— Спаборніцтва, — распавяла пераможца, — з’яднала літоўцаў з усяго свету. Былі прадстаўнікі не толькі Еўропы, але і Канады, Амерыкі, Аўстраліі. Залаты медаль я атрымала ў катэгорыі ветэранаў. А па агульным заліку (там, дарэчы, былі два спаборніцтвы ў адзін дзень) апынулася на другім месцы. У Літве ўвогуле шмат разнастайных спартыўных клубаў, якія клапоцяцца пра ветэранаў спорту, даюць ім магчымасць не забывацца на сваю справу, праводзяць дабрачынныя выступленні ў іх падтрымку. Плаваннем я займалася ў дзяцінстве, ездзіла на спаборніцтвы, потым, на жаль, атрымала траўму… Цяпер, у свае 49 гадоў, хіба падтрымліваю форму, займаюся для сябе. Дый тэатр спаць не дае!..
Інжынер па адукацыі, Дзіяна спачатку працавала на аўтазаводзе. У 1990-я лёс прывёў яе спачатку ў Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, потым — у Драматычны тэатр Беларускай арміі, восем гадоў таму — у “Зніч”. А плаванне — гэта назаўжды.