МАЛАДЗЕЧНА
У ім прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў культуры Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацый і бізнес-саюзаў. Асноўнымі мэтамі сталі падвядзенне вынікаў сумеснай працы, скіраванай на адраджэнне культурнай спадчыны роду Агінскіх, і вызначэнне напрамкаў супрацоўніцтва на перыяд 2013 — 2015 гг.
Прызнаючы важнасць сумесных міжнародных акцый і праектаў у развіцці міжкультурнага дыялога Літвы, Беларусі і іншых краін Еўропы, мэр горада Рэтавас — Антанас Чарнецкіс адзначыў: “Мы аб’ядноўваем людзей розных краін са сваёй унікальнай культурнай спадчынай. Разнастайнасць і творчае багацце — умова поспеху на культурным шляху”.
Дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Рыгор Сарока і дырэктар Рэтаўскага музея гісторыі і культуры Агінскіх Вітас Руткаускас, станоўча адзначаючы культурныя мерапрыемствы, якія былі рэалізаваны ў 2011 — 2013 гг. у рамках міжнародных праграм “Масты спадчыны Агінскіх” і “Шляхамі паланэзаў Агінскага”, абвясцілі асноўныя кірункі далейшага супрацоўніцтва. “Наш праект адкрыты для ўсіх зацікаўленых і неабыякавых да нашай агульнай культуры ды гісторыі людзей. Спадзяюся на ўзбагачэнне нашага культурнага асяродка новымі ідэямі і цікавымі праектамі ў розных сферах творчай дзейнасці”, — адзначыў Руткаускас.
З цікавымі прапановамі ў час пасяджэння “круглага стала” выступілі загадчык кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прафесар Аляксандр Смолік, краязнаўца Сяргей Верамейчык, дырэктар Нацыянальнага музея імя М.К. Чурлёніса Овальдас Даугеліс ды іншыя. Кульмінацыяй мерапрыемства стаў прагляд дакументальнай стужкі пра жыццё і творчасць М.К. Агінскага, знятай “Беларускім відэацэнтрам”.
У бліжэйшы час плануецца распрацаваць Міжнародную культурную праграму “Шлях культуры Агінскіх”, прымеркаваную да святкавання 250-годдзя з дня нараджэння М.К. Агінскага.
Павел САПОЦЬКА