Біяграфія, што складаецца з “белых плям”

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

“Пейзаж, поўны таленту, і таленту смелага…”

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 28 — 29.)

…Так, у сярэдзіне 1860-х Атрыганьеў знаёміцца з пейзажыстам Арсенам Мяшчэрскім, які пасля сямігадовага прабывання ў Швейцарыі вярнуўся ў Пецярбург. Знаёмства перарасло ў сяброўства, і з пачатку 1870-х яны абодва працуюць разам у жанры лірычнага пейзажа. Зразумела, Атрыганьеў у першыя часы пачуваў сябе адданым вучнем Мяшчэрскага, пакуль не знайшоў свой пластычны і вобразны стыль, які менавіта ў Беларусі стаў яго асабістай “фішкай”.

У свой час Арсен Іванавіч Акадэмію мастацтваў не скончыў, хаця амаль тры гады вучыўся ў выдатных педагогаў Ф.Бруні, Т.Неф і С.Вараб’ёва. Па маладосці Мяшчэрскі палічыў, што Еўропа, у прыватнасці, Швейцарыя, можа даць яму прафесійны вопыт хутчэй і больш, чым расійская Акадэмія. Ён быў амаль на дзесяць гадоў маладзейшы за Атрыганьева, але лічыўся ўжо выдатным жывапісцам, які прайшоў у Швейцарыі выдатную школу цікавага жывапісца і графіка Аляксандра Калама. Якраз пасля смерці гэтага настаўніка (1864 г.) Арсен Іванавіч ізноў апынуўся ў горадзе на Няве. Больш за тое: за карціну “Швейцарскі від” Акадэмія прысудзіла яму залаты медаль, званне класнага мастака і права на замежнае пенсіянерства! Прыкладна ў гэтыя гады яны і сустракаюцца — Атрыганьеў і Мяшчэрскі, які ў 1876-м стаў прафесарам пейзажнага жывапісу.

/i/content/pi/cult/437/9097/15-1.jpeg

М.Атрыганьеў. "Расшчэплены дуб".

Гэтая сустрэча ў многім вызначыла творчы лёс нашага героя. Ён, фармальна не маючы дачынення да Акадэміі, у 1880-я становіцца ўдзельнікам акадэмічных выставак, у тым ліку перасовачных — у Адэсе, Харкаве і Екацярынбургу, — таксама прадстаўляе свае палотны ў экспазіцыях 6-й і 7-й выставак Таварыства выставак мастацкіх твораў, а за шэсць гадоў да смерці ўдастойваецца звання ганаровага “вольного общника” Імператарскай Акадэміі мастацтваў! (Пра гэтае званне я расказаў вышэй: кажучы сучаснай мовай, гэта нешта падобнае да члена-карэспандэнта.)

Менавіта ў гэты час з’явіліся яго лепшыя творы, якія былі напісаны ў Беларусі, а таксама на поўдні Карэльскага перашыйка, на паўночным беразе Фінскага заліва: “Від у Магілёўскай губерні”, “Зімовы від”, “Дубовы гай”, “Перад заходам сонца”, “Пасля дажджу”, “Вечар”, “Дубовы гай у Сестрарэцку” (два варыянты).

Рускі па нацыянальнасці, Атрыганьеў быў практычна вялікай часткай сваёй творчасцю звязаны з беларускай культурай. У гэтым сэнсе Мікалай Аляксеевіч стаіць у адным шэрагу са “здраўнёўскім” Рэпіным, “магілёўскім” Неўрэвым, “віленскім” Трутневым, “віцебскай” Ермалаевай, “белавежскім” Шышкіным, адрэзак жыцця якіх так ці інакш быў звязаны з Беларуссю.

/i/content/pi/cult/437/9097/15-2.jpeg

М.Атрыганьеў. "Дуброва ў Сестрарэцку".

Паўтаруся, з нашай зямлёй мастак быў моцна звязаны, асабліва ў 1880-я гады. І свае апошнія палотны напісаў менавіта на Магілёўшчыне — тут і выявіліся найбольш ярка яго выдатныя якасці жывапісца-пейзажыста. Напрыклад, у 1882-м ён напісаў “Зімовы пейзаж” — своеасаблівы чысты гімн беларускай прыродзе: занесенае снегам узлессе; на першым плане — сухое дрэва, якое вось-вось дасць першыя пупышкі… Набліжаецца вясна… Здаецца, нічога асаблівага: сотні рускіх і беларускіх мастакоў малявалі падобны матыў. Але Атрыганьеў пабачыў у гэтым “фрагменце прыроднага жыцця” нешта сваё — пранізліва чыстае, хвалюючае і трошкі журботнае. А яшчэ ўлюбёныя матывы мастака — цяністыя дубровы, паплавы са статкамі кароў, сельскія мосцікі, правінцыйныя праваслаўныя храмы.

