Уздоўж сцежак да помніка на мальбертах размешчаны цытаты Скарыны, аформлена выстаўка-прысвячэнне. Музыканты выконваюць сярэднявечную музыку. За прыбраным сталом паважна сядзіць гістарычная асоба — Ефрасіння Полацкая…
Каб аддаць даніну Скарынавым справам у перакладчыцкай і друкарскай дзейнасці, з прамовай выступіў ксёндз касцёла Узвіжання Святога Крыжа. Як быццам пачуўшы яго словы, перад прысутнымі з’явіўся Скарына і пачаў чытаць прамову: “Я, Францішак, Скарынін сын з Полацка…”.
На мерапрыемства завіталі літаратары, краязнаўцы, чыё жыццё звязана з Лідчынай. Было вельмі прыемна паслухаць у іх выкананні вершы, прысвечаныя Скарыну. Апладысментамі сустракалі прысутныя знакамітага лідскага барда Сяргея Чарняка.
Узнёсла распавядаў пра адкрыццё помніка архітэктар, скульптар, мастак і паэт Рычард Груша. На святочную імпрэзу быў запрошаны і сведка той падзеі, актыўны дзеяч у шанаванні памяці Скарыны Міхась Мельнік.
Напрыканцы вядучыя запрасілі яшчэ раз пакланіцца першадрукару. Дарэчы, Ліда першай на Беларусі адкрыла помнік уласнай гісторыі і свайму герою, якога выбралі для манументальнага ўшанавання гараджане.
Ірына САЎСЯН, дырэктар Лідскай РЦБС