Ах, вернісаж, вернісаж...

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

Амаль адначасова ў Палацы мастацтва адбыліся вернісажы трох персанальных юбілейных выставак.

 /i/content/pi/cult/142/910/Ah1.jpg

Н.Гурло. “У пошуках страчанага часу”.

Ніна Гурло. “Тэатр. Кіно. Графіка.”
У гэтым трыадзінстве арганічна для сябе жыве, інтэрпрэтуе і творыць Ніна Мікалаеўна. Мастак па касцюмах — так пазначана яе месца ў стварэнні фільмаў і спектакляў. Для Н.Гурло працэс стварэння касцюмаў — пошук фактычнага і гістарычнага матэрыялу, прачытанне літаратуры, падрыхтоўка эскізаў і, урэшце, рэалізацыя ў матэрыяле — мае не меншую выразнасць, чым вынік. Яе работы вылучаюць дастактова рэдкія для сучасных мастакоў адухоўленасць і добры гумар. Эскізы касцюмаў Н.Гурло жывуць як самастойныя мастацкія творы. Прафесіяналізм, творчая выдумка і прыгажосць падмацаваны вялікай эрудыцыяй і інтэлігентнасцю мастачкі. А кола яе інтарэсаў — шматстайнае, таму так лёгка ёй працаваць з класікай, так зразумела ёй мова сучаснасці, такі плённы яе кантакт з рэжысёрамі розных пакаленняў у тэатры і кіно.
Ніна Гурло — таленавіты графік. Яна стварае тонкія пластычныя кампазіцыі, у якіх выяўляе сваё светаразуменне, сваю інтэрпрэтацыю прыгажосці любімых літаратурных твораў.
“Меранкоў. Бацька і сын” — гэта выстаўка прымеркавана да 70-годдзя Міхаіла Меранкова. Мастакам, якія перажылі вайну, няхай і ў дзіцячым узросце, заўжды ўласціва сцвярджэнне гуманістычных пачаткаў у мастацтве. М.Меранкоў належыць да пакалення жывапісцаў, што паставіла перад сабой творчую і грамадзянскую задачу праўдзіва
 /i/content/pi/cult/142/910/Ah2.jpg
В.Герасімаў. “Феерверк”.
адлюстраваць лёс сваіх сучаснікаў.
У экспазіцыі прадстаўлены як рэтраспектыўныя работы знанага беларускага мастака, так і яго жывапіс апошніх гадоў.
Дзякуючы творчаму ўдзелу ў выстаўцы сына Андрэя — таксама мастака, выстаўка набыла асаблівае гучанне і інтарэс.
“На рубяжы” — так называецца выстаўка жывапісу Віталя Герасімава. Гэта заключны акорд яго мастацкага выставачнага “марафона”, які быў праведзены ў 2007 годзе.
У выстаўцы прадстаўлены работы, якія з’яўляюцца працягам серыі жывапісных палотнаў, што экспанаваліся ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва пад назвай “Без часавых межаў”. Выстаўкі звязаны як тэматычна, так і эмацыйна. Аўтар вядзе “гульню” з мадуляцыяй колеру, лініі, плямаў, трансфармуе формы і прастору, тым самым стварае адчуванне шматстайнасці,багацця і шматпланавасці навакольнага свету. Выстаўка працуе да 29 снежня.

Ул.інф.