Вучыліся маркетолагі

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Прайшоў рэгіянальны семінар маркетолагаў цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм трох раёнаў: Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага “Метадычнае суправаджэнне дзейнасці публічных бібліятэк”.

Гаворка ішла пра забеспячэнне адэкватнага рэагавання нашых устаноў на сучасныя глабальныя змяненні, пра тое, што інавацыйнасць і крэатыўнасць у бібліятэчнай справе — не капрыз, а запатрабаваныя формы будзённай работы.

/i/content/pi/cult/437/9099/10-6.jpeg

Кіраўнікі і намеснікі дырэктараў устаноў абмеркавалі выкарыстанне маркетынгавых сродкаў для прыцягнення большага кола чытачоў і стварэння камфортных умоў для абслугоўвання. Першымі прымалі гасцей-суседзяў астраўчане, якія прадставілі свае здабыткі на прыкладзе Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, Мальскай і Гярвяцкай сельскіх бібліятэк — цэнтра нацыянальных культур. Пабывалі ўдзельнікі семінара і ў Рымдзюнскай бібліятэцы.

Другі дзень семінара прайшоў на Ашмяншчыне. Дзейнасць бібліятэчных устаноў гэтага раёна, у прынцыпе, не адрозніваецца ад астравецкіх, але… Да прыкладу, Гальшанская сельская бібліятэка рэалізавала праект “Дуга, што аб’ядноўвае народы і культуры”.

Ашмянскія калегі падзяліліся вопытам пошуку пазабюджэтных сродкаў і гасцінна адвезлі ў Тупішкі, на месца, дзе пазначаны адзін з пунктаў Дугі Струвэ — помніка са Спіса сусветнай спадчыны UNESCO. Наведалі ўдзельнікі семінара таксама Ашмянскую дзіцячую бібліятэку, Барунскі базыльянскі манастырскі комплекс, Кальчунскую бібліятэку — цэнтр сацыяльна-культурнай падтрымкі насельніцтва.

Трэці дзень семінарысты правялі на Смаргоншчыне, дзе азнаёміліся з работай Гарадской бібліятэкі № 2, Жодзішкаўскай сельскай бібліятэкі і Ракавецкай бібліятэкі-клуба. Апошняя сустрэла гасцей вячоркамі. У ЦРБ ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з мастачкай Аrа Мах і яе творчасцю.

Галіна ФРАНЦКЕВІЧ, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай цэнтралізаванай

бібліятэчнай сістэмы

На здымку: пад час семінара.