Пад рубрыкай “Інстытут павышэння кваліфікацыі” мы пачынаем публікацыю вытрымак з дыпломных работ сёлетніх выпускнікоў факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці кафедры менеджменту сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Выпускнікі толькі ўладкоўваюцца на першае месца працы, кожны з дыпломаў, як нам падаецца, з’яўляецца практыка-арыентаваным і карысным для работнікаў клубаў ды бібліятэк. Многія ідэі ўчарашніх студэнтаў, якія нават не прыступілі да рэалізацыі сваіх праектаў, могуць быць выкарыстаны іхнімі больш сталымі калегамі і для пашырэння ведаў, і для “нараджэння” сваіх творчых праектаў. Першая публікацыя ўключае вытрымкі з дыплома Дар’і НАЙДЗЯНОВІЧ, якая нарадзілася ў Новым Свержані, што на Стаўбцоўшчыне. Таму тэма яе — “Перспектывы аказання платных паслуг насельніцтву Навасвержанскім домам культуры ва ўмовах фарміравання рыначных адносін”.
Як жа без маркетынгу?
У 1967 годзе ўпершыню ў гісторыі было ўзнята пытанне існавання маркетынгу ў галіне культуры. Ф.Котлер у сваім хрэстаматыйным падручніку зазначыў, што ўсе арганізацыі культуры — музеі, канцэртныя залы, бібліятэкі — ствараюць культурны прадукт. Таму яны павінны змагацца як за ўвагу спажыўца, так і за сваю ўласную долю нацыянальных рэсурсаў. А гэта — праблема маркетынгу. І, як сёння зразумела, галоўная яго мэта ў сферы мастацтваў — увесці адпаведную колькасць людзей у адпаведную форму кантакту з работнікам культуры ды пры гэтым дабіцца найлепшага фінансавага выніку.
Удасканаленне маркетынгавых стратэгій і іх эфектыўнае выкарыстанне прывялі да расслаення арганізацый культуры на камерцыйна арыентаваныя (for profit sector) і некамерцыйныя (non profit sector)…
Зацікавіць гледача
На Стаўбцоўшчыне — 72 установы культуры і мастацтваў: 35 клубаў, 31 бібліятэка, 5 ДШМ і Музей-сядзіба “Дзяржынава”.
Створаны ўстановы новага тыпу: пазалетась з’явіліся Кульская і Тонаўская бібліятэкі-клубы, а летась — Заямнаўскі. Філіял Кульскага сельскага клуба ў вёсцы Цеснавая стаў самастойным Цеснаўскім сельскім клубам. Кадравы патэнцыял, па стане на студзень 2012 года, складае 269 спецыялістаў, 124 маюць вышэйшую адукацыю, столькі ж — сярэднюю спецыяльную, 21 — агульную сярэднюю, 40 чалавек — пенсійнага ўзросту.
Навасвержанскім домам культуры кіруе Валянціна Крыт. План платных паслуг даводзіцца ўстановам раёна, але як ён выконваецца? Для таго, каб адказаць на пытанне, варта спачатку зазначыць, што заработная плата ў насельніцтва раёна павялічваецца, але ўсё ж не так хутка, як хацелася б. Усе клубы Стаўбцоўшчыны прапаноўваюць платныя дыскатэкі, канцэрты, выстаўкі-продажы і г. д. Адны робяць гэта больш паспяхова, другія — менш. Нязменная складанасць для ўсіх — зацікавіць наведвальніка творчым прадуктам.
У кожнага — свае інтарэсы
Між тым, у розных узроставых катэгорый — розныя інтарэсы. Сёння цяжка выцягнуць з дому моладзь, якая блукае ў Інтэрнэце і забылася на жывыя стасункі. Таму ад работнікаў культуры патрабуюцца выключна высокі прафесіяналізм, творчае гарэнне, ініцыятыва. Неаспрэчна, вынік прынясе толькі спалучэнне названых якасцей. Што ж канкрэтна патрэбна рабіць для выканання плана?
