Заўтра не прыйдзе ніколі?

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Сяргей ПУКСТ, кампазітар, музыкант, радыёвядучы

Мяне апошнім часам мучыць адно пытанне. Я проста фізічна адчуваю: усё, што мяне атачае, цягне мяне назад — у мінулае.

Вось, напрыклад, нядаўна адбылася выстаўка Аляксандра Шылава ў Нацыянальным мастацкім музеі. Я разумею, што гэтага мастака многія любяць. Гэта, на маю думку, цалкам прыстойны салонны жывапісец. Я памятаю яго “перабудовачны” альбом, калі Аляксандр “пералічваў” усе валасінкі на галаве сваіх мадэлей, беражліва і трошкі па-канцылярску фіксаваў кожную зморшчынку сукенкі, што выклікала здаровы смех кожнага больш-менш навучанага мастака: гэта справа двух-трох дотыкаў пэндзля.

Тады ж пакаленне нашых бацькоў пыталася ў нас: “Чаму вы не можаце гэтак жа добра маляваць?”, — цалкам сур’ёзна мяркуючы, што Аляксандр Шылаў з’яўляецца пераемнікам традыцый Рокатава і Лявіцкага, хоць і дастаткова было прайсці ў наступную залу, каб паглядзець на Рокатава ды Лявіцкага і зразумець, што ў Шылава ад іх нічога няма нават блізка. Так атрымліваецца, што ўсё ж такі яны мелі рацыю. Прычым у Нацыянальным мастацкім музеі ладзіцца шмат цудоўных выставак разам з гэтай. Шылаў, колькі сябе памятаю, праходзіў у адной катэгорыі разам з такімі “блізкімі і зразумелымі людзям” мастакамі, як Ілья Глазуноў ды Аляксандр Ісачоў.

Але самае галоўнае ў тым, што нам ізноў нібыта тлумачаць: “Раней было лепш”, — прывучаючы да, па сутнасці, рэтраграднага ўспрыняцця мастацтва.

Такая ж сітуацыя выразна назіраецца і ў нашай музыцы. Апошнім часам мне даводзілася ўдзельнічаць у двух адборачных экспертных саветах. Уражвае наступны факт: вялізная колькасць маладых, перспектыўных, навучаных гуртоў абіраюць музыку сваіх бацькоў ці нават дзядуль, выконваючы гаражны рок і псіхадэліку. Вялізную папулярнасць набірае так званы рэвайвэл рок (у перакладзе “рок адраджэння”). І музыканты ўсё больш ахвотна пагаджаюцца плыць па хвалях жанравай музыкі, па сутнасці, адмаўляючыся мысліць самастойна. Так, у нас у Беларусі ёсць шэраг цікавых гуртоў, але іх трэба слухаць. Пад іх нельга паесці, папрытупваць у такт, расслабіцца і выпіць, нарэшце. Нельга забыцца.

Пачуць новае — гэта высілак. Што такое новае, “ваш гэты футурызм”? — запытае чытач. Я адкажу: новае гукавое спалучэнне, тое, што ты раней не бачыў і не чуў. Тое, што запатрабуе ад цябе высілкаў на мяжы адмаўлення. Але, пераадольваючы, ты будзеш развівацца. Ты, нарэшце, прачнешся.

Таму што і гурты, якія граюць “стары добры” рок-н-рол, і тая ж згаданая выстаўка як з’явы аднаго парадку падораць табе толькі сон. Вядома, вельмі прыемны, расслаблены, таму што ён не вымагае высілкаў, не прапаноўвае аніякіх канструктыўных ідэй для развіцця.

Проста, калі гэта прыняць, то свет лепшым не стане. Ніколі.