Авангард плюс аўтарскае права

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

“Кірмашовыя”, мастацкія, грашовыя ідэі са “Славянскага базару-2013”

На “Славянскі базар у Віцебску” мы заўсёды глядзім з пазіцыі “мы і свет”, але акцэнт звычайна ставім на “мы, беларусы”: маўляў, як выглядае наша культура на фоне іншых краін? Паспрабуем змяніць ракурс і задаць пытанне: а што мы, беларусы, можам у час фестывалю пазычыць у іншых, чаму навучыцца, каб наша мастацтва было яшчэ больш яркім ды цікавым, а яго прасоўванне сярод сваёй публікі і ва ўсім свеце — яшчэ больш паспяховым?

/i/content/pi/cult/438/9130/13-1.jpeg

У тэлешколу — у пяць гадкоў?

Другі год запар на віцебскі фестываль мастацтваў прыязджаюць дзеці ў яркай уніформе, з прафесійнымі тэлекамерамі, са шматлікімі пытаннямі на кожнай прэс-канферэнцыі — і без аніякіх дрыжыкаў у голасе ці разгубленасці ў вачах. Гэта выхаванцы Рыжскай дзіцячай акадэміі тэлебачання і радыё. Дзяцей туды прымаюць з пяці гадоў. І вучаць не столькі аператарскаму майстэрству, колькі — журналісцкаму. Асаблівая ўвага надаецца псіхалагічнай падрыхтоўцы, выхаванню ўласных думак, уменню весці дыялог — не проста слухаць, а менавіта чуць суразмоўцу, не проста выказваць свой пункт гледжання, а рабіць гэта так, каб быць правільна пачутым. Арганізатары лічаць, што пяцігадовы ўзрост — адзін з самых спрыяльных, калі можна закласці ў дзіця натуральнасць паводзін з дарослымі і, шырэй, усімі тымі, хто вышэй за цябе па сваёй пасадзе ці рангу дзейнасці. Пазней, калі чалавек канчаткова складаецца як асоба, дасягнуць такой натуральнасці бывае цяжэй, даводзіцца “перарабляць” рысы характару і стэрэатыпы паводзін.

Падрыхтоўка будучых тэле- і радыёжурналістаў вядзецца комплексна. Вялікую ролю, на думку заснавальнікаў школы, адыгрывае пашырэнне далягляду, развіццё самастойнай пазіцыі, агульная дасведчанасць, а ўсё гэта не можа ўзрасці на пустым месцы. Таму чым раней пачнецца паглыбленне ў праблемы мастацтва, палітыкі, эканомікі (няхай і на адаптаваным дзіцячым узроўні), тым лепш. Ну а непасрэдны мантаж адзнятага матэрыялу, некаторыя рэжысёрскія хады пры падрыхтоўцы праграмы могуць падказаць і дарослыя. Бо школа мае свой эфірны час, і выпускі яе праграм — зусім не “навучальна-пілотныя”, а такія ж паўнавартасныя, як і перадачы, падрыхтаваныя штатнымі супрацоўнікамі.

Што ж, застаецца дачакацца, калі падобная школа з’явіцца і ў нас. Тым больш, захады для гэтага ўжо зроблены, прычым на самым высокім дзяржаўным узроўні: яшчэ год таму, калі юныя латышы, упершыню прыехаўшы на “Славянскі базар у Віцесбку”, бралі інтэрв’ю ў Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.


Арт-баль не падтрымалі

Урачыстае адкрыццё мастацкай выстаўкі — таксама мастацтва. Ды яшчэ якое! Даўгаўпілскія экспазіцыі на нашым фестывалі — не рэдкасць. Яшчэ і таму, што гэты латвійскі горад ужо больш за дваццаць гадоў — пабрацім Віцебска. Але ж наколькі разнастайна, з “разыначкай”, умеюць госці штораз прэзентаваць сваё майстэрства! І ствараць на такіх прэзентацыях менавіта тую атмасферу, якая больш за ўсё будзе пасаваць характару самой выстаўкі.

Сёлета асабліва запомнілася адкрыццё выстаўкі, на якой былі сабраны лепшыя работы Міжнародных пленэраў імя Марка Роткі (нагадаем, нашага земляка) за апошнія восем гадоў. У зале Віцебскага абласнога краязнаўчага музея граў аркестр “Даўгава” — і пасля прывітальных прамоў кіраўнік Арт-цэнтра Марка Роткі Аляксей Буруноў запрасіў на танга консула Латвіі ў Віцебску Маргарыту Штэйна. Публіка, вядома, горача вітала іх імправізаваны танец, але самі яны былі шчыра здзіўлены, што ніхто не далучыўся. Можа, не хапіла такой жа раскаванасці? Ці папросту ўмення? Калісьці танцавальныя навыкі былі абавязковай часткай этыкету, і не толькі “прыдворнага”, але і хатняга. Сёння бальныя традыцыі пачалі патроху вяртацца, але — выключна ў варыянце “гламуру”. Выстаўка ж гэтая — авангардная. Прычым у лепшым сэнсе слова, без усякіх “псеўда-”, бо кожная работа (сярод якіх — і беларускія творы Аляксея Літвіна ды Віктара Нікалаева) выклікае цэлы шквал асацыятыўных сувязей, філасофскіх абгрунтаванняў. Глядзець яе і сапраўды лепш у цішы, прычым у сваім уласным запаволеным рытме. А вось адкрываць, як высветлілася, можна і з радасцю, што нясе ў сабе рух. Дык рушым насустрач авангарду?..