Па-першае — пастаянна ўзбагачаць асартымент платных паслуг. Па-другое — умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Усё гэта — не проста. Але іншага шляху няма.
Колькі каштуе білет?
Цэны на паслугі — невысокія. Таму пра выхад на самаакупнасць і атрыманне стабільных даходаў застаецца толькі марыць. Апошнія, фактычна, ідуць на пакрыццё расходаў, звязаных з аказаннем паслуг. А паслугі наступныя:
— танцавальныя вечары, дыскатэкі для дарослых (10 000 руб.) — два разы на тыдзень, для дзяцей
(5 000 руб.) — раз на тыдзень;
— дзіцячыя ранішнікі, выпускныя ў садках і школах (ад 100 000 да 300 000 руб.);
— абменныя канцэрты ды канцэрты на прадпрыемствах і ў арганізацыях (ад 500 000 руб.);
— абрадавая дзейнасць (ад 300 000 да 500 000 руб.);
— арэнда памяшканняў (ад 100 000 да 300 000 руб.);
— настольны тэніс (3 000 руб.).
Цэны, паўтаруся, — даступныя. Але попыт на дарослыя танцавальныя вечары — невысокі: спажыўцамі паслугі з’яўляюцца моладзь і людзі сярэдняга веку, а яны аддаюць перавагу адпачынку ў Стоўбцах ці Мінску. А вось дзеці з задавальненнем наведваюць дзіцячыя дыскатэкі з конкурсамі ды прызамі.
Дапамагаюць абрады
Работнікі клуба прапаноўваюць платны вясельны абрад “Тры ручнікі”, запісаны ў 1997 годзе ад ураджэнкі вёскі Ячонка — Вольгі Бельскай. Гэта адмысловая тэатралізаваная дзея з глыбокім сакральным зместам. І яна карыстаецца попытам. Такім чынам, старадаўні абрад стаў адной з платных інавацый.
Словам, наш ДК шукае новыя падыходы да арганізацыі адпачынку. І асаблівая ўвага надаецца адраджэнню традыцый. Распрацоўваецца абрад развітання нявесты з родзічамі і ўступлення яе ў новую сям’ю. Зразумела, перспектыва — за такімі абрадамі. (Дар’я Найдзяновіч дадаткам да сваёй працы змяшчае сцэнарый мясцовага вясельнага абраду. Публікаваць яго ў артыкуле не мае сэнсу, бо літаральна ў кожнай вёсцы ён — розны. — Рэд.)
Мадэрнізацыя без спонсара? Не!
Без мадэрнізацыі ўстановы немагчыма пашырыць спектр платных паслуг. А хацелася б стварыць камп’ютарны клуб, адрамантаваць ды забяспечыць сучаснай апаратурай танцпляцоўку. Для гэтага варта задумацца аб прыцягненні спонсараў, пра выпрацоўку фандрайзінгавай палітыкі.
І тут важна адзначыць вось што. Паколькі заробкі насельніцтва растуць не надта хутка, а планы платных паслуг штогод павялічваюцца на падставе прынцыпу “ад дасягнутага”, дык такі стан рэчаў ніяк не спрыяе паспяховаму выкананню апошніх. Значыць, сітуацыю з фарміраваннем названага плана неабходна прыводзіць у адпаведнасць з рэальным станам эканамічна-дэмаграфічных спраў.
Замест высновы
Аказанне платных паслуг для СДК — складаная, але цалкам рэальная задача. І тут нам павінны дапамагчы нашы старадаўнія традыцыйныя абрады. Пры гэтым важна ўлічваць фінансавыя магчымасці насельніцтва. Інакш кажучы, план павінен быць рэальным. Тады і праца будзе ў радасць!..
На здымку: від Новага Свержаня.
Ілюстрацыйнае фота з Інтэрнэту