Элегічны пейзаж “Від у Магілёўскай губерні” (дзе ён сёння — невядома) крытыка адразу ж адзначыла на перасоўнай выстаўцы Акадэміі мастацтваў, і яе тонавая рэпрадукцыя была змешчана ў кнізе пісьменніка і энцыклапедыста Фёдара Булгакава “Нашы мастакі (жывапісцы, скульптары, мазаічысты, гравёры і медальеры) на акадэмічных выстаўках апошняга 25-годдзя”, (т. 1, 1893 —1899). На першым плане — пышныя папараці і лапухі. На другім — моцныя дрэвы, што схіліліся над нешырокай ракой. У іх цені — маляўнічы статак кароў, якія млява схаваліся ад пякучага сонца. Дэталі рупліва выпісаны, дакладны малюнак — у лепшых традыцыях акадэмічнага жывапісу таго часу.

Так здарылася, што многія карціны Атрыганьева не захаваліся. Але, напрыклад, пра каларыстыку работ творцы можна даведацца з агляду мастацкай выстаўкі 1887 года (газета “Петербургские новости”, № 70 за 1887 г.) Аглядальнік Уладзімір Неміровіч-Данчанка (будучы знакаміты тэатральны дзеяч) піша: “…Празмернай яркасцю фарбаў вылучаецца карціна (“Від у Магілёўскай губерні”. — Б.К.) Атрыганьева. Слоў няма — яна не без годнасці: гэтыя дубы магутныя, якія ўзвысіліся над цёмна-сінім марывам, зацягнутым белымі змейкамі пены, пышныя і шыкоўныя. Адчуваеш багацце зеляніны, свежасці і жыцця ў іх галінах, якія так свабодна разрасліся. Добра намаляваны разбіты і засохлы ствол дрэва злева. Цені пакіданы на бераг умела і эфектна…”

А вось іншы аналіз пейзажа Атрыганьева — “Паблізу вусця Наровы”, дадзены тым жа Неміровічам-Данчанкам: “…Пейзаж, поўны таленту, і таленту смелага. Паглядзіце, да прыкладу, як напісаны гэты пясчаны адхон, які засланы сям-там зелянінай, гэтыя хвоі на першым плане і дажджавыя хмары воддаль. Які прыгожы кантраст зеляніны, дзе, здаецца, ужо нараджаецца навальніца, з сонцам, якое пазалівала сваім водсветам правую палову карціны! Вы адчуваеце, што вецер — прадвеснік навальніцы — бяжыць па рацэ, ганяючы па яе паверхні хвалі, ён ускалмаціў лістоту дрэў. Вы ведаеце, што гэтая цёмна-сіняя дымка, якая ўжо засцілае неба, хутка рассцелецца скрозь і ўсё абхопіць сваімі цяжкімі, нізка навіслымі хмарамі… Уяўляю, якімі добрымі павінны быць у Атрыганьева эцюды паўднёвай прыроды, дзе марская засень па-сапраўднаму жыве і гарыць, дзе зеляніна не ведае супыну, а сонца ўсяму, што толькі трапляе пад яго прамяні, перадае яркія агнявыя адценні…”.

Так, мастак быў цудоўным каларыстам і рысавальшчыкам. Вось яшчэ пейзаж “Дубовы гай” (можа, адзін з апошніх у яго жыцці), які экспануецца ў Мастацкім абласным музеі г. Ульянаўска (1890 г.). Тут ужо няма нічога з таго ўмоўнага акадэмізму, што назіраўся ў ягоных творах і ў творах яго калег — пейзажыстаў 1860-х — 1870-х гадоў.

Павінен сказаць, што Атрыганьеў, канешне ж, не ўваходзіць у кола сваіх “асаў пейзажу”, імёны якіх моцна і трывала ўвайшлі ў гісторыю сусветнага і нацыянальнага жывапісу: А.Саўрасаў, Ф.Васільеў, І.Шышкін, І.Левітан, А.Куінджы, В.Паленаў, нашы Г.Вейсенгоф, А.Гараўскі, Ф.Рушчыц, В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі. Хутчэй, ён — мастак кагорты, менш вядомай шырокаму гледачу, але, тым не менш, той, без якой карціна прыроднага свету была б няпоўнай. Да таго ж, тут ёсць і віна сучасных яму мастацкіх крытыкаў, што не ўдастоілі ласкавым словам нават тых “рысавальшчыкаў прыроды”, якія хаця і не хапалі зорак з неба, аднак рабілі сваю справу сумленна, высакародна і, у некаторых выпадках, не менш якасна, чым вышэйпералічаныя класікі. А між тым, усе яны, як і Атрыганьеў, былі таленавітымі творцамі, моцна любілі прыроду ды пісалі яркія, эмацыйныя палотны, якія дыхалі сапраўдным жыццём — унутранай гармоніяй, натуральным святлом, свежым паветрам...

Мікалай Аляксеевіч Атрыганьеў быў з гэтага пакалення пранізлівых песняроў прыроды. Хачу верыць, што прыйдзе час, калі ягонае імя па-сапраўднаму стане ў адзін шэраг з тымі класікамі рускага і беларускага пейзажа, якіх мы сёння ўсе добра ведаем…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"