Медаль Крашэўскага

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Летась шмат публікацый і мерапрыемстваў было прысвечана 200-годдзю з дня нараджэння дзеяча еўрапейскай навукі і культуры Юзафа Ігнацыя Крашэўскага (1812 — 1887 гг.), сям’я якога валодала маёнткам Доўгае, што каля Пружан.

Адным з цэнтраў правядзення святочных урачыстасцей з нагоды падзеі з’яўляўся Музей-сядзіба “Пружанскі палацык”, дзе прайшлі навуковая канферэнцыя, тэматычная Ноч музеяў, адбылася прэзентацыя новых экспанатаў…

Музею цягам больш чым дзясятка гадоў удалося сабраць унікальную — адзіную ў Беларусі — калекцыю (каля 200 прадметаў), прысвечаную славутаму земляку. Разам з выданнямі Ю.Крашэўскага, якія былі надрукаваны напрыканцы ХІХ — на пачатку ХХ стст. (у тым ліку прыжыццёвае выданне), у музеі знаходзяцца сучасныя кнігі на польскай, рускай і беларускай мовах. У фондах установы захоўваюцца копіі малюнкаў, жывапісных палотнаў, нот ды іншыя рэчы, звязаныя з Крашэўскімі, якія ў 2003-м перадаў у дар Музей Ю.І Крашэўскага ў Раманове (Польшча). Большасць гэтых прадметаў была прадстаўлена на выстаўцы “З Доўгага — у свет”.

 

/i/content/pi/cult/437/9095/14-3.jpeg

Напрыканцы мінулага года музейная калекцыя значна папоўнілася. Адным з найкаштоўнейшых набыткаў стаў арыгінальны медаль 1879-га, які быў падораны пружанскаму музею жыхаром Бабруйска Андрэем Святліцкім.

Як стала вядома пад час навуковага даследавання, медаль быў адліты ў гонар 50-годдзя літаратурнай дзейнасці Крашэўскага, што шырока адзначалася еўрапейскай грамадскасцю ў 1879-м. Многія навукоўцы, літаратары, музыканты і мастакі палічылі за гонар спрычыніцца да гэтай падзеі. Згаданы медаль быў выкананы па эскізе мастака Ф.Бэлоў і адліты ў Познані (Германская імперыя). Адзін яго экзэмпляр, які зроблены з золата, прадстаўнікі Познанскага таварыства сяброў навук уручылі асабіста Крашэўскаму у Кракаве 3 кастрычніка 1879 г. пад час святкавання літаратурнага юбілею.

Адначасова з залатым медалём у Познані была выпушчана абмежаваная колькасць (некалькі дзясяткаў) аналагічных экзэмпляраў са срэбра, бронзы ды іншых металічных сплаваў, якія разышліся сярод аматараў творчасці Крашэўскага і яго родных.

 

/i/content/pi/cult/437/9095/14-4.jpeg

Юбілейны медаль, які сёння знаходзіцца ў фондах “Пружанскага палацыка”, выкананы з металічнага сплаву. На ім выяўлены барэльефны профіль Ю.І. Крашэўскага з лаўровым вянком на галаве. На адваротным баку медаля змешчаны невялікі тэкст-прысвячэнне на лацінскай мове: ”Joepho - Ignatio Kraszewski qui. uberrimo ingenio nec. minus. mirando L. annorum. labori multa. multumque. exegit. laudes. et, grates, habent Maioris Poloniae, cives MDCCCLXXIX”.

Унікальны экспанат можна пабачыць у Музеі-сядзібе на выстаўцы “З Доўгага — у свет”, якая распачала працу ў сярэдзіне ліпеня і прысвечана чарговай гадавіне з дня нараджэння Ю.І. Крашэўскага ды 20-годдзю ўстановы.

Наталля ПРАКАПОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”

На здымку: медаль 1879 г.