“Пікавая дама” і "...Бельмандо"

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Культурны твітар: мы ў свеце

Польшча

У Беластоку прайшоў юбілейны, ХХ Фестываль польскай і беларускай песні “Гродна — Беласток”. У ім бралі ўдзел 15 калектываў мастацкай самадзейнасці з Гродзенскай вобласці і Падляшскага ваяводства. Да арганізацыі фэсту спрычыніліся Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Маршалкоўскае ўпраўленне Падляшскага ваяводства, кіраўніцтва горада Беластока, Культурны цэнтр Беларусі ў Рэспубліцы Польшча, Генеральнае косульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку.

Расія

На Чарнаморскім узбярэжжы, у Анапе з 14 па 21 верасня пройдзе ХХІІ Адкрыты фестываль краін СНД і Балтыі “Кінашок”. У пазаконкурснай праграме будзе прадстаўлена камедыя “Скрасці Бельмандо” (рэжысёр — Мікалай Князеў) сумеснай вытворчасці кінастудыі “Беларусьфільм” і Белтэлерадыёкампаніі.

А месяцам раней, з 19 па 26 жніўня, у той жа Анапе адбудзецца Фестываль Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных”. У ім возьмуць удзел амаль 130 юных талентаў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Узрост удзельнікаў — 7 — 18 гадоў. Усе яны — пераможцы нацыянальных і рэгіянальных конкурсаў па вакальным, харэаграфічным, цыркавым, інструментальным ды іншых відах мастацтва.

Літва

Гран-пры Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Васара-2013”, што праходзіў у Друскеніках, атрымаў Гродзенскі абласны тэатр лялек за спектакль “Пікавая дама”. Падводзячы вынікі творчага спаборніцтва, якое праходзіла пад дэвізам “Класіка і ХХІ стагоддзе”, кіраўнік аргкамітэта фестывалю Рымас Тумінас адзначыў “глыбокае і паўнавартаснае супрацоўніцтва тэатраў Літвы, Расіі і Беларусі, іншых духоўна блізкіх краін”. Акрамя конкурснай праграмы, на фестывалі адбыўся паказ дыпломных работ студэнтаў тэатральных ВНУ. Працавала рэжысёрская лабараторыя Тумінаса.

Ізраіль

У Дзяржаве Ізраіль прайшлі Дні культуры Рэспублікі Беларусь. Нашу афіцыйную дэлегацыю ўзначальваў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі. Канцэртная праграма Дзён складалася з выступленняў Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” і ансамбля народнага танца “Харошкі”. БелТА падрыхтавала для ізраільскіх гледачоў фотавыстаўку “Беларусь сёння”.