А ўся справа — у скрынцы?..

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Я зноў пра бібліятэкі ды бібліятэкараў. І пачну здалёк: з веткаўскага дзяцінства. У класе пятым-шостым я быў запісаны ў дзве бібліятэкі: школьную і дзіцячую. А хацелася яшчэ — і ў дарослую. Урэшце, дапамагла маці-настаўніца: мяне “па блаце” запісалі і туды. Па сёння памятаю сваё вялікае расчараванне: у дарослай, сярод сур’ёзных паліц з сур’ёзнымі фаліянтамі, мяне, падшыванца, чакала... драўляная скрынка з тонкімі “садаўскімі” выданнямі, змест якіх я ведаў ужо на памяць. А далей скрынкі бібліятэкарка не “пушчала”: забаранялася апошнімі інструкцыямі райана. А, не дай Бог, штосьці не тое вычытае, а раптам чагосьці не дацяміць, а калі не пра тое думаць пачне... Праз які тыдзень, з плачам і енкам, я ўсё ж вырваўся за межы скрынкі і вычытаў не тое, і не ўсё дацяміў, і думаць пачаў не так, але адкрыў для сябе Свет, у якім і сёння пачуваю сябе паўнавартасным грамадзянінам з непахісным правам на вальнадумства ды крытычнае асэнсаванне з’явы, падзеі, факта. Вельмі шкада, што ключ да гэтага Свету мне дала не бібліятэкарка, якая так і засталася паслугачкай “скрынкі”, дзе апрача састарэлых ды нецікавых дагматаў нічога не было. Вось у такіх бібліятэчных “скрынках” уся і справа.

/i/content/pi/cult/441/9173/55-56.JPG

Дзіўна, але ў кнігарнях 80-х менавіта ў такіх скрынках (хто памятае?) прадаваліся вершаваныя зборнікі кішэннага фармату. Мы называлі іх "брацкімі могілкамі" і куплялі-ратавалі адтуль “нефарматных” Акуджаву, Самойлава, Ваншэнкіна, Друніну, Каржавіна... Але гэтыя скрынкі — зусім іншага кшталту. Яны самі па сабе — Свет...

Прайшлі гады. Зніклі скрынкі. Але бібліятэчныя дагматы засталіся. Так, яны — іншыя. Але ад іх па-ранейшаму, даруйце, "патыхае пылам". Скрыняў няма, усё дазволена, аднак няма галоўнага — “прафесійных” чытачоў. Як можа прывіць павагу і любоў да Слова чалавек, які сам яго не любіць? Часу няма: каталагізацыя, улік, спісанне... Да павуціння паміж стэлажамі яшчэ не дайшло, але дзяцей цяпер і пугай да кніг не падгоніш (калі гэта, натуральна, не праграмная літаратура). Легендарная “Вёска” Андрэя Федарэнкі стаіць на вясковых стэлажах некранутай...

Безумоўна, пугай не варта — толькі любоўю і павагай. Але гэтаму на бібліятэчных факультэтах не вучаць. Тым больш, калі ты прыйшоў працаваць бібліятэкарам з фермы, бытавога абслугоўвання ці з крамы. Адна з нашых сельскіх бібліятэкарак прызналася не для друку: самыя актыўныя чытачы — пастухі і начныя вартаўнікі мясцовага СВК. Менавіта яны наведваюць бібліятэку штотыднёва. Школьнікі ж гэта робяць пад прымусам праграмы. Пенсіянеры збольшага чытаюць толькі газеты. А чытацкая “павальная” актыўнасць — толькі “фармулярная”.

Так, у сельскіх бібліятэках нецікава. Сябра-журналіст, заўзяты чытач, пасля некалькіх дзён сумеснай камандзіроўкі катэгарычна адмаўляецца заходзіць у сельскія бібліятэкі: маўляў, паўсюль адно і тое ж. І ён мае рацыю. Я таксама хачу заходзіць у бібліятэку, дзе мяне чакаюць сябры ды аднадумцы...

Знаёмая супрацоўніца мінскай бібліятэкі выкарыстала прэмію для паездкі да маскоўскіх калег. Расказвала, як да чытачоў прыходзяць папулярныя літаратары кшталту Захара Прылепіна ці Уладзіміра Сарокіна, якія дэбаты вядуцца пра будучыню расійскай славеснасці, як гэта ўсё цікава і змястоўна...

Так нашым бібліятэкам не стае дзеі. Не сумных гутарак з графаманамі, не безнадзейных выставак антыалкагольнай літаратуры, а ўчынкаў, акцый, праектаў, словам, — выхадаў у народ... Я вельмі хачу пабываць у рыжскай бібліятэцы, якую адкрыў Міхаіл Задорнаў. Кажуць, кожная паліца ўстановы мае ўказальнік, што менавіта гэтыя кнігі чытае канкрэтны сябар сатырыка: артыст, літаратар, палітык... Лепшай рэкламы для ўласнага чытання не прыгадаць. Мы неаднаразова прапаноўвалі беларускім сельскім бібліятэкарам выкарыстаць ідэю і пазначыць на стэлажы: “Мае любімыя кнігі”. Ніхто не спяшаецца. Як вы думаеце, чаму?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"