...А назаўтра сайт бібліятэкі наведалі 488 чалавек

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Працягваюць паступаць водгукі на публікацыю “У Беларусі не патрэбны чытальныя залы на вуліцы?”. Вось чарговы з іх.

 

/i/content/pi/cult/437/9108/3-9.jpeg

 

З года ў год дарослая і дзіцячая бібліятэкі Кобрына прымаюць актыўны ўдзел у святкаванні Дня горада. Летась на адкрытай пляцоўцы ля бібліятэк было праведзена Свята кнігі і чытання “Горад, які чытае”. Сёлета ж арганізавана акцыя пад адкрытым небам “Кнігі выйшлі пагуляць” на пешаходнай вуліцы Суворава.

Чаго мы хацелі дамагчыся дадзеным праектам? Усё проста: стварыць зоны абслугоўвання, дзе любы кобрынец можа стаць чытачом без правілаў ды ўмоўнасцей, прадставіць багацце і разнастайнасць кніжна-часопіснага фонду. Таксама хацелася змяніць стэрэатыпнае ўспрыманне бібліятэкі і, вядома ж, прыцягнуць новых чытачоў у яе сцены.

Кобрынцы і госці горада здзейснілі праменад па тэматычных стэндах, пазнаёміліся з выданнямі Цэнтральнай раённай бібліятэкі. Мінакі з цікавасцю разглядалі дзіцячыя кнігі і вырабы, створаныя рукамі юных чытачоў дзіцячай установы.

Гараджанам быў прапанаваны “Буккросінг па-кобрынску”: кнігі і часопісы, якія можна забіраць дадому. Гэта тыя выданні, што чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі ў свой час перадавалі ў дар. Бібліятэкары ўклалі ў выданні рэкламныя ўлёткі. Спадзяёмся, такія кнігі ды прэсу пасля перададуць і іншым чытачам, распавёўшы і пра ўстанову. А выданні атрымалі такім чынам другое жыццё.

З задавальненнем удзельнічалі землякі ў экспрэс-апытанні “Любімыя кнігі кобрынцаў”, у хвілінах чытання, конкурсах і віктарынах… Маючы зносіны з гараджанамі, рэкламуючы бібліятэку ды яе паслугі, спецыялісты адкрылі для сябе новыя формы работы, якія будуць запатрабаваны жыхарамі. Гэта — паэтычныя марафоны, выстаўкі-прэзентацыі хатніх бібліятэк, святы чытацкіх прыхільнасцей, літаратурныя нядзелі…

А фотасесія “Вооk-дасуг” паспрыяла таму, што адразу на наступны дзень сайт Кобрынскай РЦБС наведалі 488 чалавек! Увогуле, акцыя ўдалася і будзе мець працяг.

Таццяна ГАЛАВЕЙКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кобрынскай РЦБС

Фота аўтара


Будзем на сувязі!

Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце на www.facebook.com/kimpressby, www.vk.com/kimpressby, www.twitter.com/kultura_by!