Франсуаза і сакрэты Бржазоўскай

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Урокі беларускага танца для французскай балерыны

Амаль што на два тыдні госцем Беларусі стала францужанка — Франсуаза Уільсан-Бало. Прыватны, здавалася б, візіт. Але мэтай яе прыезду было павышэнне выкладчыцка-харэаграфічнай кваліфікацыі ў народнай артысткі Беларусі Людмілы Бржазоўскай, з якой яна, як аказалася, знаёмая са свайго дзяцінства. Таму гэтая падзея можа лічыцца нават не ўскосным, а самым што ні ёсць прамым сведчаннем высокага сусветнага статуса нашай харэаграфічнай школы. І, зразумела, іміджа самой Людмілы Генрыхаўны, якая была і застаецца нашай прымай — на сцэне і ў рэпетыцыйнай зале.

/i/content/pi/cult/438/9124/6-1.jpeg

— Цяперашняя гісторыя, — усміхаецца Франсуаза, — мае перадгісторыю. Напрыканцы 1970-х, калі мне было восем гадоў, мой бацька, французскі інжынер, прыехаў працаваць у Мінск. І мы ўсёй сям’ёй — бацька, маці, я і мая малодшая сястра — жылі тут два гады. Дарэчы, французскіх сем’яў тады было шмат, нас усіх пасялілі ў шматпавярхоўцы на праспекце Пушкіна. Але ў кожнага, вядома, былі і свае прыхільнасці. Я (пэўна, як і ўсе дзяўчынкі ў такім узросце) захаплялася танцамі. Гэта была любоў, нават жарсць! Разам са сваёй беларускай сяброўкай Верай Савінай я хадзіла на ўсе балеты ў ваш Вялікі тэатр! І пасля кожнага спектакля бегла за кулісы, каб выказаць сваё захапленне Бржазоўскай. Я бачыла яе на сцэне — і потым у жыцці. І гэта быў адзін і той жа вобраз — нейкай незямной жанчыны, што складаецца з адухоўленай душы. Душы амаль касмічнай — і пры гэтым неверагодна цёплай, шчырай. Папраўдзе ідэальны вобраз Балерыны, якая, да ўсяго, умее знайсці шмат нюансаў у кожнай партыі, дакладна перадаць псіхалагічны стан сваіх гераінь, нават казачных. Ну што ёй да мяне, дзяўчынкі? А калі праз столькі гадоў я звярнулася да яе, раптам аказалася, што яна мяне таксама памятае... Я і тады, у сваіх дзіцячых марах, хацела быць на яе падобнай, танцаваць, як яна. І штораз, вяртаючыся з тэатра дадому, навучала ўсіх суседскіх дзяцей класічнаму танцу. Дый сама я каля года займалася ў вашым харэаграфічным вучылішчы…

— У Францыі заняткі прадоўжыліся?

— Вядома. Я скончыла Нацыянальную кансерваторыю ў Тулузе, а першы кантракт атрымала ў Парыжы. Потым танцавала ў такіх калектывах, як балет Ліможа, трупа бельгійскага харэографа Яна Фабра, амерыканскага і нямецкага пастаноўшчыка ў стылі мадэрн Уільяма Фарсайта ў Франкфурце, працавала я і ў Канадзе. На Захадзе, вы ж ведаеце, распаўсюджаны не пастаянныя рэпертуарныя трупы, а сістэма кантрактаў на тую або іншую пастаноўку. Так што мне даводзілася танцаваць усё: і Танец маленькіх лебедзяў, і мадэрн, і балетныя фрагменты ў аперэтах, операх, у тым ліку — характарныя танцы ў той жа “Травіяце”. А зараз я жыву ў Бургундыі, у мяне свая прыватная балетная школа, дзе — каля сотні навучэнцаў розных узростаў. Некаторыя прыязджаюць ажно за трыццаць кіламетраў! І я навучаю іх культуры менавіта класічнага танца.

