Магія па-беларуску

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

У Віцебскім мастацкім музеі адбылася юбілейная выстаўка Таццяны і Юрыя Рудэнкаў “Толькі вечныя каштоўнасці”, прымеркаваная да “Славянскага базару-2013”.

Яе экспанаты — звыш 160 — дарэчы, зусім не “вечныя”, бо ўжо ў першыя дні фестывалю адзін з абразоў (іх Таццяна пачала ствараць у апошнія два гады, атрымаўшы блаславенне на радзіме хрысціянства) быў прыдбаны ў прыватную калекцыю. Яно і не дзіва, бо ўся экспазіцыя — спрэс дзівосы, ды яшчэ якія! Фантазія аўтараў — бязмежная, густ — бездакорны, майстэрства — найвышэйшы пілатаж! А ўсё разам — захапленне прыгажосцю…

/i/content/pi/cult/438/9126/11-3.jpeg

Кожная работа — сінтэз стыляў ды тэхнік пісьма, што і ўтварае аўтарскі почырк. Батык спалучаецца з вышыўкай па тканіне, выкарыстаннем бісеру, нітак, наматаных на скрутачкі, што надае выявам аб’ёмнасць. Ёсць і габелены, адметная ювелірная пластыка, кераміка, міні-скульптурныя вырабы на мяжы дызайну і інсталяцыі, больш звыклыя жывапісныя работы — алеем на палатне, але, зноў-такі, — часцей з выкарыстаннем аўтарскай тэхнікі.

Тэматыка — самая разнастайная. Але ўсё, да чаго ні дакраналіся б мастакі, азорана тонкім адчуваннем нацыянальнага. Свет фэнтазі і наша беларуская даўніна, дзе нібыта ажываюць гістарычныя асобы з роду Радзівілаў. Рамантычныя партрэты, часам з некаторымі ледзь прыкметнымі “спасылкамі” на парадныя радзівілаўскія партрэты. Гістарычную повязь працягваюць дзве работы з аднолькавай назвай “Горад Шагала”: адна — габелен, другая — батык. Па-новаму асэнсоўваючы шагалаўскія вобразы, яны выбудоўваюць іх у адзіную філасофскую канцэпцыю, падпарадкаваную не толькі традыцыйным, але і аўтарскім уяўленням пра творчасць гэтага мастака. Цыкл “Па хвалях маёй памяці” ахоплівае ўвасабленні самой Таццяны — у розных ракурсах, на фоне нейкай касмічнай прасторы.

Усходняя тэма (“Тэатр кабукі”, “Тайны пірамід”) — бы развіццё знойдзенага мастакамі Парыжскай школы. Нават “Белая магія” (чым не сімвал?) — і тая вядзе нас да беларускай абраднасці. Да воўны і шоўку дадаецца лён, ручное ткацтва — у нацыянальных традыцыях.

Але ж чым так адрозніваюцца ўсе нітачкі-гузікі-бісер-тканіны ад праславутага “жаночага рукадзелля”, з якога смяюцца “высокія” прафесіяналы? Мастацтвам. Майстэрствам. Мудрасцю. Дасканаласцю, “пралічанасцю” кампазіцыі яшчэ і на ўзроўні драматургіі, што развіваецца ў часе. Можа, менавіта ў гэтым уся прывабнасць сямейнага саюза? Бо жаночая любоў да дэталей, імкненне да гармоніі, палёт інтуіцыі спалучаюцца з “жалезнай” мужчынскай логікай і каструктыўнасцю.

Ці не ў кожнай рабоце — эстэтычнае адкрыццё і філасофія “Залатыя купалы” раптам нагадваюць тры розныя станы маятніка — і ўзнікае тэма часу, хуткаплыннасці і вечнасці. “Залюстэрачча”, спалучаючы элементы кубізму з мудрагелістай звілістасцю ліній, не столькі “размывае” адчуванне рэальнай прасторы, колькі паглыбляе нашы ўяўленні пра яе шматграннасць...

Мінск — Віцебск — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"