Помнік Скарыну: праз 20 гадоў

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Прайшло акурат дваццаць гадоў з дня адкрыцця помніка Францыску Скарыну ў Лідзе. 25 ліпеня ў маляўнічым месцы зноў сабраліся госці і жыхары горада, каб адзначыць падзею. Літаратурную імпрэзу “Не знікне слова друкара” ладзілі супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Уздоўж сцежак да помніка на мальбертах размешчаны цытаты Скарыны, аформлена выстаўка-прысвячэнне. Музыканты выконваюць сярэднявечную музыку. За прыбраным сталом паважна сядзіць гістарычная асоба — Ефрасіння Полацкая…

Каб аддаць даніну Скарынавым справам у перакладчыцкай і друкарскай дзейнасці, з прамовай выступіў ксёндз касцёла Узвіжання Святога Крыжа. Як быццам пачуўшы яго словы, перад прысутнымі з’явіўся Скарына і пачаў чытаць прамову: “Я, Францішак, Скарынін сын з Полацка…”.

На мерапрыемства завіталі літаратары, краязнаўцы, чыё жыццё звязана з Лідчынай. Было вельмі прыемна паслухаць у іх выкананні вершы, прысвечаныя Скарыну. Апладысментамі сустракалі прысутныя знакамітага лідскага барда Сяргея Чарняка.

Узнёсла распавядаў пра адкрыццё помніка архітэктар, скульптар, мастак і паэт Рычард Груша. На святочную імпрэзу быў запрошаны і сведка той падзеі, актыўны дзеяч у шанаванні памяці Скарыны Міхась Мельнік.

Напрыканцы вядучыя запрасілі яшчэ раз пакланіцца першадрукару. Дарэчы, Ліда першай на Беларусі адкрыла помнік уласнай гісторыі і свайму герою, якога выбралі для манументальнага ўшанавання гараджане.

Ірына САЎСЯН, дырэктар Лідскай РЦБС