Ганчарны Кландайк

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Гарадная: рэтраспекцыя ды перспектывы брэндавай экспансіі

Пра тое, што захаванне і развіццё старадаўніх рамёстваў можна лічыць сапраўдным брэндам культурнага жыцця сучаснай Беларусі, не казаў і не пісаў хіба лянівы. Ды толькі далёка не заўсёды гэткай жа відавочнасцю для людзей з’яўляецца ўсведамленне: самі па сабе старадаўнія рамёствы могуць быць не толькі канчатковай мэтай, але і істотным структураўтваральным фактарам. На іх базе здольны сфарміравацца магутныя культурныя цэнтры, сучасныя паводле сваёй арганізацыі, але — цвёрда знітаваныя з традыцыйнай культурай беларусаў. Яны акажуцца аднолькава цікавымі не толькі для замежных турыстаў, але і для калег-прафесіяналаў з іншых краін, таксама як і для шырокага кола сваіх суайчыннікаў. Акурат пра гэта мы і гутарым сёння з Ларысай БЫЦЬКО, загадчыкам аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра.

/i/content/pi/cult/437/9091/12-1.jpeg

— У першыя гады нам было найбольш складана вырашыць візавае пытанне, што для шэрагу гасцей аказвалася псіхалагічна складаным. Прыкладам, людзі, якія жывуць у Еўропе і могуць спакойна паехаць у любы горад, былі вымушаны ісці ў консульства, збіраць неабходныя паперы, афармляць візы... Але мушу сказаць, што для тых, каму насамрэч цікава трапіць да нас на пленэр, візы не становяцца праблемай. Не выпадкова мінулым летам на пленэр у Гарадную завіталі майстры з адзінаццаці краін свету…

— Ды ўсё ж, збіраючыся ладзіць у Гарадной міжнародныя пленэры, вы, пэўна, у меншай ступені думалі пра будучыя арганізацыйныя складанасці...

— Першае — ідэя, гістарычна і культурна абгрунтаваная, такая, якая для абранага рэгіёна будзе натуральнай і “прыроднай”. Бо нельга ж на пустым месцы стварыць “нешта”: нават пры каласальных намаганнях штучнасць будзе адчувацца.

Калі задумвалі правядзенне пленэру, кіраваліся імкненнем прыцягнуць увагу да гараднянскага Цэнтра ганчарства. Не сакрэт, што страціць унікальныя рамёствы можна надзвычай лёгка. Прыклад? У 2014-м будзе 110 гадоў з дня нараджэння Антона Такарэўскага — знакамітага пружанскага майстра, што займаўся чорназадымленай керамікай. Калі Такарэўскі памёр, сваякі прадалі ягоную хату з печчу, якая стаяла акурат у цэнтры дома і ў якой майстар абпальваў свае вырабы (звычайна майстры размяшчаюць печ на дварэ, як, прыкладам, у той жа Гарадной). А можна ж было выкупіць хату, зрабіць там Музей Такарэўскага. Тым больш, з вучняў у яго застаўся толькі адзін Васіль Логвін, якому папярэднік перадаў сакрэты свайго майстэрства. Але мы страцілі хату Такарэўскага з усім яе ганчарным начыннем, можна сказаць, з усеагульнай маўклівай згоды. І — пабаяліся, што гэткі ж лёс можа напаткаць і Гарадную. Тым больш, сёння там засталося ўсяго толькі пяць патомных ганчароў, якія працуюць у тэхніцы, што перайшла да іх ад продкаў.

Калі мы пачыналі, пра нас практычна ніхто не ведаў, ні ў каго не было дакладна выражанага матыву “чаму” і “навошта” ехаць у невялічкую вёсачку. Але знайшліся аднадумцы, якія шмат нам дапамагалі, пачынаючы ад прадастаўлення адрасоў ды кантактаў ганчароў і заканчваючы “падказкамі”: гэта і Таццяна Галаванава з Расіі, і Джамал Балаташвілі з Асеціі, і іншыя, якія сёння ўжо сталі добрымі сябрамі. А потым, раз ад разу праз “сарафаннае радыё”, пра гараднянскі пленэр пайшоў сярод прафесіяналаў розгалас, і сёння нам не даводзіцца займацца зацікаўліваннем майстроў — яны самі да нас імкнуцца.

— Што прываблівае замежных калег-ганчароў у пленэры?

/i/content/pi/cult/437/9091/12-2.jpeg

Работы шведкі Элізабет Халгрын з матывамі гараднянскай керамікі.

— Пэўна, не ў апошнюю чаргу, — магчымасць пазнаёміцца з нашай краінай. Мы імкнёмся прэзентаваць удзельнікам не толькі Гарадную, але і наваколле: возім у Белавежскую пушчу, у Бездзеж і Моталь, апошнім разам завіталі да Івана Супрунчыка, а таксама зладзілі вандроўку ў заказнік “Сярэдняя Прыпяць”... Усё гэта дае больш шырокае ўяўленне не толькі пра нашу краіну, але і пра каранёвую прыроду рамёстваў, распаўсюджаных у тым або іншым рэгіёне. І прыносіць плён.

— Вы маеце на ўвазе калекцыю керамікі ў Гарадной?

