Крэатыў ля літары "Ў"

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Працягваюць паступаць водгукі на публікацыю “У Беларусі не патрэбны чытальныя залы на вуліцы?”. Вось чарговы з іх.

Для прыцягнення наведвальнікаў, стымулявання зносін паміж імі бібліятэкі выходзяць на вуліцы горада і выкарыстоўваюць разнастайныя інструменты PR-дзейнасці. Адным з самых выніковых аказалася арганізацыя спецыяльных падзей у форме святаў. Так, ля памятнага знака літары “Ў” Цэнтральная бібліятэка імя Францыска Скарыны горада над Палатой зладзіла для жыхароў і гасцей горада вулічнае свята “Літаратурны салют — Полацку”.

Каб дапамагчы адкрыць для сябе новыя кнігі ды атрымаць карысную інфармацыю, бібліятэкары прапанавалі мінакам пазнаёміцца з выстаўкай-галерэяй “Крэатыўныя кнігі”. Самымі зацікаўленымі сталі маленькія палачане. Бібліятэкары адабралі для гэтай выстаўкі незвычайныя кнігі з фондаў бібліятэк горада. Тут можна было пазнаёміцца з літаратурай у розных фарматах. Мелася магчымасць на хвіліну заглыбіцца ў свет 3D-графікі, надзеўшы спецыяльныя акуляры.

Прыцягнула ўвагу жыхароў “Бібліятэчная лаўка”, на якой прайшла выстаўка-віктарына “Займальная класіка”. Бібліятэкарамі аддзела абслугоўвання ЦБ імя Фрынцыска Скарыны была арганізавана кніжная выстаўка “Інтэлектуальнае чытанне”. Шматлікія кнігі з’яўляюцца лаўрэатамі вядомых прэмій або ўдзельнікамі ТОП-аў лепшых кніг.

Цягам усяго свята на пляцоўцы ля памятнага знака літары “Ў” гучалі вершы і песні полацкіх паэтаў, членаў літаратурных аб’яднанняў горада “Полацкая галіна”, “Наддзвінне”, “Каўчэг”, якія сталіся своеасаблівым прызнаннем у любові паэтаў да роднага горада. Упрыгожыла свята музычнае суправаджэнне народнага ансамбля беларускай песні і музыкі “Полацкія россыпы”.

Сюрпрызам для жыхароў і гасцей горада стала акцыя буккросінгу — “Кніга ў падарунак”, якую арганізавала Цэнтральная бібліятэка. Бібліёграфы аддзела маркетынгу выйшлі ў парк з найлепшым падарункам — кнігай! Кожны ахвотны мог выбраць любое выданне на свой густ і ўзяць яго сабе бясплатна, наўзамен пакінуўшы сваю кнігу. Вынікі акцыі былі вельмі красамоўныя: з прапанаваных выданняў практычна нічога не засталося, усё разабралі.

Бібліятэкары актыўна размаўлялі з мінакамі, пыталіся пра тое, ці чытаюць яны, калі так, то дзе, рэкамендавалі прыходзіць у бібліятэкі для таго, каб скарыстацца літаратурай, што там маецца. У шырокім асартыменце была падрыхтавана выдавецкая прадукцыя: буклеты, стыкеры, закладкі аб рабоце бібліятэк і пра паслугі, якія яны прадстаўляюць.

Вынікам праекта стаў рух флэшмобу “Бібліятэка — старт паспяховых пачынанняў!”. Удзельнікамі стала моладзь горада, якая чытае. Маладыя людзі праз танец паказалі, што дзякуючы кнігам веды пераходзяць ад чалавека да чалавека, падкрэслілі, што бібліятэка — гэта старт паспяховых пачынанняў, і тым самым запрасілі публіку прыходзіць у бібліятэкі, знаёміцца з інфармацыйнымі прадуктамі, удзельнічаць у конкурсах ды акцыях…

Алеся СТУПАКОВА, намеснік дырэктара Цэнтральнай бібліятэкі імя Францыска Скарыны

Полацк