Этна, пластыка і “Звычайны цуд”

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Культурны твітар: мы ў свеце

Польшча

Гэтымі днямі ў Беластоку праходзіць сустрэча кіраўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі і Польшчы. Плануецца, што яны абмяняюцца вопытам плённай дзейнасці і ўзаемадзеяння з органамі дзяржаўнай улады. У мерапрыемствах прымае ўдзел Генеральны Консул Беларусі ў Польшчы Аляксандр Берабеня.

 

Расія

Беларускія фотамастакі, як і раней, маюць магчымасць паўдзельнічаць у чацвёртым конкурсе расійскай Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Барыса Ельцына “Погляд іншаземца”. Работы будуць ацэньвацца ў шасці намінацыях, у тым ліку — “Бяссмерце народа ў яго мове”, “Навацыі і традыцыі”, “Настальгія” ды іншых. Найбольш удалыя фотаздымкі папоўняць электронныя фонды бібліятэкі, аўтары ж атрымаюць узнагароды.

З пастаноўкай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра “Звычайны цуд” па аднайменнай казцы Яўгена Шварца неўзабаве зможа пазнаёміцца маскоўская публіка. Чакаецца, што прэзентацыя мюзікла ў Маскве адбудзецца ў лістападзе.

 

Кітай

Мінск і Пекін наладзяць абмен міжбібліятэчнымі рэсурсамі. Акрамя таго, у рамках падпісанага Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Пекінскай сталічнай бібліятэкай мяркуецца арганізацыя акадэмічных форумаў, умацаванне супрацоўніцтва ў бібліятэчна-інфармацыйнай сферы. Дакументам таксама прадугледжаны абмен звесткамі па распрацоўцы новых праектаў і паслуг, скіраваных на задавальненне інфармацыйных патрэб карыстальнікаў. Таксама плануецца правядзенне выставак з уласных бібліятэчных калекцый і абмен літаратурай.

 

Эстонія

/i/content/pi/cult/437/9102/2-4.jpeg

У Эстонскім горадзе Йыхві адбыўся V Міжнародны фестываль “Slaavi valgus”. Хэдлайнерамі на ім былі “Іван Купала” з Расіі і брытанцы “London beat”. Мінск сёлета рэпрэзентаваў гурт беларускай музыкі “Талака” нашага Універсітэта культуры і мастацтваў.

 

Літва

З 14 ліпеня па 11 жніўня ў літоўскім Друскінінкаі праходзіць І Міжнародны тэатральны фестываль “Vasara”. Тэма форуму — “Класікі і ХХІ стагоддзе”. Прэзідэнтам форуму стаў мастацкі кіраўнік маскоўскага Тэатра імя Я.Вахтангава Рымас Тумінас. Беларусь на форуме прадстаўлялі “Пікавая дама” Гродзенскага абласнога тэатра лялек і “Дзяды” незалежнага “Тэатра Ч”.

 

Латвія

/i/content/pi/cult/437/9102/2-5.jpeg

На VIII Фестывалі “Бурштынавы брыз” у Латвіі, які курыруе класік тамтэйшага фота Гунар Біндэ, праводзіўся конкурс на тэму “Гэты шалёны свет”. У спаборніцтве з удзельнікамі ад Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі і Беларусі перамог наш зямляк, вядомы фатограф Валерый Вядрэнка з серыяй “Паклон Гаўдзі” ў стылістыцы фотапластыкі.

На здымках: гурт "Талака" (фота Вольгі СТАЛЯРОВАЙ); фотапластыка Валерыя Вядрэнкі з серыі

"Паклон Гаўдзі".