тое, што зроблена адным вытворцам, і на тое, што зроблена іншым, — няплённы, штучны і не карысны для справы. Мяркуем, што наш пункт гледжання будзе ў далейшым улічвацца ў матэрыялах вашай газеты.

З павагай,

дырэктар студыі “Летапіс”

Л.Л. Баталава,

вядучыя рэдактары

І.М. Дзям’янава, У.В. Мароз”

 

 

Права журналіста на ангажаванасць. Фактам!

Каментарый рэдакцыі

Рубрыка “Трэба абмеркаваць!” створана адмыслова для таго, каб выклікаць інтарэс да найбольш злабадзённых пытанняў развіцця айчыннай сферы культуры. Прызнаемся, пасля апублікавання каментарыяў Андрэя Куцілы і Антона Сідарэнкі мы чакалі рэакцыі. Але былі здзіўлены аргументацыяй ліста кіраўніцтва студыі “Летапіс”.

Далучэнне “Беларускага відацэнтра” да структуры Нацыянальнай кінастудыі — працэс складаны і, зразумела, вымушаны. Таму не дзіва, што нашы эксперты выказалі шкадаванне аб знікненні самастойнай адзінкі ў сферы нацыянальнага кіно. Прычым — відавочна канкурэнтаздольнай, прынамсі, у творчых адносінах. Але прыведзеныя імі аргументы датычыліся непасрэдна БВЦ і Нацыянальнай кінастудыі, у склад якой “Белвідэацэнтр” (як плануецца) увойдзе ў якасці асобнага падраздзялення. Таму ліст і рэакцыя з боку менавіта кіраўніцтва “Летапісу” выглядае празмернай: працэс зліцця БВЦ з “Беларусьфільмам” да студыі “Летапіс” дачынення не мае, пра што, урэшце, і пазначана ў пісьме. Ды і ў культураўскім матэрыяле пра тое, натуральна, не гаварылася. Ці не так?

Падкрэслім, што гэтая паралель нават не правамерная: рэдакцыя не імкнулася параўнаць прадукцыю студый — вызначыць лепшых і горшых, а звярнула ўвагу, паўторымся, на факт рэформы і яе магчымыя наступствы ў плане страты канкурэнтнага асяроддзя. Таму і было вырашана звярнуцца па каментарый да спецыялістаў, якія не з’яўляюцца ў гэтай сітуацыі, карыстаючыся юрыдычным тэрмінам, “зацікаўленымі асобамі”: ні Антон Сідарэнка, ні Андрэй Куціла да “Белвідэацэнтра” ці да Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” дачынення не маюць.

Калі ўсё ж браць да ўвагі папрокі ў неаб’ектыўным стаўленні газеты да ўдзельнікаў кінематаграфічнага працэсу, хочацца сказаць наступнае.

Нацыянальны кінематограф заўсёды быў у сферы інтарэсаў нашага выдання. Больш за тое, бяромся сцвярджаць: больш і глыбей, чым газета “Культура”, пра нацыянальны кінапрацэс не пісала і не піша не адно айчыннае СМІ. Зрэшты, менавіта за аўтарствам нашага пастаяннага аўтара Антона Сідарэнкі выходзілі грунтоўныя аналітычныя матэрыялы пра розныя аспекты развіцця як айчыннай дакументалістыкі, так і кінематографа ў цэлым. Яны ніколі не сустракалі папрокаў у “заангажаванасці”.

Неігравое кіно набірае моц і атрымлівае вялікую аўдыторыю ў гледачоў усяго свету. Аднак нам вельмі хацелася б, каб у аўтараў ды экспертаў беларускіх СМІ было як мага больш інфармацыйных нагод пісаць пра дасягненні айчынных дакументалістаў. Было б няблага, каб пра гэтыя дасягненні рэдакцыя даведвалася не толькі з эмацыйных лістоў адміністрацыі, а і з рэгулярных прэс-рэлізаў, адпаведных блогаў, актыўных старонак у сацыяльных сетках, якія абнаўляюцца штодзённа (здымачны ж працэс і сапраўды няспынны!), а не, як кажуць, гады ў рады. Урэшце, спосабаў можа быць мноства.

