Прыём, прыём... Як чутна?

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Лічбы сёлетняй уступнай кампаніі: тэндэнцыі не заўжды радасныя

Завяршылася чарговая ўступная кампанія ў ВНУ. Яе вынікі — не толькі магчымасць парадавацца за будучую змену высакакласных спецыялістаў, але і падстава для роздуму. Бо нават простая статыстыка (якія спецыяльнасці карыстаюцца большым, а якія — меншым попытам) адлюстроўвае праблемы нават не столькі ўласна навучання, колькі — умоў будучай працы. Яшчэ большы пласт пытанняў узнікае, калі знаёмішся з якасным складам абітурыентаў. І хаця таленты не нараджаюцца “па замове” з зайздросным “планавым” пастаянствам (у адзін год іх можа быць шмат, у іншы — куды менш), тыя выкладчыкі, якія штогод прымаюць творчыя прыёмныя іспыты, заўважаюць пэўныя тэндэнцыі. Не заўсёды радасныя.


Глядзіце, хто не прыйшоў...

Самая складаная сітуацыя — у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка: на многія спецыяльнасці — недабор, адпаведна — абітурыенты паступаюць без усялякага конкурсу, нават з самымі нізкімі баламі па тэсціраванні. Так, на спецыяльнасць “Матэматыка і інфарматыка” пры плане 115 чалавек прынята 50, на “Фізіку і інфарматыку” паступілі 28 замест 75, на “Пачатковую адукацыю” — 76 замест 90, а на “Фізіку і тэхнічную творчасць” — увогуле... адзін чалавек пры плане — 10. Праз некалькі гадоў менавіта яны прыйдуць (і, адпаведна, не прыйдуць увогуле) навучаць нашых дзяцей. Значыць, кола — замкнулася?

На гэтым фоне спецыяльнасці “культурнага” профілю выглядаюць куды лепш. Самае горшае становішча хіба ў “Бібліятэказнаўства і бібліяграфіі” ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. На дзённае бясплатнае навучанне пры плане прыёму ў 70 чалавек набралася 56, на скарочаны курс, што практыкуецца ў Мазыры, не хапіла ўсяго аднаго абітурыента: 17 супраць 18. На завочку — 8 замест 20, і на скарочаным — 33 на 40 месцаў.

Можна, канешне ж, спасылацца на нізкую нараджальнасць (хаця, насамрэч, “пікавыя” гады ўжо мінавалі). Можна, зноў-такі, ціха “радавацца”, што бібліятэкарскія паказчыкі ўсё ж лепшыя за настаўніцкія. Але няўмольнасць лічбаў вымушае задумацца пра галоўную прычыну — перспектывы прафесіі. У тым ліку — фінансавыя.

Можа, завышаны сам план прыёму? Але ён зыходзіць з таго, якіх спецыялістаў не хапае. Не цяжка здагадацца, што нястача ўзнікае не толькі таму, што мала спецыялістаў выпускаецца, а найперш з-за таго, што, адпрацаваўшы па размеркаванні, людзі шукаюць іншую працу. Патрабаванні да прафесіі растуць (сёння ўжо немагчыма, як раней, ісці ў бібліятэкары хіба для таго, каб спакойна чытаць на працы), а заробкі пакідаюць жадаць лепшага.

У тым жа БДУКіМ лічаць, што пра завочнікаў павінны клапаціцца самі бібліятэкі: дасылаць на навучанне тых сваіх супрацоўнікаў, якія не маюць вышэйшай адукацыі. Здавалася б, усім добра: бібліятэка павысіць свае паказчыкі “дыпламаванасці”, атрымае не проста супрацоўніка, а высока кваліфікаванага спецыяліста, ВНУ — таксама выканае план. Але ў кіраўнікоў звычайна ўзнікае пытанне: а хто ж працаваць будзе? І як адпусціць на сесію завочніка, калі наведвальнікаў у гэты час становіцца непараўнальна больш? Ёсць пытанні і ў патэнцыйных завочнікаў: а наколькі павысіцца мой заробак, калі я дыплом атрымаю? Значыць, ізноў — замкнёнае кола?

