Ці можа рок-музыка стаць "саўндтрэкам" да патрыятычнага свята?

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Да Дня Незалежнасці нашых паўднёвых суседзяў тэлеканал “Украіна” зрабіў святочны ролік пад новы хіт “З нею” гурта “Акіян Эльзы”. А відэавыява складзена з лепшых фота- і відэаздымкаў, дасланых на конкурс. Ці можа такі вопыт быць цікавым для Беларусі? Са свайго боку, мы паспрабавалі вылучыць тры складнікі. Па-першае, ролік (і песня) круціліся ў святочны і перадсвяточныя дні безліч разоў — літаральна як рэклама. Наша ж практыка звычайна супрацьлеглая: каб песня не гучала на тым жа дзяржаўным радыё больш як раз на дзень. Па-другое, да ўдзелу ў “здымках кліпа” запрашаюцца ўсе ахвотныя, і гэта яшчэ больш павялічвае папулярнасць песні. Па-трэцяе, рок-гурт і патрыятызм не разведзены па розныя бакі, а ўяўляюць з сябе “сумесны праект”.

Таццяна ЯКУШАВА, загадчык аддзела музычных праграм Галоўнай дырэкцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё:

/i/content/pi/cult/438/9114/3-9.jpeg

— Невыпадкова вы вылучылі тры аспекты. Не, сама па сабе ідэя — цудоўная! Але ж... Адразу ўзнікае адчуванне, нібыта ўся задумка — бы палка з двума канцамі. Бо акрамя ўласна патрыятызму, гэта яшчэ і піяр-акцыя для “Акіяна Эльзы”. Я разумею, што гурт і без таго мае шалёную папулярнасць. Але пасля такога праекта рэзка паболее запрашэнняў на мерапрыемствы ўсіх рангаў.

Прынцып паўтораў прыняты на камерцыйных станцыях. На Беларускім радыё, сапраўды, дзейнічае супрацьлеглы прынцып. Мы адсочваем, каб адна песня не паўтаралася даволі часта. Іншая справа, калі песня — новая: яна гучыць часцей, каб усе паспелі з ёй пазнаёміцца. Наша задача — не стамляць аднастайнасцю, “асвяжаючы” эфір. Тым больш, дзяржаўныя каналы арыентаваны на ўвесь узроставы ды сацыяльны зрэз.

Каб увасобіць ідэю яднання нацыі, зусім не абавязкова звяртацца да рок-музыкі. Гэта можа быць і класіка жанру, прыцягальная для людзей старэйшага пакалення, але ў сучаснай аранжыроўцы. Украінскі праект, на мой погляд, усё ж арыентаваны на пэўную частку аўдыторыі. Так, ён скіраваны на патрыятычнае выхаванне моладзі — і гэта цудоўна! Што ж да беларускага рока, дык нельга сказаць, што ён у нас абдзелены ўвагай таго ж тэлеэфіру, — дастаткова ўзгадаць і канцэрты ля сцен Мірскага замка, і іншыя праекты, у тым ліку прымеркаваныя да дзяржаўных святаў. Але тут таксама вытрымліваецца прынцып разнастайнасці, а не гульні ў адны вароты...


Уладзімір ПУГАЧ, лідар гурта “J:Mors”:

/i/content/pi/cult/438/9114/3-8.jpeg

— Такі вопыт, да якога прыйшлі нашы бліжэйшыя суседзі, сведчыць пра сталасць культурнай і грамадзянскай самасвядомасці ва Украіне. У Беларусі ж, як мне здаецца, кругагляд людзей, што адказваюць на тэлеканалах за рэпертуарную палітыку, абмяжоўваецца, як правіла, эстрадай і шансонам. Тут няма нейкай канспіралогіі, якая выяўляецца ў жаданні ўсё тлумачыць гэткімі “тайнымі змовамі”, — гэта, лічу, усяго толькі інертнасць мыслення. А яшчэ — адсутнасць сапраўднай канкурэнцыі ў тэлеіндустрыі. І як наступства — адсутнасць патрэбы ў прыцягненні прагрэсіўнай часткі аўдыторыі…


Будзем на сувязі!

Паважаныя чытачы!

Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце на www.facebook.com/kimpressby, www.vk.com/kimpressby, www.twitter.com/kultura_by!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"