Асветніцкая сімволіка выдавецкага знака Францыска Скарыны

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

У “К” (№ 35 за 2 — 8 верасня 2000 г.) быў апублікаваны мой артыкул “Антычная і сярэднявечная сімволіка сонейка і месяца — “ключ” да сыгнета Францыска Скарыны”. Цікава, што пасля яго плынь артыкулаў аб сімволіцы выдавецкага знака Францыска Скарыны прыкметна сплытчэла. За гады, што мінулі з той пары, мною знойдзены шматлікія “ключы” да сімволікі “сонейка маладзіковага”, якія павінны стаць набыткам і чытачоў “К”. Магчыма, сённяшні артыкул падвядзе пэўную рысу пад гэтай праблемай.

 /i/content/pi/cult/142/909/Skaryna.jpg

І.Босх. “Блудны сын”.

Адной з адметных асаблівасцей Адраджэння быў своеасаблівы “культ” універсальных ведаў. Нават вадзяныя знакі тагачасных папяровых мануфактур, уключаючы і выяўленыя на паперы выданняў Ф.Скарыны, сімвалізуюць пазнанне Бога і Сусвету. Ідэю пазнання сімвалізуюць выдавецкія знакі і асабістыя карпаратыўныя пячаткі і гербы рэнесансавых навукоўцаў. На жаль, за выключэннем гербаў Альфрэда Нобеля і Нільса Бора, гэтая даўняя карпаратыўная традыцыя навукоўцаў практычна згасла.
Неабходна нагадаць аб старажытнай сакралізацыі паходжання розуму і ведаў, і адзначыць, што навуковае мысленне Адраджэння яшчэ не страціла непарыўнай сувязі лагічных і эстэтычных пачаткаў.
У колах гуманістаў была вельмі папулярнай паэтычная касмалогія познеантычнага неаплатоніка Макробія. Згодна з ёй, прамяністы Апалон-Геліас кіруе музамі і планетамі. Апошнія ж суадносяцца з музычным гукарадам.
Менавіта ў гэтым кантэксце трэба разглядаць выяву Апалона-Геліаса з лірай у сем струн на асабістай пячатцы Мікалая Каперніка.
У дзесятым раздзеле свайго славутага Трактата, спасылаючыся на Сафокла, Цыцэрона і Трысмегіста (Скарына называў яго Трымеістам), Капернік называе сонейка Царом, Розумам Сусвету і бачным Богам.
Для разумення галоўнай сімволікі полісімвалічнага “сонейка маладзіковага” неабходна ведаць аб тым, што, згодна з Макробіем, месяц — царства музы гісторыі Кліо, а першапачатковае старажытнае значэнне грэка-лацінскага слова
historia — даследаванне, дасведчанасць, веды. Менавіта таму старажытныя гістарычныя творы называліся хронікамі і аналамі, а не гісторыямі. Адметна, што на партрэце Скарыны пчала (сімвал дапытлівага розуму) рухаецца ў напрамку выявы царства Ведаў (месяца).
Славуты і вельмі папулярны ў колах рэнесансавых гуманістаў трактат неаплатоніка Юліана “Прамова да Цара-Сонейка” лічыцца квінтэсенцыяй усёй антычнай сонечнай міфалогіі. Згодна з гэтай “прамовай”, месяц — сімвал калектыўнага Розуму чалавецтва, які пазбаўляе яго ад зверападабенства.
Варта працытаваць і славутага стваральніка фларэнційскай платонаўскай акадэміі Марсіліа Фічына: “Божаскае сонечнае святло (Логас) нябачнае вачам да таго часу, пакуль сам розум не звернецца да яго, падобна таму, як сонейка асвятляе толькі тую частку месяца, якая звернута да яго”.

Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА
Гомель