Ці патрэбна мастацкая галерэя ў аграгарадку?

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Мастак Віктар Шкаруба неяк выказаў на старонках “К” меркаванне аб тым, што было б няблага стварыць у кожным аграгарадку краіны мастацкую галерэю. Мэтазгоднасць патлумачыў наступным чынам: аграгарадок — не толькі цэнтр сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасці, але і асяродак эстэтычнага выхавання. Бібліятэка, СДК, музычная школа — гэта добра. Але мастацкая галерэя стане не столькі чарговай аграгарадоцкай установай культуры, колькі яркім вясковым брэндам. Галерэя можа спалучыць функцыі літаратурнага салона, можа стаць гасцёўняй для нефармальных творчых сустрэч і камерных канцэртаў... Між тым, на сёння такія шматфункцыянальныя структуры ёсць далёка не ў кожным раённым цэнтры. Таму прапанова — больш чым цікавая і вартая сур’ёзнага аналізу і творцаў, і гаспадарнікаў.

Гаўрыла ВАШЧАНКА, народны мастак Беларусі:

/i/content/pi/cult/437/9107/3-8.jpeg

— Цалкам згодны, што любы беларускі аграгарадок — цэнтр нацыянальнай культуры. Прынамсі, павінен такім быць. Таму ўсяляк вітаю стварэнне сеткі мастацкіх галерэй на сяле. Успомніце: за савецкім часам іх меў любы заможны калгас. Чаму б і не адрадзіць традыцыю?

У такой галерэі выстаўляліся б, натуральна, мясцовыя майстры народнай творчасці. Наяўнасць галерэі спрыяла б правядзенню пленэраў прафесійных мастакоў. Уявіце, якой цудоўнай і выразнай можа атрымацца галерэя партрэтаў лепшых працаўнікоў вёскі! А выстаўкі творцаў, што тут нарадзіліся ды з’ехалі! А абменныя выстаўкі! Такі рух значна актывізуе культурнае жыццё беларускага сяла. Так што я — за!..


Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты “Культура”:

/i/content/pi/cult/437/9107/3-6.jpeg

— Для таго, каб падаць меркаванне “практыкаў” наконт стварэння сельскіх галерэй, я пагутарыў з многімі начальнікамі аддзелаў культуры і пастараюся выкласці, так бы мовіць, зборны пункт гледжання. Дарэчы, ён не зусім супадае з маім асабістым...

Ці будзе рэнтабельнай такая галерэя? Людзі не прызвычаіліся плаціць за прагляд карцін. Існуе рызыка незапатрабаванасці.

Выстаўкі павінны быць зменнымі, каб можна было ў аграгарадок і турыстаў прывезці. Але якім чынам і за якія грошы наладзіць падвоз тых турыстаў?

Ці не лепш ствараць галерэі ў райцэнтрах ды буйных гарадах, каб потым “развозіць” выстаўкі па аграгарадках?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"