Дэман Яўгена Ждана

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

15 снежня будзе святкаваць свой 70-гадовы юбілей знакаміты беларускі тэатральны мастак, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Яўген Іванавіч Ждан.

 /i/content/pi/cult/142/912/Deman.jpg

Я.Ждан. Эскіз касцюма Дэмана.

З імем гэтага чалавека звязаны яскравыя старонкі ў выяўленчым і тэатральным мастацтве Беларусі. У ягонай творчай скарбонцы — самыя разнастайныя каштоўнасці: эскізы касцюмаў і дэкарацый да цэлага шэрагу знакамітых спектакляў (“Пасля балю” Г.Вагнера, “Русалка” А.Даргамыжскага, “Цыганскі барон” І.Штраўса, “Яўгеній Анегін” П.Чайкоўскага, “Князь Ігар” А.Барадзіна, “Аіда” Дж.Вердзі, “Дэман” А.Рубінштэйна, “Галька” С.Манюшкі і іншыя); жывапісныя палотны, прысвечаныя гістарычнаму мінуламу Беларусі, — такія, як “Князь Чарадзей Полацкі”, “Францыск Скарына”, “Еўфрасіння Полацкая”, “Рагнеда” і інш.
Пейзаж займае асобнае месца ў творчасці Я.Ждана. Велічная прыгажосць роднай беларускай зямлі натхняюць яго сэрца і душу на стварэнне цудоўных паэтычных замалёвак: “Мой родны кут”, “Ваколіца”, “Вясенні гоман”, “Зімовы дзень”, “Стары парк Рдултоўскіх”, “Восеньскі туманны дзень”. У своеасаблівай, незвычайнай манеры напісаны аўтапартрэты і партрэты “Ірына”, “Маці”, “Спявачка Нагіма Галеева”, “Марк Шагал”.
У творах Я.Ждана прысутнічае адухаўленне прыроды, глыбокае адчуванне хараства. Асноўны прынцып мастака — цэльнасць філасофскага і паэтычнага бачання. Ён стварыў свой свет — арыгінальны, непаўторны, лірычны. Яго палотны можна разглядаць як цікавую кнігу гісторыі беларускага народа, яго мінулага і сучаснага.
Прафесійнае майстэрства, своеасаблівае мастацкае асэнсаванне вобразаў у жывапісных карцінах, тэатральных дэкарацыях даюць права паставіць імя Яўгена Ждана ў шэраг знакамітых дзеячаў нацыянальнай культуры. 18 снежня ў Музеі гісторыі беларускага кіно адбылося адкрыццё выстаўкі работ юбіляра. На ёй прадстаўлены эскізы касцюмаў і дэкарацый да розных спектакляў, фотаздымкі, сцэнічныя касцюмы да спектакля “Галька” С.Манюшкі, якія захоўваюцца ў фондах музея, а таксама жывапісныя палотны з уласнай калекцыі мастака, створаныя ў апошні час.

Ірына ПАНЧАНКАВА,
навуковы супрацоўнік
Дзяржаўнага музея
гісторыі тэатральнай
і музычнай культуры