АКТАВА Пракапцова (Восем успамінаў юбіляра)

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў заслужанага дзеяча мастацтваў краіны, генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова з 60-годдзем. “Сваё жыццё вы прысвяцілі нястомнаму служэнню беларускаму мастацтву. Дзякуючы вашаму шматграннаму таленту, энергіі і аўтарытэту Нацыянальны мастацкі музей стаў вядучым культурным і навукова-асветным цэнтрам нашай краіны, дзейнасць якога шырока вядома ва ўсім свеце”, — гаворыцца, у прыватнасці, у віншаванні.

8 жніўня ў 8 гадзін 8 хвілін 8 секунд у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстаўка работ Уладзіміра ПРАКАПЦОВА. Яна будзе доўжыцца 8 дзён, 8 гадзін, 8 хвілін, 8 секунд. Не адыходзячы далёка ад лічбы “8”, я папрасіў Уладзіміра Іванавіча ўспомніць 8 падзей са свайго жыцця. Дарэчы, слова “актава”, ужытае ў загалоўку, паходзіць ад лацінскага “восьмая”…

/i/content/pi/cult/440/9148/6-7.jpeg

Першы ўспамін: 8 жніўня 1958 года

— На дзень нараджэння мне падарылі акварэльныя фарбы; сем "гузікаў", прылепленых да кардонкі ў форме палітры. Пэндзлік быў для клея з шорсткага шчаціння. Я маляваў на адваротным баку шпалераў, якія засталіся ад рамонту, перамалёўваючы садавіну з альбома пра Мічурына. Тата Іван Пятровіч хацеў, каб я стаў аграномам…

Другі ўспамін: 1 верасня 1960 года

— Мая маці, Марыя Андрэеўна, з чорнага саціну пашыла мне шаравары з гумкамі і белую кашулю. Школа ў Жгунскай Будзе была васьмігадовая. Вучыцца хацелася. Ясна памятаю сябе з вялікім букетам гладыёлусаў…

Трэці ўспамін: 17 снежня 1969 года

— Снегу за ноч намяло — да самага даху. Добра, што рыдлёўку ў сенцах пакінулі. Пракапалі з бацькам тунэль да самай дарогі. Да школы ў Добрушы — 8 кіламетраў. Разам з цёзкам Гарбачовым па шпалах жалезнай дарогі прыйшлі ў школу. Нас было двое з вёскі. Астатнія васямнаццаць не прыйшлі…

Чацвёрты ўспамін: 20 ліпеня 1970 года

— Начным аўтобусам прыехаў у Віцебск на золку. Спусціўся да Дзвіны, памыўся і накіраваўся ў інстытут, ён знаходзіўся непадалёк ад ракі, побач з Тэатрам імя Якуба Коласа. Здаваў экзамены на мастацка-графічны факультэт педагагічнага інстытута. Конкурс — тры чалавекі на месца. Але я паступіў…

Пяты ўспамін: 4 сакавіка 1973 года

— Нядзеля. З эцюднікам у парку Мазурына. Сонца, прабіваючыся праз лістоту, асвятліла постаць дзяўчыны арэолам. “Муза!” Сэрца закалацілася!.. Аловак схопліваў сілуэт музы. Думкі мітусіліся… “Падыдзі ды спытай, як яе клічуць!” Саромеўся. Больш я яе не бачыў. Толькі чакаў сустрэчы…

Шосты ўспамін: 14 кастрычніка 1977 года

— Белавежская пушча. Я — аспірант Інстытута мастацтвазнаўства этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. У холе гатэля чую чароўныя гукі Паланэза Агінскага. Старэнькае піяніна абступіла чалавек сорак. Я літаральна ўлятаю ў натоўп. Усе расступіліся. “Яна! Муза!” Мелодыя пранікае ў сэрца і ў галаву… Нікога не бачу… Пытаюся: “Муза?”. “Не, Вера…” Муза набыла рэальныя абрысы. У нас — двое дзяцей. Антону — 31, Паўлу — 29…

Сёмы ўспамін: 26 верасня 1992 года

— У сакавіку мяне рэкамендавалі на пасаду намесніка начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі апарата Савета Міністраў. Прайшло шэсць месяцаў, мяне не зацвярджаюць. Заслаўе. Прыём ад імя Саўміна. Вячаслаў Кебіч падышоў да мяне: “Як прозвішча?”. “Пракапцоў”. “Нефармал?”. Я паціснуў плячыма: “Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства”. “Прычоска ў вас нефармальная”, — усміхнуўся ён і паляпаў па плячы: —“Зацвердзім!..”

Восьмы ўспамін: 8 жніўня 2013 года

— Успамін пра гэта яшчэ наперадзе...

Фота аўтара

P.S. Калі адбіраў фотаздымак юбіляра для публікацыі, выбар прыпаў на нумар восем.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф