Куфар Пандоры: пра адно імя і пытанне “Чаму?”

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Зміцер ЮРКЕВІЧ, арт-куратар

/i/content/pi/cult/437/9085/5-1.jpegЧасам мне падаецца, што наш народ падобны да дзецюка, які сядзіць ля велізарнага прыгожага куфра, абабітага металам ды счарнелага ад гадоў. Ён то адкрые куфар, зазірне туды, то зноў закрые. Але твар ягоны за секунду змяняецца сотні разоў: то ён поўны шчасця, якое і словамі не апісаць, то на ім — выраз страху, то вочы пачынаюць ліхаманкава бегаць па баках, то ў іх загараецца агонь гонару… Але дзяцюк сядзіць ды толькі й знае: адчыняе і зачыняе куфар.

Куфар гэты — адзінае, што паспеў перадаць яму далёкі сваяк са словамі: "Гэта — твайго бацькі, значыць — тваё". А ў куфры тым — скарбы: старажытныя кнігі, у якіх апісана гісторыя народа, адкуль паходзіць дзяцюк, вопратка продкаў, шаблі ды косы, нават палацы ёсць, невялікія, але — выключнай прыгажосці… Ды адзінае, на што наважыўся пакуль дзяцюк, — выцягнуць адну паперчыну.. Сядзіць ён, чытае яе ды рукой прыкрывае, каб ніхто не заўважыў. А напісана там, што дзяцюк, сын і ўнук, з’яўляецца законным спадчыннікам гэтага куфра ды ўсяго, што там ёсць. І нават больш! Бо напісана, дзе ляжаць астатнія скарбы...

Але хлапчыну ўсё не хапае чагосьці: ці то рашучасці, ці то гаспадарлівасці… Да таго ж, ён столькі раней чытаў і чуў, што не было ніякага куфра ні ў бацькі, ні ў дзеда. Праўда, было тое напісана, а часам і гучала, на нейкіх іншых мовах, падобных на ягоную, дзецюкоўскую… І ён так верыў тым словам ды спевам, што, вывучыўшы іх на памяць, нават цяпер, каля куфра, міжволі спявае ўголас. А куфар прытым раз-пораз памацае…

Дык што параіце хлапчыну? Далей сядзець, пакуль не з’явяцца “з паветра” смеласць і гаспадарлівасць, а моль ды мышы не паточаць усе скарбы ў куфры? Ці, адкінуўшы века куфра, сказаць: “Я — гаспадар!”?

Пішу, і не ідзе ў мяне з галавы забыты намі ды фактычна “прыватызаваны” іншым народам герой айчыннай мінуўшчыны, чыё імя да гэтай пары або невядомае і адукаваным у гуманітарнай сферы рэспандэнтам, або выклікае ў іх шок: “Дык ён жа не наш, ён жа — іхні, як можна…”.

Але, паўтаруся, род Тадэвуша Рэйтэна — родны нам. “Кроў ад крыві”, “косць ад косці” ён наш. І каб упэўніцца ў тым, дастаткова зазірнуць у куфар ды працягнуць руку таму, хто аддаў сваё кароткае, але поўнае трагізму жыццё за наш народ, за Незалежнасць нашай краіны!

А ўшанаванне годнай памяці Асобы, такой, якой быў наваградскі дэпутат Вялікага Княства Літоўскага на Надзвычайны Сойм Рэчы Паспалітай 1773 — 1775 гг., — справа гонару беларусаў, справа гонару нашай маладой, але адначасова такой магутнай Дзяржавы, якая трымае ў руках неверагодных памераў Куфар. Куфар з нашай слаўнай мінуўшчынай.

А каб словы не разыходзіліся са справай, сёлета праводжу з калегамі ўжо чацвёртую па ліку імпрэзу ў гонар Рэйтэна. І першую — на котлішчы старажытнай фаміліі. З 11 па 18 жніўня ў Грушаўцы, дзе знаходзіцца сядзіба роду Рэйтэнаў, пройдзе сумесны з уладамі Ляхавіччыны фестываль. Ён складаецца з дзвюх частак. З 11 па 17 жніўня мае працаваць летнік-пленэр, а 18-га адбудзецца Фестываль традыцыйнай культуры (народныя спевы, стравы, рамёствы) і, паралельна, Фестываль эксперыментальнага мастацтва “ДАХ-21” пад назвай “Тадэвуш Рэйтэн. Імя, выкрасленае з гісторыі”. Тут ужо будуць музыка, перформансы, відэа, літаратура, інсталяцыі, жывапіс, фота...

Так што, мяркую, не патрэбна дадаткова тлумачыць, чаму і навошта прымаю ўдзел у такім праекце. Ды постацей нашай мінуўшчыны, вартых увагі сёння, яшчэ шмат. І забытых імён, і наогул, як Рэйтэна, фактычна выкрасленых з гісторыі. Але ж ахвотных аднавіць іх гонар чамусьці вобмаль. І зноў непакоіць мяне пытанне: “Чаму?..”