Зазірала Дзяржкамісія ў будучыню…

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Дыплом і пасля дыплома: ці спрацоўвае сёння сістэма творчай адукацыі на Асобу мастака?

У ВНУ краіны, дзе рыхтуюць спецыялістаў для сферы культуры і мастацтва, не так даўно прайшлі абароны дыпломных работ. Карэспандэнту “К” давялося пабываць на некаторых з іх ды такім чынам зазірнуць у будучыню. Менавіта так, бо ўчарашнія студэнты, сённяшнія выпускнікі, — заўтрашнія майстры. Для людзей дасведчаных, якія ўжо ведаюць, што расце на культурным полі, чаго чакаць ад таго або іншага мастака, які адбыўся ў якасці творцы, абароны дыпломных работ маюць асаблівую прывабнасць. Тут заўжды ёсць інтрыга, тут магчымыя адкрыцці ды неспадзяванкі. Ды, зрэшты, заўжды больш цікава глядзець за далягляд, чым азірацца назад. Між тым, абароны, як абсалютная большасць мастацкіх выставак у прэстыжных залах сталіцы і буйных гарадоў, маюць у нечым рэтраспектыўны змест. Прайшоў амаль месяц — час, дастатковы для рэфлексій і аналізу. Робім яго разам са знанымі творцамі і педагогамі Акадэміі мастацтваў.

Безумоўна, найбольшую цікавасць уяўляе абарона ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Самі тэмы дыпломных работ, прадстаўленых на абарону студэнтамі БДАМ сёлета, сведчаць, што творчая моладзь — неабыякавая да гісторыі Бацькаўшчыны. Ды і падтрымка дзяржавай гістарычнага напрамку ў мастацтве адыгрывае немалую ролю. Згадаю, прынамсі, станковыя карціны Таццяны Красільнікавай “Шляхамі мінулага”, Ніны Язерскай — “Каралеўскае паляванне”, Кацярыны Вішнеўскай — “Парадны партрэт Юрыя Радзівіла”, манументальны роспіс Ганны Біцюк і Мікалая Карэліна “Подых мінулага” ў інтэр’еры Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. На апошняй рабоце наогул варта засяродзіцца асобна. Гэтая шматфігурная кампазіцыя сімвалізуе гістарычны шлях беларускай нацыі ад глыбокай старажытнасці да часоў нацыянальнага Адраджэння. Розныя эпохі паўстаюць у постацях слынных дзеячаў культуры. Значнасць дадзенаму твору надае само месца, дзе ён размешчаны: у гэтых сценах роспіс будзе працаваць і на міжнародны імідж Беларусі.

Некаторыя іншыя работы манументалістаў таксама замоўлены МЗС. Сярод іх — два пано для будынка пасольства ў Баку. Аўтар — Алеся Скарабагатая. Гэтыя творы з налётам містыкі ўжо атрымалі станоўчую ацэнку азербайджанскіх мастакоў, якія азнаёміліся з карцінамі па рэпрадукцыях, прадстаўленых нашым Паслом у гэтай краіне.

Дзякуючы дыпломнікам-манументалістам абарона выйшла не толькі за сцены Акадэміі, але і за межы Мінска. Скажам, Дзяржаўная камісія выехала на Магілёўшчыну — у вёску Баркалабава Быхаўскага раёна, каб даць ацэнку роспісу Антона Бельскага ў мясцовым храме Іаана Прадцечы.

 

“Павінен справіцца! А не спраўляецца…”

/i/content/pi/cult/437/9086/7-1.jpeg

Іван МІСКО, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, старшыня сёлетняй Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі ў БДАМ:

— Агульны ўзровень дыпломных работ і скульптуры ў прыватнасці — добры. Адзначу, што акрамя гіпсу ды пластыліну на гэтай абароне я бачыў і матэрыял. У дадзеным выпадку — дрэва. Хацелася б, канешне ж, каб мелася бронза, але для студэнта гэта занадта дорага. Калі ж параўноўваць бягучы год і мінулы, дык розніца — велізарная: у выбары тэм — гістарычных — і ў майстэрстве. І гэта свядомае рашэнне саміх дыпломнікаў. Бо як бы ні ўплываў на студэнта педагог, але дыплом ён робіць сам. І, адпаведна, выбірае тое, на што хопіць сіл. Гістарычную ж тэму, скажу шчыра, не кожны здольны і асэнсаваць, і выканаць.