Насамрэч, праблема тут больш шырокая: сёння нашы ўстановы ўвогуле не зацікаўлены ў тым, каб павышаць кваліфікацыю сваіх супрацоўнікаў. Некаторым кіраўнікам здаецца, што прасцей узяць маладога спецыяліста, чым паклапаціцца пра магчымую далейшую адукацыю тых, хто ўжо працуе. Моладзь таксама марыць атрымаць “усё і адразу”. Большасць дбае пра “тут і зараз” — мала хто думае пра перспектыву. Але гэта — тэма ўжо іншай гаворкі...

 

А ёсць жа і тыя, хто “не дайшоў”

Для параўнання возьмем спецыяльнасці, якія трывала карыстаюцца вялікім попытам. Ну хто не марыць стаць, да прыкладу, артыстам? Між тым, іх таксама становіцца менш, хаця сёлетні конкурс — 6,7 чалавека на месца. Бо найбольш практычныя (самі абітурыенты ці іх бацькі), зазіраючы ў рэальную будучыню, бачаць там вельмі складаную працу, якой немагчыма займацца “дазіравана”, у адпаведнасці з раскладам, яна разлічана на ўсе 24 гадзіны на суткі, — і надта нізкія заробкі. На паўтара мільёна ў месяц (а такія сумы — не рэдкасць у нашых тэатрах, асабліва рэгіянальных) можна “пракарміцца” хіба аднаму — пры ўмове, што начаваць ты будзеш таксама ў грымёрцы, а ўсімі тваімі абноўкамі стануць хіба сцэнічныя строі прэм’ерных спектакляў. Варыянты заможных “папікаў” ці альфонсаў нават разглядаць не будзем: ну які “спонсар” захоча бачыць “пратэжэ” ў чужых абдымках, няхай і “паводле ролі”, і цярпець познія з’яўленні дадому пасля спектакляў? Асабіста я ведаю аднаго “несталічнага” хлопца, па якім папраўдзе “тэатр плача”, але ён рэалізуе (правільней сказаць: марнуе) сваю адоранасць хіба на вядзенні карпаратываў — у вольны ад працы час.

Але ж “не даходзяць” да навучання і па іншых прычынах.

— Мы пачынаем кансультацыі, — кажа дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар, заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Мішчанчук, — ужо з лютага. Таму большасць сваіх патэнцыйных студэнтаў ведаем не проста ў твар, а па іх здольнасцях, нават чалавечых якасцях, што для акцёра вельмі і вельмі важна, бо ён заўсёды працуе “ў камандзе”, якая становіцца літаральна ягонай “сям’ёй”. І калі былі ўзняты найніжэйшыя “прахадныя” балы па тэсціраванні, мы не далічыліся некалькіх, магчыма, будучых зорак. Вядома, акцёр павінен быць разумным, не абмежаваным у сваім кругаглядзе адно прафесійнымі патрабаваннямі сцэнічнай мовы і пластыкі. Але асабіста я, да прыкладу, на свае вочы бачыў заяву аднаго вядомага артыста (ён і ў кіно добра здымаецца) ажно з дзвюма памылкамі ў самім слове “заявление”: ён напісаў яго праз “о” і “е”. Смешна, вядома. Але ж і сумна: што, як раптам яму б сёння давялося паступаць? І, адначасова, узнікае справядлівае пытанне: чаму ж тады навучаюць у школе?..

А сапраўды, чаму амаль кожны, хто збіраецца здаваць тэсціраванне, ходзіць на спецыяльныя курсы ці звяртаецца да рэпецітараў — часта ўсё тых жа школьных выкладчыкаў? Штосьці тут відавочна “не так”...