— Так, згодна з Палажэннем, кожны з удзельнікаў мусіць прыязджаць да нас з калекцыяй уласных вырабаў, якая застаецца ў Гарадной. Але ж не менш важныя і тыя вынікі, што ўзнікаюць пасля таго, як удзельнікі пленэру раз’язджаюцца па дамах. Не магу не пахваліцца надзвычай прыемнай і важнай для нас падзеяй, якая адбылася ў лютым гэтага года ў шведскім гарадку Люсікіл: адна з удзельніц мінулагодняга пленэру — Элізабет Халгрын — зладзіла там персанальную выстаўку, прысвечаную Гарадной і яе традыцыйнаму ганчарнаму промыслу. Яе надзвычай уразіла тое, што, у параўнанні з той жа Швецыяй, дзе рамёствамі даўно займаюцца на сур’ёзным, прэзентатыўным узроўні, у нас апошнія здолелі захавацца ў аўтэнтычным стане: сучасная гараднянская кераміка да гэтага часу паўтарае формы, што былі тут у... XV стагоддзі! І Элізабет стварыла калекцыю керамічных плітак, малюнак якіх, на першы погляд, успрымаецца бы абстрактны арнамент, але, прыгледзеўшыся, заўважаеш, што складзены ён... з гараднянскіх вобразаў-уражанняў мастачкі: партрэт патомнага ганчара Абрама Басаўца, збаночак-мамзэлька, рука ганчара, вугал жаночай хусткі, малюнак гараднянскай вышыўкі, від зверху на ганчарны горан...

— Вы сакцэнтавалі ўвагу на аспекце трансляцыі нацыянальнай культуры: адна справа, калі гэтым займаюцца яе носьбіты і нашчадкі, іншая — калі наша спадчына становіцца натхняльным фактарам для замежнікаў. Гэта — узор культурнай экспансіі на больш высокім узроўні…

— Менавіта таму я вельмі хачу, каб дадзеная выстаўка трапіла да нас, на Беларусь, прычым мне падаецца важным, каб яе пабачылі не толькі ў Гарадной. Хачу, каб да яе змаглі далучыцца таксама жыхары і госці беларускай сталіцы.

— Атрымліваецца карціна, якая правакуе на размову пра турыстычны патэнцыял…

— Ды тут — сапраўдны Кландайк для турызму! Па-першае, сама вёска не толькі цікавая, але і “жывая”: ёсць школа, дзве царквы, Дом культуры. Экспанатаў у Цэнтры ганчарства, які знаходзіцца на другім паверсе Дома культуры, назапасілася столькі, што месца пачынае не хапаць! Па досведзе мінулых пленэраў мы заўважылі, што Гарадной і ганчарнымі рамёствамі пачынаюць цікавіцца простыя людзі, сярод якіх, між іншым, шмат моладзі. Вось і паўстаюць пытанні: дзе ім спыніцца? Дзе пахарчавацца? Развіваць інфраструктуру неабходна! І калі б нам далі мільён еўра ды сказалі: “Рабіце, што лічыце патрэбным”, — мы б ведалі, куды іх патраціць…

/i/content/pi/cult/437/9091/12-3.jpeg

Удзельнікі традыцыйных кірмашоў ганчарных вырабаў у Гарадной.

— І на што канкрэтна?

— Пражыванне і харчаванне. Неабходны невялікі гатэль — просты, без асаблівых “наваротаў”, але са зручным, якасным санвузлом. Сёння гэта ўжо не такая вялікая складанасць, а нават, наадварот, абавязковасць: душ, магчымасць адпачыць пасля дарогі ў чыстым, дагледжаным нумары надзвычай цэніцца сучаснымі турыстамі. Харчэўня абавязкова павінна быць з традыцыйнымі нацыянальнымі стравамі — не толькі беларускай кухні, але і канкрэтна гараднянскага рэгіёна, — якія, канешне ж, мусяць падавацца ў традыцыйным гараднянскім посудзе. Яшчэ адзін не менш абавязковы аб’ект — сувенірная крама. Гэта — турыстычная арыфметыка.

— А як у вашым уяўленні магла б выглядаць турыстычная “алгебра” Гарадной?

— Была ў нас думка не проста ўключыць Гарадную ў турмаршруты, а для вёскі распрацаваць уласную праграму, каб людзі маглі прыехаць, скажам, на тыдзень, і пражыць гэты час разам з майстрамі. Турысты садзіліся б на воз і ехалі за колькі кіламетраў у кар’ер — капаць гліну, потым яе разгружалі б, збівалі ў бабкі... і, канешне ж, пад кіраўніцтвам майстроў самі маглі б нешта зрабіць. Наколькі я ведаю, у той жа Еўропе такі “працоўны” турызм карыстаецца вялікім поспехам, асабліва ў тых, хто займаецца інтэлектуальнай працай, шмат часу праводзіць у офісе за камп’ютарам. Нашы шведскія сябры распавядалі, што ў іх вельмі папулярныя майстар-класы па народных рамёствах: мужчыны, напрыклад, на працягу ўік-энда ўласнаручна выразаюць драўляныя лыжкі, жанчыны — займаюцца воўнаваленнем. Гэта так цудоўна “разгружае” мозг!

Я мару, каб у Гарадной узнік вялікі і прасторны выставачны павільён, дзе знайшла б месца не толькі гараднянская кераміка, але побач з ёю ўсе ахвотныя здолелі б пазнаёміцца з керамікай нямецкай, французскай, шведскай, малдаўскай, расійскай, параўнаць іх... Ды яшчэ абавязкова — адрамантаваць дарогу да Гарадной, каб любы ахвотны мог дакрануцца да нашай традыцыйнай ганчарнай культуры. Ужывую, а не на малюнках…

Мінск — Брэст — Мінск