У кнігарнях мне асабліва падабаюцца букіністычныя аддзелы. Я магу набыць кнігу за тое, што яна прыгожая, што ілюстрацыі да яе рабіў выдатны мастак. Асаблівую цікавасць маю да беларускай кніжнай графікі 1960-х — 80-х гадоў: тады над афармленнем кніг працавалі Барыс Забораў (да свайго ад’езду за мяжу), Арлен Кашкурэвіч, Георгій і Наталля Паплаўскія, Васіль Шаранговіч, Уладзімір Савіч, Валерый Славук, Алена Лось — выдатныя майстры з непаўторным творчым почыркам. Што ж да сучасных беларускіх мастакоў, якія шчыруюць у галіне кніжнага мастацтва, дык нельга адмовіць ім у майстэрстве, але жаданне набыць кнігу дзеля ілюстрацый, зробленых іх рукой, у мяне ўзнікае вельмі рэдка. У савецкі час беларуская паліграфія мела абмежаваныя магчымасці. Заказы на кнігі падарункавага класа нашы выдавецтвы размяшчалі альбо ў Маскве, альбо ў краінах сацыялістычнай супольнасці. Сёння ж каляровыя фотаальбомы, кнігі па мастацтве можна паспяхова друкаваць і дома. Чаму ж так здарылася, што шыкоўных кніг стала больш, а вартых называцца творамі мастацтва — менш? Прынамсі, так мне падаецца. З гэтым пытаннем я звярнуўся да вядомага мастака, выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзіміра ЛУКАШЫКА.
— Па-першае, асобы кшталту Кашкурэвіча або Паплаўскага з’яўляюцца ў мастацтве не кожныя пяць і нават дзесяць гадоў. Па-другое, кніга ў 1960-я — 90-я была ці не адзіным даступным шырокай грамадзе носьбітам і сродкам захавання інфармацыі. Попыт на добрыя кнігі меўся велізарны. Адпаведнымі былі і наклады. Не дзіва, што кніга была для мастакоў прывабнай. Прычым у кніжнай графіцы мастак аб’ектыўна быў больш разняволены, чым жывапісец ці скульптар. І, нарэшце, як мастакі-манументалісты мазаікамі ды фрэскамі закрывалі хібы архітэктуры, так і мастакі-ілюстратары надавалі ўнікальнасць прадукцыі друкарняў, слабых у тэхнічных адносінах, а праз гэта — абмежаваных у выяўленчых магчымасцях. Сёння новыя друкарскія тэхналогіі і макетаванне кніг з дапамогай камп’ютара адкрылі для выдаўцоў новыя перспектывы, стварылі ілюзію таго, што можна ўвогуле абысціся без мастака: маўляў, хопіць і дасведчанага вярстальшчыка. Мяркую, трэба пачакаць, пакуль у выдавецтвах “нагуляюцца” ў новыя тэхналогіі і зразумеюць, што мастака, творцу камп’ютар не заменіць. Праўда, калі гаворка ідзе пра выданні прэзентацыйнага характару, якія прэтэндуюць на тое, каб быць заўважанымі, на ўзнагароды на кніжных конкурсах, дык у такіх праектах мастаку адводзіцца важная роля.
— А мо справа ў тым, што папяровая кніга як носьбіт інфармацыі адыходзіць у нябыт? Неяк я расказваў сыну пра адно апавяданне, якое вельмі ўразіла мяне ў маладосці. Яго зацікавіў сюжэт. Я ж паабяцаў, што знайду для яго кнігу, дзе тое апавяданне друкавалася. Ён адказаў: “Навошта?”. І тут жа выцягнуў патрэбны тэкст з Інтэрнэту. Кніга стала электроннай... А вы студэнтам мастацтва кнігі выкладаеце з пазіцыі новых тэхналогій?
— Дысцыпліна называецца “Дызайн кнігі”. Мы даём студэнту ўяўленне пра кнігу як пра структуру. Тэхналогія ў дадзеным выпадку — рэч другасная. На добрым абсталяванні ці кепскім, на камп’ютары ці ўручную мастак мусіць зрабіць нешта, што можна будзе назваць творам. А тое, што макетаванне ажыццяўляецца на камп’ютары, гэта натуральна. Было б нелагічна ігнараваць сучасныя тэхналогіі.