— Але ж на Захадзе, наколькі мне вядома, больш распаўсюджаны сучасныя кірункі…

— Так, у Францыі вельмі развіты той жа мадэрн — не як даніна модзе, а як заканамерная стылёвая эвалюцыя харэаграфічнага мастацтва. Мне і самой, як я ўжо сказала, даводзілася ўдзельнічаць у такіх авангардных пастаноўках. Але класічны танец — аснова ўсіх асноў. І галоўнае — гэта база французскай культуры. Людовік ХIV у ХVII стагоддзі стварыў Каралеўскую акадэмію танца ў Луўры. Гэта была першая ў свеце балетная школа, дзякуючы якой Францыя стала радзімай класічнага танца. Амаль кожны рух у балеце называецца французскім словам ці фразай, уся балетная тэрміналогія — французская, таму мне так лёгка размаўляць з калегамі з любых краін. Дый сёння стыль французскага класічнага танца — заўсёды пазнавальны, бо гэта, найперш, элегантнасць і вытанчанасць. А класічная школа — база для любога стылю, уключаючы мадэрн.

— Дык чаму вы ўсё ж вучыце ў першую чаргу: класіцы — як базе для засваення іншых кірункаў — ці, праз класіку, французскай вытанчанасці?

— Артыстызму! У мяне займаюцца людзі розных узростаў. Хлопчык — толькі адзін, яму тры з паловай гады. А ёсць і зусім дарослыя жанчыны, прыблізна гадоў да 45-ці. Я не імкнуся зрабіць з іх прафесіяналаў, дый гэта часам і не магчыма. Канешне, мне вельмі хацелася б, каб якая-небудзь дзяўчынка, як калісьці я сама, закахалася ў балет так, каб ён стаў яе прафесіяй. Але гэта залежыць не толькі ад мяне. Хтосьці прыходзіць займацца толькі раз на тыдзень — ну, літаральна, каб роўна трымаць спіну. Але праз гэтыя ўрокі я намагаюся паглыбіць сваіх выхаванцаў у прыгажосць танца, у саму балетную эстэтыку. Улады нас падтрымліваюць. Зала, дзе мы займаемся, знаходзіцца ў мэрыі, там ёсць усё неабходнае: і балетны станок, і люстэркі — сапраўдны рэпетыцыйны клас. Групы фарміруюцца ў залежнасці ад узросту. Зразумела, што з маленькімі і дарослымі гутарку трэба весці на розных мовах. Неяк запытваюся ў дзяцей: хто глядзеў “Лебядзінае возера”? Высветлілася — ніхто. А на наступным занятку — так і цягнуць рукі: усе паглядзелі! Мы ж не толькі выконваем практыкаванні, але і абмяркоўваем тыя або іншыя спектаклі (знайсці іх у запісе не цяжка), я шмат расказваю, у тым ліку — пра беларускі балет. На жаль, цяпер сезон ужо закрыўся, таму новых вашых пастановак паглядзець не давялося.

— Самі нейкія спектаклі таксама ставіце?

— А як жа без гэтага? Дзеці павінны адчуць і смак сцэны, і хваляванне ад выступлення на публіцы. Напрыканцы года абавязкова ладзім “выпускны”: трэба паказаць усім — родным, блізкім, сябрам (і самім сабе таксама), чаму навучыліся.

— А касцюмы хто шые?

— Я сама.

— Дык вы яшчэ і майстрыха! А кажуць, нібыта толькі нашы жанчыны на ўсё здольныя...

— Чым больш чалавек ведае, умее, тым больш цікавае ў яго жыццё: ён зможа паўней раскрыць свае здольнасці, рабіць тое, што прынясе яму асалоду. А калі гэта будзе атрымлівацца добра, дык яшчэ — і грошы. Я, да прыкладу, распісвала мэблю, здымаючы з яе верхні слой, алеем і лакам — па матывах старых польскіх малюнкаў часоў Рэчы Паспалітай (можа, сярод іх былі і беларускія?). Рабіла жаночыя сумачкі з французскай саломкі. У мяне ёсць коні, бо я іх вельмі люблю. Суседзі аддалі нам поні, мы прымайстравалі вазок, і дзеці ездзяць на ім у суседнюю вёску. А зараз я прыдумала і вырабляю вось такія сувенірныя наборы. Усім вельмі падабаецца!..

Франсуаза дастае невялічкія, стыльна запакаваныя празрыстыя пакецікі. Унутры кожнага — кавалачак неафарбаванай ільняной тканіны, каляровыя ніткі, паперчына з малюнкам. Штосьці з разраду “Зрабі сам”. Абраўшы ўпадабаны малюнак ды карыстаючыся інструкцыяй, можна самастойна вышыць яго крыжыкам — і атрымаецца сапраўдны амулет. Сапраўдны, бо зроблены сваімі рукамі і ўтрымлівае іх цяпло, энергетыку, поўніцца той радасцю, з якой вырабляўся. Яго можна павесіць на сценку (у Францыі, распавяла Франсуаза, любяць вешаць на дзверы), а можна насіць як медальён.