Хачу, аднак, засяродзіцца на праблемах — не гэтай абароны, а ўвогуле навучальнага працэсу. Адзнака студэнту — гэта і адзнака выкладчыку. Вось, пяць гадоў студэнт вучыўся, на шосты — дыплом. Калі за пяць гадоў яго не выгналі з Акадэміі, значыць, з дыпломам ён мусіць справіцца. А не спраўляецца… Чаму? Значыць, не так, як трэба, пабудавана навучальная праграма. Значыць, з выкладчыка спытаць трэба.

Ці вось яшчэ. За дзесяць дзён да абароны адбываецца прагляд. Робяцца заўвагі, і рэдка хто паспявае да абароны штосьці выправіць. Дзесяць дзён на дапрацоўку замала — патрэбна дваццаць. Гэта прапанова на будучыню.

Хацелася б, каб тыя, хто заканчвае Акадэмію з адзнакай, мелі магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю. У многіх галінах існуе сістэма паслядыпломнай адукацыі. Павінна яна быць і ў мастацтве. Калісьці былі ў нас такія майстэрні для скульптараў ды жывапісцаў — аналаг аспірантуры, — цяпер няма. Варта падумаць пра адраджэнне такой структуры ў сістэме Акадэміі мастацтваў…

 

“У манументальнага сёння — іншы маштаб”

/i/content/pi/cult/437/9086/7-2.jpeg

Уладзімір ЗІНКЕВІЧ, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва БДАМ, прафесар:

— Сёння можна пачуць: маўляў, скончыўся будаўнічы бум, а з ім адышла ў нябыт і беларуская манументальная школа, бо калі няма заказаў на манументальны роспіс, дык мастакі-манументалісты страчваюць кваліфікацыю. Насамрэч, гэта не так. Будуецца сёння шмат. Але прыгажосць будынкаў дасягаецца праз архітэктурныя формы і новыя матэрыялы. Манументальнае ж мастацтва, якое раней было ў асноўным экстэр’ерным, перайшло ў інтэр’еры. У савецкі час мастак-манументаліст часта мусіў выпраўляць памылкі архітэктара. Нашы класікі Аляксандр Кішчанка і Гаўрыла Вашчанка сваімі творамі прыхоўвалі такія казусы. Прыкладам могуць стаць мазаікі Аляксандра Кішчанкі на абсалютна нецікавых, з архітэктурнага пункта гледжання, тарцах будынкаў насупраць Нацыянальнай бібліятэкі.

Цяпер у манументальна-дэкаратыўнага мастацтва змяніўся маштаб і аўдыторыя: яно скіравана не на горад увогуле, а на пэўнае кола гледачоў. Адпаведна, змяніліся стылістыка ды змест. Гэта відаць і па дыпломных кафедры.

Рост патэнцыялу добра бачны на прыкладзе апошніх пяці гадоў. Досыць сур’ёзныя дыпломы былі, дарэчы, і летась, але сёлетнія — значна цікавейшыя. Гэта і роспіс у Міністэрстве замежных спраў, і фрэскавы роспіс храма ў Баркалабаве: дыпломнік мог абараніцца трыма-чатырма квадратнымі метрамі — ён жа распісаў пяцьдзясят і даў абавязак царкве распісаць яе цалкам за год.

