Спонсар для фальклору: хіба гэта рэальна?

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Дырэктар “Купалінкі”: паралелі з рэп-калектывамі і фінскі феномен

Штогод пры вызначэнні ўдзельніка конкурсаў — ці гэта Еўрабачанне, ці гэта “Славянскі базар у Віцебску” — разгараюцца спрэчкі наконт таго, як жа прадставіць краіну. Дзіўна, але практычна не звяртаюць увагу на фальклорныя традыцыі. А яны пры якаснай падачы могуць прывабіць аўдыторыю. Гэта пацвердзілі і расійскія “Буранаўскія бабулі”, і малдаўскі “Здоб шы Здуб”, і беларуская “Купалінка”, якая дае канцэрты па ўсёй Еўропе. Напярэдадні адказных гастролей ансамбля карэспандэнт “К” літаральна “вылавіў” яго дырэктара Алега ЛІТВІНЮКА і даведаўся пра сакрэт поспеху.

/i/content/pi/cult/438/9127/12-1.jpeg

— Толькі за некалькі месяцаў бягучага года мы пабывалі ў Расіі, Эстоніі, Літвы, Фінляндыі. Шмат выступленняў было ў Польшчы, у тым ліку на адкрытых пляцоўках. Вядома ж, не забываецца калектыў і на беларускую публіку: увосень чакаецца вялікае гастрольнае турнэ па рэгіёнах нашай краіны. “Купалінка” выступіла і ў Канцэртнай зале UNESCO ў Парыжы гэтымі святочнымі для Беларусі днямі на пачатку ліпеня.

— У чым жа сакрэт запатрабаванасці?

— Галоўны фактар поспеху — прафесіяналізм. Не магу не адзначыць, што наш мастацкі кіраўнік — народная артыстка Беларусі Алена Цялькова з трапятаннем ставіцца да прафесіяналізму артыстаў. Кожная рэпетыцыя, канцэрт — гэта своеасаблівая справаздача для ўдзельнікаў і, разам з тым, адказ на пытанне: наколькі ён у дадзены момант адпавядае ўзроўню “Купалінкі”?

— Роля і функцыі дырэктара “Купалінкі”: што залежыць ад вашай працы?

— Арганізацыя канцэртаў, гастролей, набыццё інструментаў, касцюмаў. Гэтыя справы — мой галоўны абавязак. Вядома ж, даводзіцца займацца і ўсімі папяровымі клопатамі. Цяпер вяду пошук новых спонсараў.

— А “Купалінка” ўжо мае прыхільнікаў, гатовых ахвяраваць сродкі на творчасць?

— Так, зараз у нас ужо ёсць некалькі спонсараў — усе яны прадстаўляюць прыватны бізнес. Аднойчы запрасіў на канцэрт бізнесменаў, якія пры сустрэчы сказалі наступнае: “Мы гатовы вам дапамагаць”. Думаю, каб гэта было для іх не цікава, яны на нас не звярнулі б увагу. Цікавы факт у тэму: у Фінляндыі фальклорныя калектывы папулярныя не менш, чым рок-гурты…

— У свой час, наколькі мне вядома, вы займаліся “прасоўваннем” рэп-калектываў…

— Сапраўды, быў такі досвед. Не адзін год даводзілася працаваць з маладзёжнымі калектывамі, арганізоўваць шмат фестываляў, у тым ліку міжнародных. Разам з тым, мяне заўсёды вабіла самабытная беларуская культура, наша літаратура. Магчыма, да асэнсавання ўнікальнасці народнай культуры трэба было прыйсці з узростам. Улічваючы папярэдні досвед, ведаючы запатрабаванні моладзі, стараюся выказваць сваё бачанне праграмнай палітыкі “Купалінкі”. Мне імпануе, калі наш калектыў праз аранжыроўку прыўносіць у традыцыйную спеўную культуру элементы сучаснасці. Цікавіць і сам працэс падрыхтоўкі твора. Тым больш, што пераважная большасць песень — з запісаў сярэдзіны мінулага стагоддзя. Вельмі цікава, як нараджаецца новае выкананне старой песні. Што ж да рэпертуару нашага калектыву, то тут, што называецца, кожнаму знойдзецца нешта да густу. У нас маецца некалькі праграм: гэта і купальскія песні, і калядны ды вясельны цыклы. У багажы “Купалінкі” ёсць нават духоўныя творы. Неяк у праваслаўным храме Лодзі атрымалася паўдзельнічаць у літургіі.

— Ці ўплывае на рэпертуар меркаванне выканаўцаў, большасць з якіх — моладзь?

— Вядома ж, удзельнікі “Купалінкі” акрамя фальклору слухаюць сучасную поп-, тэхна-, рок-музыку, ходзяць на дыскатэкі, канцэрты, цікавяцца новымі тэндэнцыямі. Іншая справа, што агульная для ўсіх нашых выканаўцаў праблема — наяўнасць часу. З тым графікам, які атрымаўся ў сёлетнім сезоне, разумееш, чаму знакамітыя замежныя выканаўцы вымушаны літаральна зачыняцца ў студыі на тры — чатыры месяцы і толькі так ствараць альбомы. На жаль, мы не можам сабе такое дазволіць. Калі паміж гастролямі выдаецца тыдзень-другі вольны — імкнёмся яго выкарыстоўваць для стварэння, запісу кампазіцый.

