Фэст пад стрэламі. Вогненнымі

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Дзе рыцары перамагаюць, або Сярэднявечча па-мсціслаўску

Свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст” у старажытным Мсціславе сёлета — ужо шостае па ліку. Яно сабрала напрыканцы ліпеня тысячы гледачоў з розных куткоў Магілёўшчыны ды іншых абласцей Беларусі, каля 400 удзельнікаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі, а таксама рамеснікаў, музыкаў і танцораў.

/i/content/pi/cult/438/9132/14-1.jpeg

Рамантыка Сярэднявечча ахутала Мсціслаў. Па вуліцах шпацыравалі паненкі ды ваяры ў рэканструяваных уборах, выступалі музыкі, рамеснікі гандлявалі вырабамі з гліны, металу, лямцу... У рамках свята ладзіліся выстаўкі, працавалі тэматычныя падворкі і “Горад майстроў”, праходзілі выступленні творчых калектываў. Ды і наведвальнікаў Езуіцкага манстыра чакала гама ўражанняў... Праводзіліся экскурсіі па музеях, гістарычных помніках горада. Адкрыццю ж свята папярэднічала навукова-практычная канферэнцыя да 150-годдзя з дня нараджэння навукоўца Уладзіміра Краснянскага.

На цэнтральнай плошчы горада, ля помніка, па традыцыі гасцей і ўдзельнікаў віталі княгіня Анастасія Слуцкая і Вялікі князь Расціслаў Мсціслаўскі, які ў знак адкрыцця фэсту знак перасек мячом канат. Прайшло шэсце і адбылося прадстаўленне клубаў, што займаюцца рэканструкцыяй розных перыядаў Сярэднявечча, прычым не толькі Вялікага Княства Літоўскага. Прадэманстраваць адвагу і баявое майстэрства завіталі госці з Магілёва, Мінска, Віцебска, Гомеля, Рэчыцы, Слуцка, Барысава... Былі таксама сябры з ваенна-спартыўнага аб’яднання “Варта” Дарагабужскага раёна суседняй Смаленшчыны.

 

Відовішча

Усё яскравае і відовішчнае адбывалася на Замкавай гары, дзе традыцыйна размяшчаецца лагер, праводзяцца турніры ды бугурты. Цягам двух дзён рыцары змагаліся ў двубоях на мячах пешшу, на конях — з дапамогай дзід і мячоў, а таксама тут спаборнічалі лучнікі. Найбольшы энтузіязм воі выказвалі ў бугуртах. Біліся па пяцёрках ад кожнага клуба, таксама ўсе прысутныя рыцары дзяліліся на дзве арміі ды ішлі сценка на сценку — да апошняга, хто стаіць на нагах. У адзіночных ды групавых баях найчасцей перамагалі ліцвінскія ваяры, прычым найчасцей — пры колькаснай перавазе праціўніка.

Атмасфера Сярэднявечча не была б сапраўднай без музыкі той эпохі. На фестывальных пляцоўках у цэнтры горада, у Езуіцкім манастыры, на Замкавай гары выступалі фальклорныя калектывы. Гледачоў радавалі танцавальны ансамбль “Фламея”, музычныя гурты “Pawa”, “Яварына” і “Літы талер”, сольны канцэрт даў удзельнік фольк-гурта “Хорціца”. Таксама ладзіліся паказ сярэднявечнай моды, фаер-шоу ды феерверкі.

На другі дзень паказальным выступленнем уразілі ваяры з гродзенскага Клуба славянскіх адзінаборстваў “Арыдан”. Таксама ладзіліся конныя ігрышчы з удзелам вершнікаў з клуба “Залатая шпора”. Кульмінацыяй стаў штурм імправізаванага драўлянага замка. Нягледзячы на запал ды ваяўнічасць атакуючых, абаронцы трымаліся мужна, і захапіць цытадэль ніяк не ўдавалася, пакуль у ход не пайшлі вогненныя стрэлы…

Вялікі князь Расціслаў Мсціслаўскі і княгіня Анастасія Слуцкая, настаяцель кафедральнага сабора Аляксандра Неўскага айцец Вячаслаў, а таксама старшыня аргкамітэта фестывалю, намеснік старшыні райвыканкама Святаслаў Кусаў узняліся на сцэну Замкавай гары, каб узнагародзіць удзельнікаў фэсту і пераможцаў турніраў. Сярод лучнікаў лепшымі, як і летась, аказаліся ўдзельнікі мінскага клуба “Bow’s club”. Лідарам жа турніру мечнікаў стаў 28-гадовы Ярамір з мінскага “Княжыча”.

 

Ідэі

Сярод уганараваных аказаўся адзін з суарганізатараў фэсту — пан Алесь з Мінска, які ўзначальвае клуб “Рыцарскі род снежнага барса”. Ён кажа пра мсцісллаўскі форум: “Гэта ўжо моцны рэспубліканскі фэст, які мае задаткі міжнароднага. З кожным годам у арганізатараў усё лепш атрымліваецца іхняя праца, інфармацыя пра фэст распаўсюджваецца, і народу збіраецца ўсё больш. Самае галоўнае — усіх прыцягвае атмасфера гэтага месца, людзі падпітваюцца яго энергетыкай…”.

Пан Алесь падзяліўся планамі наконт стварэння ў Мсціславе рыцарскага клуба. Для заняткаў прадаставяць памяшканні Езуіцкага калегіума, а вывучаць удзельнікі будуць не толькі баявое майстэрства, але і рыцарскі этыкет, гісторыю галантнай эпохі, музыку, танцы, адзенне таго часу.

Магчыма, адраджэнню горада паспрыяе Праграма па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей Мсціслаўшчыны. Ці стане горад на бурнай рачулцы Віхры — колішні ліцвінскі бастыён — культурным і турыстычным цэнтрам, залежыць ад многіх фактараў, і не ў апошнюю чаргу ад фінансавання. Галоўнае, што падмурак для гэтага маецца: ёсць вялікая зацікаўленасць мясцовай улады, духавенства, грамадзянскай супольнасці...

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

Фота аўтара