Рэклама інтэлектуальнага прадукту

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Працягваюць паступаць водгукі на публікацыю “У Беларусі не патрэбны чытальныя залы на вуліцы?”. Вось чарговы з іх.

Крэатыўна, сумесна з гараджанамі, працавалі работнікі Бярозаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы на галоўнай плошчы райцэнтра. Наш прадукт у выглядзе святочнага каравая атрымаўся смачны і карысны. А яскравыя вокладкі кніг-імянінніц гэтага года паказвалі прысутным дарогу да сталоў запісу, дзе можна было ўзяць дамоў творы дзіцячых пісьменнікаў.

/i/content/pi/cult/441/9171/3-5.jpeg

Літаратурныя героі запрашалі на конкурсы, гульні, выстаўкі, адрасныя пляцоўкі. Дзятву і бацькоў здзівіла выстаўка-сюрпрыз “Кніжнае асарці” з кнігамі незвычайнай формы: кніжкі-пазлы, кніжкі-лялькі, кніжкі-тэатры, кніжкі-панарамы, музычныя і гукавыя выданні. Летняя чытальная зала прапанавала часопісы дзесяці найменняў, пазнаваўчую літаратуру, навінкі беларускіх выдавецтваў. Раённая дзіцячая бібліятэка займела на плошчы 25 новых наведвальнікаў.

Акцыя-буккросінг “Вулічная кніжная паліца” прапанавала больш за сто выданняў для абмену і ў падарунак. Упершыню ў людным месцы пакінута пяць уласных кніг для таго, каб кнігалюб знайшоў іх, прачытаў і перадаў іншаму. Па хатніх бібліятэках разышлося 80 кніг. Попытам карысталіся мастацкая літаратура, “жаночыя” раманы, кнігі па шахматах і рыбнай лоўлі.

Бібліятэкары-ўмельцы захапілі дзяцей і матуль майстар-класам па стварэнні рукачыннай прыгажосці праз шклаграфію ды пляценне з папяровай лазы. Гульнёвы куток прапанаваў развіваючыя гульні.

Дошка водгукаў запоўнілася словамі падзякі дарослых і дзяцей за змястоўны нядзельны адпачынак з кнігай і бібліятэкай на адкрытым паветры. Нават госці Бярозы з гарадоў-мегаполісаў адзначылі каштоўнасць мерапрыемства, гасціннасць яго арганізатараў, праявы ўвагі бібліятэкараў да кожнага дзіцяці, якое наведала свята кнігі. І сямейны бюджэт пры гэтым не панёс ніякіх страт!

Мараль паведамлення простая: калі не сядзіш склаўшы рукі, ідзеш да людзей, рэкламуеш свой інтэлектуальны прадукт, прывучаеш жыхароў да кнігі праз навізну формы, будзеш мець і “дывідэнды”: пазітыўны імідж, зваротную сувязь, творчае супрацоўніцтва з чытачом, новых наведвальнікаў, асалоду ад прыдуманага ды здзейсненага.

Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