Чаму да нас так рэдка завітваюць зоркі з сусветнымі імёнамі?

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Тыдзень таму “К” згадала выступленне ў “Мінск-Арэне” знакамітага брытанскага гурта “Depeche Mode”. І задалася пытаннем: чаму замежныя зоркі так рэдка завітваюць да нас менавіта на піку сваёй кар’еры? На жаль, куды часцей яны прыязджаюць, калі іхняя папулярнасць на Захадзе і нават у суседняй Расіі ўжо знікае ці нават знікла.

/i/content/pi/cult/440/9136/3-1.jpeg

Зміцер БЕЗКАРАВАЙНЫ, журналіст, музычны крытык, прадзюсар:

/i/content/pi/cult/440/9136/3-2.jpeg

— Канцэрты сталых, але актуальных артыстаў, такіх як “Depeche Mode”, Mylene Farmer, Moby, “Nickelback”, “Placebo”, Jennifer Lopez, а таксама маладых зорак Lana Del Ray, Selena Gomez, “Hurts”, Adam Lambert, сведчаць, што ў апошнія два-тры гады сітуацыя змяняецца да лепшага. Канцэртны рынак актывізаваўся і чакаць дзесяць — дваццаць гадоў прыезду любімай сусветнай зоркі ці ехаць на яе канцэрт за мяжу ўжо не будзе патрэбы. На мой погляд, на сітуацыю паўплывала з’яўленне “Мінск-Арэны”: пляцоўкі з такой умяшчальнасцю раней не хапала, каб рабіць мэтазгодным прыезд вялікіх зорак. Другі момант — на якасна іншы ўзровень выйшлі мясцовыя арганізатары канцэртаў. Запрашэнне зорак такога кшталту не адбываецца адразу — трэба спачатку атрымаць давер міжнародных прамоўтараў, папрацаваць з імі па менш папулярных артыстах з менш складанымі тэхнічнымі і побытавымі патрабаваннямі. Некалькі беларускіх прамоўтараў гэтыя “экзамены” паспяхова прайшлі, таму “калібр” зорак, што прыязджаюць у Беларусь, будзе толькі расці. Пры гэтым рынак залежыць і ад фінансавых магчымасцей публікі: яны маюць пэўныя абмежаванні. Мяркуючы па шчыльным графіку канцэртаў у Мінску на восень, “канкурэнцыя” за грошы гледачоў будзе толькі расці...

 

Уладзімір КУБЫШКІН, прадзюсар:

/i/content/pi/cult/440/9136/3-3.jpeg

— Зорак да нас прыязджае столькі, колькі пацягнуць кішэні беларускіх гледачоў. І тое, што апошнім часам больш стала выступаць сусветных імёнаў, не можа не радаваць. Але, для параўнання, у Лондане — звыш 50 канцэртных залаў умяшчальнасцю ад трох тысяч чалавек і больш, бо на гэта ёсць попыт. Што ж да нас, дык галоўнае тут — існуе станоўчая тэндэнцыя, арганізатары не баяцца рызыкаваць. І тое, што на гэтым рынку сёння, па маіх падліках, прысутнічае каля пяці “гульцоў”, якія канкурыруюць паміж сабой, — дадатковае таму сведчанне. Ну а далей можна прагназаваць, што чым больш сусветных зорак будзе прыязджаць, тым хутчэй сыйдзе нізкаякасны прадукт. Патрабаванні Еўропы і свету — гэта жывое выкананне, прычым не пад “мінус”, а з жывым складам музыкантаў. Калі гэта стане нормай, дык будуць “падцягвацца” і астатнія. Дый беларускім артыстам будзе на што арыентавацца.

Але ж звярну ўвагу яшчэ на адзін аспект. Ёсць паняцце “рэгіёна” — у высокім сэнсе гэтага слова. Дык вось, Мінск, Кіеў, Масква, Вільнюс, Варшава і г.д. — гэта рэгіён Усходняй Еўропы. І калі канцэрт такіх зорак, як Мадонна, Лэдзі Гага ці “Metallica”, ладзіцца ў адным з гарадоў, дык гледачы з’язджаюцца з рэгіёна. Сам штораз бачыў сотні беларусаў у падобных ваяжах! Калі будзе спрошчаны візавы рэжым на такія мерапрыемствы, дык і падобнага культурнага турызму, вельмі распаўсюджанага ў свеце, стане больш. І не толькі мы будзем ехаць кудысьці ў замежжа, але і іншаземныя гледачы — да нас…

Фота Ягора ДУБРОЎСКАГА, Юрыя ІВАНОВА і з архіва суразмоўцы

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"