А вось будучым танцорам “падножку”, калі можна так сказаць, паставілі новыя правілы прыёму на платнае навучанне, што дзейнічаюць ужо другі год. Цяпер, калі выпускнік каледжа не паступае на бюджэтнае навучанне, дык каб навучацца на платным, ён павінен спярша аплаціць усе гады навучання ў каледжы (прычым па цяперашнім каштарысе, а не ранейшым), вярнуць таксама ўсю сваю стыпендыю — атрымліваецца папросту непад’ёмная сума. Таму на платнае ідуць тыя, хто і каледж заканчваў гэтак жа, як платнік.

— Бывае, проста год вельмі моцны, — распавядае загадчык кафедры харэаграфіі БДУКіМ, кандыдат філалагічных навук, прафесар Святлана Гуткоўская. — Ці ў кагосьці крыху горшае тэсціраванне, і гэтая доля бала аказваецца ракавой. І — мы не далічваемся некаторых з тых, каго хацелі б бачыць. Затое на платным навучаюцца, можа, і куды горшыя за іх. Я ведаю контрдовады: маўляў, ніхто не перашкаджае такому чалавеку адпрацаваць два гады па размеркаванні і потым паступаць на бясплатнае. Але за гэты час кагосьці так нагружаюць працай, што потым яму ўжо не да навучання, у кагосьці з’яўляецца сям’я, а хтосьці і ўвогуле разумее, што грошы можна зарабляць іншым чынам, прычым куды прасцей…

 

Будаваць — ці на сцэне іграць?

— У нас ёсць маладыя сем’і, — дзеліцца набалелым Уладзімір Мішчанчук, — дзе і ён і яна — артысты. Калі яны застаюцца ў Мінску, у іх, як і ва ўсіх, галоўнымі праблемамі становяцца жытло ды грошы. Калі ж разам з’язджаюць са сталіцы, асабліва ў Мазыр, Слонім, Пінск (у абласных тэатрах усё ж сітуацыя крыху лепшая), дык, здараецца, месяцамі не бачаць не толькі дабрабыту, але і... адно аднаго. Бо ў тамтэйшых тэатрах спектаклі рэдка ідуць на стацыянарнай сцэне — усё больш на выездах. І калі муж ды жонка не іграюць у адной пастаноўцы, дык, лічыце, амаль не сустракаюцца адно з адным. А калі з’явіцца дзіця, дык адна надзея — на бабуляў-дзядуляў. У адваротным выпадку, камусьці трэба сыходзіць з прафесіі… Бываючы ў розных гарадах Беларусі, я заўсёды звяртаюся да мясцовых улад: дапамажыце творчым сем’ям! Важнымі бываюць не толькі матэрыяльна-побытавыя рэчы, але і само разуменне праблем, жаданне пайсці насустрач, павага да таленту…

Сам Уладзімір Андрэевіч ведае гэта і на ўласным прыкладзе. Нават зараз, у час адпачынку, спачатку ён едзе ў Маскву на агучванне ролі, а ледзь паспее вярнуцца — на здымкі выпраўляецца жонка. Карацей, вытрымліваюць не ўсе. Хтосьці папросту сыходзіць з прафесіі, бо разумее, што іначай давядзецца пакінуць сям’ю. А хтосьці намагаецца сумяшчаць: удзень працуе — дзеля душы, а ўночы — дзеля грошай. Толькі што будзе з такім артыстам праз некалькі гадоў, як адаб’ецца гэта на ягоным здароўі? Пытанне — без адказу…

 

Ногі? Галоўнае — галава!

Тых, хто хацеў бы навучацца ў БДУКіМ харэаграфічнаму мастацтву, заўсёды шмат. Не стаў выключэннем і бягучы год: на той жа “Народны танец” конкурс склаў больш за два чалавекі на месца, і гэта прытым, што большасць патэнцыйных абітурыентаў на творчыя спецыяльнасці адпадае ўжо ўвесну, пасля кансультацый, калі становіцца канчаткова зразумела, што адпаведны ўзровень падрыхтоўкі мае далёка не кожны.