— У Людмілы Бржазоўскай бацька быў вядомым мастаком. А вы ў каго такой мастачкай урадзіліся? Ваш бацька, вы казалі, — інжынер...

— А маці — доктар фізіка-хімічных навук. Але гэта не перашкаджала ім добра ведаць, да прыкладу, рускую літаратуру ХХ стагоддзя. Яны чыталі такія раманы, як “Ціхі Дон” Шолахава, які лічылі адным з самых грандыёзных твораў сучаснасці, “Майстар і Маргарыта” Булгакава, “Доктар Жывага” Пастэрнака. Сястра мая стала ўрачом. А вось стрыечны дзед, Жорж Уільсан, — адзін са стваральнікаў тэатральнага фестывалю ў Авіньёне. Артыст Ламбер Уільсан, вядомы па двух фільмах “Матрыца...”, — мой родны дзядзька. Мастакамі ж былі бабуля і дзядуля майго мужа — віяланчэліста Стэфана Бало. Ён грае ў аркестры, а таксама сольна, пад творчым псеўданімам Філ Парыс. Выступаў у Крамлёўскім Палацы з’ездаў, ладзіць сумесныя праекты з вядомым шатландскім спеваком Рычардам Сандэрсам — яго бліжэйшым сябрам. І менавіта Стэфан, дарэчы, дапамагае мне падбіраць музыку для дзіцячых спектакляў. Ну, а маім дачкам 17 і 14 гадоў.

— Дык усё ж, які харэаграфічна-педагагічны вопыт вы пераймалі ў Людмілы Бржазоўскай? Як педагог-рэпецітар балетнай трупы нашага Вялікага тэатра, яна займаецца з прафесійнымі салістамі. Вы — з аматарамі, пераважна дзецьмі. Методыка ж — розная!

— Я імкнулася пераняць сакрэты стварэння сцэнічнага вобраза, у вас гэтаму надаецца шмат увагі. І для маіх выхаванцаў гэта, бадай, самае галоўнае. Танец немагчыма пераказаць словамі, але адзін няўлоўны рух, дотык, нават позірк — і ўсё змяняецца: герой выяўляе іншыя эмоцыі! А колькі розных пачуццяў у характарных танцах, у народных! Калі я займалася ў кансерваторыі ў Тулузе, у нас раз на тыдзень былі і ўрокі народнага танца. Я танцавала “Матроскі танец” з рэпертуару ансамбля Маісеева. У народных танцах, асабліва славянскіх, усё надзвычай прыгожа і гарманічна: музыка, пластыка, песеннасць, часта ёсць і сюжэтныя абрысы. А якія прыгожыя ўжо самі назвы беларускіх танцаў! “Бульба”, “Крыжачок”, “Лявоніха”...

— Што яшчэ щразіла пад час другой  паездкі ў Беларусь?

— Усё. Мінск вельмі змяніўся. Ён так разросся! І хаця я адразу пазнала і дом, дзе мы жылі (у двары бацькі залівалі нам каток), і Мінскае мора (мы там адпачывалі ўлетку), наваколле — зусім іншае. Першае, што кідаецца ў вочы — дзеючыя храмы, каталіцкія ды праваслаўныя. Раней яны былі зачынены, выкарыстоўваліся не па прызначэнні. Памятаю, у касцёле Дзевы Марыі на плошчы Свабоды быў, здаецца, спартыўны клуб... Вельмі спадабаліся мне вашы “вулічныя” мастацкія выстаўкі. Пабывала я і ў загараднай майстэрні Ігара Бархаткова, падзівілася не толькі на яго карціны, але і на дэкаратыўных курэй, якіх ён разводзіць: ёсць нават падобныя на пудзеляў... Уражанняў шмат! Але ўсё роўна, самыя галоўныя — ад сустрэч з Людмілай Бржазоўскай. З ёй перакладчык быў не патрэбны: пластыка Балерыны — самая дакладная мова душы…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Выказваем вялікую падзяку Веры Савінай, якая выступіла перакладчыкам пад час інтэрв’ю.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"