“Студыя”: сустрэча праз дзесяцігоддзі

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Кожнаму настаўніку цікава, як склаўся лёс яго вучняў. Гэтым пачуццём кіраваўся мастак Іосіф Грынберг, ладзячы выстаўку “Студыя”. Паводле канцэпцыі, яна з’яўляецца творчай справаздачай, дзе разам з карцінамі настаўніка прадстаўлены плён працы ягоных вучняў. Іх поспехамі спадар Грынберг ганарыцца як уласнымі. І, далібог, яму ёсць чым ганарыцца!

Жывапісец Іосіф Грынберг нарадзіўся ў 1946 годзе. Скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча, потым — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Яго настаўнікамі былі мэтры беларускага жывапісу Данцыг, Ахрэмчык, Воранаў, Крохалеў, Ліўшыц. Час навучання Грынберга ў ВНУ супаў з усталяваннем у нашым мастацтве “суровага стылю”. Мяркую, гэтая акалічнасць карэнным чынам паўплывала на фарміраванне ўласнай творчай манеры жывапісца. Бо “суровы стыль” — гэта не столькі набор характэрных прыёмаў ды выяўленчых стэрэатыпаў, але, найперш, бачанне звыклых рэалій у іншым святле ды памкненне “зачапіць” гледача: намаляваць так, каб той спыніўся ля карціны.

 

/i/content/pi/cult/437/9088/9-4.jpeg

З той пары Іосіфу Грынбергу ўласцівы зварот да актуальнай тэматыкі, дынамічная пабудова палатна, дакладна вывераны колеравы дысананс і, у шэрагу выпадкаў, свядомае ігнараванне колеравых ды тонавых нюансаў для надання выяве большага драматызму. Прыкладам могуць служыць прадстаўленыя ў гэтай экспазіцыі ягоныя карціны “Палаючыя марыянеткі”, “Мастак Апалінарый Пупко”, “Паэт. Памяці Уладзіміра Высоцкага”, “Вечар. Партрэт Алеся Родзіна”. Ёсць тут, дарэчы, і водгулле сюррэалізму, і настрой сац-арту.

Пасля заканчэння Тэатральна-мастацкага інстытута Іосіф Грынберг дваццаць гадоў кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва пры Мінскім палацы піянераў. Шэраг ягоных выхаванцаў потым атрымаў вышэйшую мастацкую адукацыю. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што яны адбыліся як творчыя асобы. Некаторыя з вучняў спадара Грынберга прадставілі свае творы ў экспазіцыю “Студыі”: гэта мастакі-дызайнеры Наталля і Аляксандра Мінкевіч, сцэнограф Зіновій Марголін, кераміст Аляксей Мартынаў, жывапісцы Юрый Падолін, Андрэй Бялоў, Максім Малышаў, графікі Карына Харанека і Кацярына Шапашнікава, аніматар і дызайнер Міхаіл Тумеля. Паколькі студыя пры Палацы піянераў давала пачатковыя веды не толькі ў малюнку ды жывапісе, але і знаёміла з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, дык не дзіва, што вучні Грынберга здолелі рэалізаваць сябе ў самых розных відах мастацтва. Цікава, што іх творчы почырк абсалютна не падобны на почырк настаўніка. У гэтым, дарэчы, таксама праявіўся талент Іосіфа Грынберга: спрыяць раскрыццю творчага патэнцыялу вучня, а не навязваць яму манеру педагога.

Пэўны час Грынберг жыў у Ізраілі і там таксама вёў мастацкую студыю. Работы трох ягоных ізраільскіх вучняў — Рут, Джудзі і Шмуэля Шыр — таксама прадстаўлены ў экспазіцыі “Студыя” ў Мастацкай галерэі Міхала Савіцкага.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"