— Нават тыя, — кажа Святлана Гуткоўская, — хто прыходзіць да нас з аматарскіх танцавальных калектываў, не вытрымліваюць уступных іспытаў. Літаральна некалькі чалавек было сёлета з харэаграфічных школ. Усе астатнія — выпускнікі каледжаў мастацтваў, прычым многія — з чырвонымі дыпломамі. Сярод бальнікаў некаторых дзяўчат, можна сказаць, мы ўжо чакалі, бо іх партнёры, крыху старэйшыя па ўзросце, у нас ужо вучацца. Больш складанай бывае сітуацыя на эстрадным танцы, хаця ад ахвотных навучацца — адбою няма. Але ж многія валодаюць толькі нейкім адным напрамкам, а трэба — усімі. Бо сярод уступных іспытаў, з’яднаных графой “Творчасць”, ёсць і класічны танец — у абавязковым парадку. Таму будучым абітурыентам я параіла б клапаціцца не за некалькі месяцаў да іспытаў, а як мага раней. Дарэчы, мы выдалі спецыяльны дапаможнік, дзе падрабязна распісана, як праходзяць іспыты, якімі навыкамі трэба валодаць, што і ў якім аб’ёме ведаць, прыведзены нават прыблізныя пытанні, якія ўзнімаюцца на калёквіуме. Але такое ўражанне, што многія гэтую кніжку не адкрывалі, хаця яна дастаткова даступная: было ўжо два выданні, рыхтуецца трэцяе…

Пэўна, праз час дадзеная праблема знікне сама па сабе: эстрадны танец сталі выкладаць ужо ў некаторых каледжах, а да Магілёва і Пінска, дзе такая спецыяльнасць ужо ёсць, сёлета далучыліся Мінск і Гомель. Так што, збіраючыся прысвяціць сябе танцам, думаць трэба не адно нагамі, але і галавой. У гэтым пераканана і Святлана Гуткоўская:

— Кантынгент нашых абітурыентаў рэзка падзяляецца на дзве часткі: тыя, хто толькі танцуюць, — і тыя, хто ўяўляе з сябе гарманічна развітую, дасведчаную асобу. “Залатой сярэдзіны”, як ні дзіўна, чамусьці няма. Прычым танцуюць з кожным годам — усё лепш. А вось што да інтэлекту... Пытаюся сёлета ў мінчан: якія балеты вы глядзелі ў нашым Вялікім тэатры? Аказваецца, яны там ні разу не былі… А яны ж — з профільнай навучальнай установы! Так што сярод прыгожых (а гэта — не забывайце! — таксама неабходны складнік нашай прафесіі) мы імкнёмся выбіраць разумных…

Сапраўды, калі нават навучэнцы спецыялізаванай школы ніколі не былі ў тэатры, дык што казаць пра астатніх? Скарачэнне такой дысцыпліны, як сусветная мастацкая культура (пры ўсіх недахопах яе былога выкладання), і, шырэй, памяншэнне гадзін усяго гуманітарнага цыкла дысцыплін з кожным годам будзе ўсё больш моцна адбівацца на нашым грамадстве. Вядома, шмат чаго павінны рабіць бацькі. Але шмат залежыць і ад самога чалавека: калі ніхто не звадзіў яго за ручку ў музей у пяць — шэсць гадкоў, дык у тыя ж пятнаццаць ён можа зрабіць гэта сам. Дый Інтэрнэт дае сёння такія магчымасці, якіх не мела раней ніводнае пакаленне. Дык чаму ж не карыстаемся? Не прывучаны? І калі не прывучыліся ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве, дык ці ўзнікне жаданне паляпшаць свае прафесійныя веды ды ўменні ў сталым узросце? А ў творчай прафесіі без гэтага немагчыма. Вось і атрымліваецца: лакальная, здавалася б, тэма — прыём у ВНУ — цягне за сабой безліч іншых жыццёвых праблем.

Таму завершым артыкул зваротам да шчаслівых першакурснікаў (і ўсіх астатніх таксама). Думайце! І вучыцеся! Найперш, самі. Усё жыццё, без перапынкаў. Бо веды немагчыма “перадаць”, як інфекцыю, — іх можна толькі ўзяць…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"