Творчая моладзь скіравана на самасцвярджэнне праз працу. Добра, што маладым мастакам не ўласціва фальшывая “зорнасць”. Сваю значнасць яны даказваюць не рыторыкай, а — творчасцю…

 

“Яны не падобныя на папярэднікаў, але…”

/i/content/pi/cult/437/9086/7-3.jpeg

Уладзімір СЛАБОДЧЫКАЎ, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры скульптуры БДАМ, дацэнт:

— У нас сёлета — шэсць дыпломнікаў. Гэта адзін з лепшых выпускаў за апошнія гады. Маем сапраўды вялікі дыяпазон работ. Усе выпускнікі дэманструюць сваё бачанне і адметную пластычную мову. Яны не падобныя між сабой і на сваіх папярэднікаў. Мяркую, што яны валодаюць большай творчай свабодай, чым тая, якую ў іхнім узросце мелі іх настаўнікі. І не ў тым справа, нібыта нам нешта забаранялі ці загадвалі, а ў тым, што сённяшняя творчая моладзь пазбаўлена такой апекі з боку дырэктыўных структур. Кожны мастак вольны настолькі, наколькі можа сабе дазволіць. Але калі ён хоча бачыць свае праекты рэалізаванымі, дык мусіць улічваць эстэтычныя стэрэатыпы грамадства. Скажам шчыра, у савецкі час стылявая і тэматычная прастора творчай самарэлізацыі была даволі шчыльнай. Сёння ж грамадства больш адукаванае ды талерантнае. І для маладых мастакоў паўстае праблема: як разумна скарыстаць гэтую свабоду?

Я вылучыў бы дзве дыпломныя работы манументальнага плана як вельмі перспектыўныя: гэта скульптура Настассі Мужчынскай “Суцяшэнне”, прысвечаная загінулым за нашу незалежнасць, і мадэль палацавага помніка “Князь Канстанцін Астрожскі-старэйшы” Аляксандра Навасёла. Гэта творы, якім адразу ж можна рабіць павелічэнне, адліваць у бронзе. Мяркую, што нам, Акадэміі, варта парупіцца пра тое, каб згаданыя скульптуры сталі помнікамі. Трэба выходзіць на гарадскія ўлады, на Міністэрства культуры, неяк зацікавіць патэнцыйных заказчыкаў.

Цікавасць маладых мастакоў да гісторыі — з’ява невыпадковая: наша грамадства “выспела” для асэнсавання нацыянальнай спадчыны, а моладзь гэта адчувае яшчэ больш тонка...

 

***

Думкі Івана Міско пра тое, што найбольш таленавітыя выпускнікі мусяць мець магчымасць вучыцца далей, падтрымлівае, як я мог пераканацца, і прафесура БДАМ. Ад шэрагу выкладчыкаў галоўнай “кузні” кадраў для мастацтва я чуў, што паслядыпломная адукацыя патрэбна найперш для таго, каб захаваць рэалістычную мастацкую школу, на якой трымаецца і наша Акадэмія, і ўвогуле беларускае выяўленчае мастацтва. Тут і прыдумляць нічога не трэба. Досвед — ёсць. Былі Творчыя майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР. Іх скончылі творцы, за якіх краіне не сорамна: Уладзімір Тоўсцік, Алесь Ксяндзоў, Віктар Альшэўскі, Андрэй Задорын, Раман Заслонаў… Той, хто сюды трапляў, мог на працягу некалькіх гадоў не клапаціцца пра побыт і засяродзіцца на творчасці. У Беларусі Майстэрні ўзначальвалі Заір Азгур і Міхаіл Савіцкі. Потым, калі першы сышоў у іншы свет, а другі з прычыны стану здароўя адышоў ад спраў, гэты свайго роду “інстытут павышэння кваліфікацыі” пачаў трансфармавацца ў нешта няўцямнае. Бадай, на кожнай абароне ў Акадэміі ёсць колькі маладых творцаў, вартых таго, каб пра іх клапацілася дзяржава. Паўнавартасныя Творчыя акадэмічныя майстэрні і сталіся б такой формай клопату.

Дарэчы, помнік Першадрукару перад Нацыянальнай бібліятэкай, што прынёс славу скульптару Алесю Дранцу, ствараўся якраз у сценах згаданых Майстэрняў, дзе вучыўся творца пасля абароны дыплома. Мяркую, гэта яшчэ адзін аргумент на карысць аднаўлення паўнавартасных акадэмічных Творчых майстэрняў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, Юрыя ІВАНОВА і з архіваў БДАМ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"