— “Купалінка” выконвае за мяжой прадстаўнічую функцыю ці ўсё ж праводзіць і камерцыйныя канцэрты?

— Летась мелі некалькі камерцыйных выступленняў, уключаючы поўнафарматныя канцэрты, у тым ліку ў Польшчы і Расіі. Красамоўны факт: з усіх калектываў Белдзяржфілармоніі “Купалінка” займае трэцяе месца па аб’ёмах заробленых сродкаў. Калі ж звярнуцца да нашай статыстыкі, то толькі летась ансамбль правёў 65 канцэртаў, 16 з якіх былі бясплатнымі.

— А як калектыў прадстаўлены ў Інтэрнэце?

— Найчасцей канцэртныя залы выходзяць на нас з запрашэннем выступіць з канцэртам менавіта праз Інтэрнэт. І гэта прытым, што пакуль “Купалінка” прадстаўлена толькі асобным раздзелам на сайце Белдзяржфілармоніі. Зараз вядзецца праца над нашым сайтам, які, мяркую, прадставім увосень. Там будзе прадстаўлена поўная інфармацыя пра калектыў, відэаролікі, аўдыяматэрыялы, фотагалерэя. Вядома ж, на сайце мае змяшчацца інфармацыя пра графік “Купалінкі”. Стараемся выкарыстоўваць магчымасці сацыяльных сетак. Але для “прасоўвання” “Купалінкі” мы не абмяжоўваемся толькі магчымасцямі Інтэрнэту — зараз рыхтуюцца нашы новыя плакаты.

— Мяркуеце, што такая рэкламная прадукцыя працуе эфектыўна?

— Прывяду прыклад. Колькі дзён таму да мяне звярнуліся з аднаго са сталічных рэкламных агенцтваў. Як аказалася, яны выпадкова пазнаёміліся з нашай промапрадукцыяй і вырашылі прапанаваць супрацоўніцтва. Хацелася б правесці маштабную рэкламную кампанію, але мы разумеем, што не валодаем вялікімі сродкамі. Таму даводзіцца дэталёва ўсё пралічваць, часам — выбіраць кампраміснае рашэнне.

— Калі можна будзе ўбачыць кліп “Купалінкі”?

— Шчыра кажучы, гэта справа не бліжэйшай будучыні. Існуе шэраг пытанняў, якія трэба вырашаць. Адно з іх, зноў жа, — фінансавае. Стварэнне прафесійнага кліпа каштуе не менш як 15 тысяч долараў ЗША…

— Вы казалі пра магчымасці Інтэрнэту, тэлебачання. А ці гучаць кампазіцыі “Купалінкі” ў FМ-дыяпазоне?

— На жаль, не атрымліваецца адсочваць ратацыю песень. Тым не менш, даўно працуем з радыёстанцыямі ды імкнёмся аператыўна прыносіць ім новыя кампазіцыі. Перакананы, што айчынным эстрадным выканаўцам было б лагічна разбаўляць рэпертуар фальклорам, тым больш, што межы музычных стыляў, а разам з імі — і радыёфарматаў, паступова сціраюцца...

— Каб пашырыць рэпертуар, выканаўцы народных спеваў выбіраюцца ў фальклорныя экспедыцыі. Ці маецца падобная практыка ў “Купалінкі”?

— На паўнавартасныя экспедыцыі не хапае часу. Тым не менш, пад час нашых выступленняў у аграгарадках мы просім даць праслухаць запісы аўтэнтычных выканаўцаў, па магчымасці сустрэцца з мясцовымі спевакамі. Дзякуючы такім сустрэчам у нас маюцца напрацоўкі і па стварэнні касцюмаў.

— Чаго не хапае маладым беларускім выканаўцам, каб знайсці сваё месца на сцэне?

— Галоўнае — любіць і разумець тое, што робіш, цалкам выкладвацца. Здаецца, тое — элементарныя ісціны, якія можна зразумець на прыкладзе заходніх мегазорак. Іншая праблема — падрыхтоўка менеджараў. У Беларусі не хапае прафесійных спецыялістаў па арганізацыі канцэртаў, “раскрутцы” таленавітых выканаўцаў. Асабіста я да гэтага ішоў метадам спроб і памылак, эксперыментаваў, набіваў сабе гузакі… Немагчыма прыйсці ў шоу-бізнес і адразу пачаць зарабляць вялікія грошы: гэта нерэальна.

— Відаць, грашовы складнік у шоу-бізнесе адыгрывае немалаважную ролю?

— Так, але не асноўную. Нават вялікія грошы не гарантуюць поспех. Добрае фінансаванне праекта дазваляе хіба што змяніць часавыя рамкі пэўных дасягненняў. Перакананы, што нават выкарыстоўваючы вялікія грошы нельга падмануць слухача…

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"