Манетка з аўтарскім правам

Фестывальны Горад майстроў ахапіў сёлета калі не ўвесь Віцебск, дык яго цэнтр — дакладна. Літаральна на кожным прыдатным кавалачку плошчы размясціліся каларытныя “падворкі”, дзе ішоў гандаль прамысловымі вырабамі ды прадуктамі харчавання. І аформлены яны былі часам куды больш прывабна ды крэатыўна, чым уласна “вуліцы” з шапікамі-паліцамі майстроў. На апошніх быў пераважна звычайны набор сувеніраў.

Калі што і кідалася ў вочы, дык часцей за ўсё аказвалася, што гэта — украінскае. Цэлае мора адметных магніцікаў — у розных стылях, з пажаданнямі кахання, грошай ды іншых даброт, з указаннем “адрасатаў” — ад сябраў да цешчы. Ніхто не мог мінуць і так званы Гетманскі манетны двор, “філіялы” якога змяшчаліся ў розных месцах Віцебска, а не толькі ў розных кутках уласна Горада майстроў. Ідэя — вельмі простая. Загатоўкі — круглякі з мяккіх металаў — медзі, алюмінія — памерам з манетку. “Пячаткі” з сімволікай фестывалю ці горада Віцебска, пажаданнямі ўсяго найлепшага. І вялізны молат-малаток, удар якога па “пячатцы”, прыкладзенай да кругляка, робіць з яго манетку. Ахвотных набыць “рарытэт” хапала. А паглядзець на хлопца ў шараварах, які “гуляе” малатком і біцэпсамі, быў натоўп. Хтосьці, замаўляючы манетку, якую вырабляюць на вачах і па тваім “праекце” (можна было выбраць, што будзе на адным баку, што — на другім), яшчэ і здымаўся з майстрам: маўляў, мы абодва “манетчыкі”. За 40 тысяч — адразу “тры ў адным”: відовішча, сувенір і фота.

Што да апошняга, дык над некаторымі столікамі віселі папярэджанні пра забарону фота- і відэаздымак. Над некаторымі — пра папярэднюю аплату. Майстры, відавочна, пачалі такім чынам “абараняць” свае аўтарскія ідэі. На ранейшых фестывалях часцяком сустракалася такая сітуацыя: з’яўляецца ў аднаго майстра штосьці цікавае, а праз год чагосьці падобнага “наштампавана” ўжо цэлая гара. Праўда, бывае і творчы працяг той або іншай мастацкай ідэі, прычым часта — у таго ж самага майстра. Яшчэ колькі гадоў таму, да прыкладу, лялькі былі чымсьці эксклюзіўным, гэткім “выключэннем” з правілаў. Цяпер жа яны — ледзь не ў кожнага чацвёртага. І ўсе — розныя. Але прыгожых, вельмі прыгожых і тым больш “вельмі-вельмі” — малавата. Што ні кажыце, а талент мастака ды ўласны творчы почырк патрэбны майстрам больш, чым каму іншаму.


“Карпаратыўны” досвед

Пра тое, як V Карпаратыўны фестываль “Факел” ААТ “Газпрам”, што праходзіў у Віцебску за пару месяцаў да ХХІІ “Славянскага базару ў Віцебску”, дапамог апошняму з рамонтам гатэлей і развіццём інфраструктуры, “К” ужо пісала (гл. № 28 за 2013 г.). Але ж гэты вопыт можна было б і пашырыць. Чым не прыцягненне сродкаў замежных інвестараў? Расіяне едуць да нас адпачываць, лячыцца, здымаць кіно… — спіс можна доўжыць. Можа, ён і сапраўды больш трывала дарасце да фестывальнай практыкі? Не толькі асобныя людзі, але і буйныя фірмы, аб’яднанні апошнім часам з усё большай зацікаўленасцю цягнуцца да мастацтва. І не толькі да яго ўспрымання, але і да... самастойнага яго стварэння. Карпаратыўным святкаванням становіцца цесна ў рэстараннай зале — яны выплёскваюцца на прыроду (не абавязкова з шашлыкамі), на жаданне самому выйсці на сцэну і заспяваць-затанцаваць. Як кожны буйны завод раней меў свой ДК, свой “унутраны” агляд-конкурс самадзейнасці, так і сёння — аматарскі рух усё больш ахоплівае карпаратыўную культуру. І гэтым трэба карыстацца! Мы ім — сцэнічныя пляцоўкі, рассяленне гасцей, арганізацыйную ды іншую дапамогу ў правядзенні іх карпаратыўных фестываляў і іншых буйных мерапрыемстваў. Яны нам — грошы, што пойдуць на ўдасканаленне матэрыяльнай базы нашых канцэртных залаў і гатэляў. Чым не зайздросны “бартар”, які можа мець плюсы для абодвух бакоў?..

Мінск — Віцебск — Мінск
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"