— Я неаднойчы бачыў творы вашых студэнтаў, надрукаваныя ў адным асобніку. А ці можна перавесці такія кнігі ў наклад?
— Тэарэтычна, так. На справе — цяжэй. Усе гэтыя кнігі зроблены з улікам рэчаіснасці. Гэта вучэбныя праекты, арыентаваныя на звыклыя нам паліграфічныя тэхналогіі. Іншая справа, што там шмат ручной працы. Хутчэй за ўсё, атрымаецца дарагая кніга. Зразумела, што арыгінальныя знаходкі, творчыя эксперыменты не надта стасуюцца з тэхналогіяй вытворчасці сярэдняга класа, арыентаванай на вялікія наклады. Таму для кніг, якія распрацоўваюцца ў якасці вучэбных праектаў, патрэбны друкарні, дзе працуюць з унікальнай кнігай.
— А такая вытворчасць прыбытковая?
— Мяркую, так. Кніга, якая ад нараджэння з’яўляецца рарытэтам, бо ейны наклад — мізэрны, а мастацкая каштоўнасць — вялікая, мусіць знайсці бібліяфіла-калекцыянера, які пагодзіцца заплаціць за яе добрыя грошы і такім чынам кампенсаваць выдавецкія выдаткі. Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” часам робіць настолькі шыкоўныя фаліянты! Тэхналогія дазваляе. Кнігі ж, пра якія мы гаворым, не выдаць вялікім накладам. А ў сённяшніх умовах дзеля малога друкарні, выдавецтву рупіцца няма сэнсу…
— А ці не атрымаецца так, што студэнт у Акадэміі рабіў унікальныя кнігі, а потым атрымаў дыплом, пайшоў на працу, а там ягоная кваліфікацыя нікому не патрэбная?..
— Жыццёвая сітуацыя, у якую трапляе творчая асоба пасля заканчэння навучання. Калі сёння наш выпускнік прыйдзе працаваць у сярэднюю паводле тэхналогіі і статуса друкарню, дык многае тое, чаму ён навучыўся ў Акадэміі і да чаго імкнуўся, будзе незапатрабаваным. Я мяркую, што такой сітуацыі не трэба баяцца: гэта нармальна. Акадэмія рыхтуе прафесіяналаў для элітарнай працы. А ўжо здолее наш выпускнік знайсці ці наладзіць працу, што адпавядае яго кваліфікацыі ды памкненням? Трэба яшчэ валодаць валявым характарам!
— Ці шмат студэнтаў засвоілі курс, што вы выкладаеце?
— Сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў у БДАМ наладжана добра, і не дзіва, што нашы выпускнікі, у тым ліку тыя, што працуюць у галіне кніжнага мастацтва, калі-нікалі бываюць заўважанымі ды адзначанымі. Але ў дызайнераў кнігі ёсць свая спецыфіка. Скажам, для іх дысцыпліна пад назвай “Праектная графіка” мусіць быць скіравана ў паліграфію.
І яшчэ. Мы маем добрыя традыцыі кніжнага мастацтва, але навучання па згаданым профілі ў нас не было. Не было такога, каб вучылі разглядаць кнігу як мастацкі комплекс. Ніхто за ўсю гісторыю нашай краіны не рыхтаваў такіх спецыялістаў.
— А адкуль жа яны браліся? Кнігі ж з друку выходзілі, значыць, нехта іх праектаваў, рабіў макеты выданняў, афармляў…
— Гэта былі спецыялісты-самавукі: самі да ўсяго сваім розумам даходзілі ў часе працы. Альбо прыязджалі з Маскоўскага ці Львоўскага паліграфічных інстытутаў. У нас, праўда, з‘явіліся свае тэхнолагі паліграфіі, ужо рыхтуем рэдактараў, нават мастацкіх. А вось дызайнераў кнігі — творцаў, якія бачаць кнігу як комплекс, як цэласную сістэму, дзе ўлічана ўсё, нават пах паперы, — не. Я назваў бы іх генеральнымі праекціроўшчыкамі кнігі. А мы ў Акадэміі гэтую справу распачалі, няхай не ў тым аб’ёме, не ў тым маштабе, як хацелася б.
— А як даўно ў БДАМ пачалі рабіць кніжныя дыпломы?
— З 2005-га такая практыка існуе як сістэма. Дагэтуль дыпломнікі да праектавання кнігі звярталіся спарадычна.
Фота аўтара