Зрэшты, “К” заўсёды адкрытая для абмеркавання працэсу развіцця беларускай дакументалістыкі. Прапануем усім ахвотным давесці свае погляды на праблемы любымі спосабамі. Верагодна, тады зацікаўленая ў развіцці айчыннай дакументалістыкі грамадскасць здолее зняць пытанні накшталт таго, чаму вядучыя аўтары нашай краіны ўсё часцей аддаюць перавагу супрацоўніцтву з недзяржаўнымі і нават замежнымі студыямі, а таксама паведамляюць (зразумела, у прыватных размовах) пра тое, што вымушаны адпраўляць дыскі са стужкамі на фестывалі за свой кошт.

Калі казаць пра ўзаемадзеянне з прэсай (а значыць, з грамадствам наогул), то менавіта дзейнасць “Беларускага відэацэнтра” і яго супрацоўнікаў у мінулыя два гады можа лічыцца ўзорнай. Ці варта спрачацца, што справы выглядаюць менавіта так? Спадзяёмся, пасля далучэння БВЦ да Нацыянальнай кінастудыі рэдакцыя “К” не будзе звяртацца непасрэдна да аўтараў дакументальных стужак і “Летапісу”, і “Белвідэацэнтра”, каб знайсці суправаджальную інфармацыю і кадры з фільмаў. Спадзяёмся таксама, што карэспандэнты выдання змогуць па меры неабходнасці прысутнічаць на рэгулярных прэс-паказах свежых дакументальных стужак, а да ўсяго — атрымаюць каардынаты супрацоўніка, што адказвае за кантакты са сродкамі масавай інфармацыі. Бо львіная доля інфармацыйнай працы, што, мабыць, і зразумела, на “Беларусьфільме” вядзецца менавіта ў кірунку ігравога кіно. Пэўна, менавіта гэтая акалічнасць і дазволіла аднаму з нашых экспертаў зрабіць выснову аб тым, што “асноўныя высілкі “Беларусьфільма” сканцэнтраваны на вытворчасці ігравых стужак”.

Безумоўна, інфармацыі пра ўдзел і перамогі аўтараў ды стужак “Летапісу” ў міжнародных кінафестывалях на старонках “К” стане больш. Але ж пры адной умове: звесткі мусяць своечасова трапляць у рэдакцыю (нашу, дый любую іншую), так, як гэта адбываецца цяпер з інфармацыяй пра дзейнасць БВЦ: абвесткі, трэйлеры, плакаты, запрашэнні на прэм'еры і здымкі... Так, журналіста, як і таго воўка, кормяць ногі ў здабыванні інфармацыі. Але ж чаму б не запрасіць прэсу на прагляд няхай нават і фрагментаў рабочага матэрыялу, чаму не правесці сустрэчу з героем будучай стужкі ці не прапанаваць, як тое рэальна робіцца на пляцоўцы ігравога фільма, рэпартаж са здымачнай пляцоўкі?

Уся справа тут, на жаль, упіраецца ў інертнасць тых, хто мае дачыненне да піяру будучай ці нават ужо адзнятай карціны. А інертны піяр выніку не прыносіць, асабліва ў тым выпадку, калі мы кажам пра дакументалістыку, якая, на вялікі жаль, усё яшчэ не мае ні асобнага кінатэатра, ні хоць бы рэгулярных сеансаў. Пакуль жа айчыннае даккіно найбольш рэальна пабачыць на канале "Беларусь 3". І значную частку сваёй прадукцыі ў тэлеэфіры названага канала "Белвідэацэнтр" (а на дзень і сапраўды выходзіць не адна і не дзве стужкі пад гэтым брэндам) піярыць праз тыя ж сацыяльныя сеткі паралельна з анонсамі самога канала, у тым ліку і сеціўнымі. Дык мо практыку варта пераняць і "Летапісу"? Усё ж гэта — сусветная практыка, лічы, бясплатнай дзейснай рэкламы.

І яшчэ. Пагадзіцеся, фестывальная статыстыка трапляе ў рукі карэспандэнтаў выдання (як і ў Міністэрства культуры, дарэчы) толькі праз афіцыйных прадстаўнікоў кінавытворцы. Вызначыць адзіны крытэрый ацэнкі — сапраўды справа мэтазгодная, каб унікнуць разыходжанняў у лічбах не ў такой ужо і шырокай кінапрасторы Беларусі.

Такім чынам, праўдзівая і поўная інфармацыя з афіцыйных крыніц — найлепшы сродак пазбегнуць крыўд, непаразуменняў ды папрокаў. Аргументаваная прапанова для канструктыўных дзеянняў, ці не так?..

З павагай,

рэдакцыя газеты “Культура”