Біяграфія, што складаецца з “белых плям”

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

“Пейзаж, поўны таленту, і таленту смелага…”

…Гранітныя шаты з арачнымі праёмамі завершаны карнізнай плітой з чатырма франтонамі і галоўкамі херувімаў. На франтоне ўсходняга боку — накладное “Усюдыіснае Вока”, у іншых франтонах — бронзавыя стужкі. Надпіс страчаны, але, мяркуючы па чатырохтомным выданні “Пецярбургскага некропаля” (1912 — 1913 гг.), там было напісана: “Атрыганьеў Аляксей Ульянавіч нарадзіўся 4 лютага 1774 года, памёр 30 жніўня 1834 года, пражыў 59 гадоў, 6 месяцаў і 27 дзён; Дзень анёла — 12 лютага” (Так у кнізе. — Рэд.). Не захавалася і бронзавая скульптура анёла, якая ўпрыгожвала пастамент пад шатамі.

(Працяг. Пачатак у № 28.)

Што да дакладнага месца пахавання яго сына Мікалая Аляксеевіча, дык гэта — вялікае пытанне. Паводле даных таго ж выдання “Пецярбургскі некропаль” (згодна са спісам У.Саітава), мастак быў пахаваны там жа, на Ціхвінскіх могілках, пад прозвішчам “Отрыганьеў Мікалай Аляксеевіч” (“…нарадзіўся 20 верасня 1823 г. — памёр 2 чэрвеня 1892 г.”), але ў 1930-я гады надмагільны помнік творцы, відаць, быў знішчаны: хто там тады ведаў сціплую творчасць мастака-лірыка? Але гэта толькі мая версія… Магіла Вольгі Іванаўны Атрыганьевай таксама не захавалася, але вядома, што там быў адпаведны надпіс і даты: “3 ліпеня 1789 г. — 9 мая 1849 г.”. Карацей, гэтых магіл ужо ніколі не знайсці…

А свядомая біяграфія жывапісца пачыналася з вучобы ў 1-й Кіеўскай гімназіі (пазней тут вучыліся А.Луначарскі, М.Булгакаў, К.Паўстоўскі). Пасля гімназіі, у 1841-м, 18-гадовы Атрыганьеў быў прыняты ў Санкт-Пецярбургскі інстытут шляхоў зносін, але праз чатыры гады нечакана кінуў яго, каб звязаць сваё жыццё з арміяй. Пакуль што пра жывапіс гаворка не ішла. Пакуль рысаванне ён лічыў проста “хобі”, “забавай”, “пацехай”. Хто яго ведае, чаму ён выбраў менавіта гэты інстытут?

Калі б Мікалай Аляксеевіч скончыў яго, то мог бы атрымаць “званне грамадзянскага інжынера з правам правядзення будаўнічых работ і з правам на чын калежскага сакратара па ўступленні на грамадзянскую службу”. З гэтым званнем уваходзілі ў жыццё былыя выхаванцы інстытута — выдатныя інжынеры Расіі С.Кербедз, М.Крафт, А.Дабранраваў, М.Волкаў, Д.Жураўскі, М.Кібальчыч (будучы знакаміты рэвалюцыянер-тэрарыст), а настаўнікам у Мікалая быў выдатны інжынер, заснавальнік так званай рацыянальнай архітэктуры Апалінар Красоўскі, які ў 29 гадоў стаў прафесарам. Тут, у інстытуце, пад эгідай імператара Мікалая I, быў распрацаваны праект будаўніцтва першай буйной чыгункі Расійскай імперыі — “Масква — Пецярбург”.

 

/i/content/pi/cult/436/9082/2-1.jpeg

М.Атрыганьеў. "Від на раку Асцёр у Магілёўскай губерні".

Але ў гэты час Атрыганьеў праходзіў воінскую службу на Каўказе ў лінейным казацкім палку. У якой дакладна воінскай часці ён служыў, не ведаю: магчыма, гэта быў 1-ы кубанскі казацкі полк ці полк Хапёрскі лінейны, якія былі сфарміраваны ў лютым 1845 годзе, якраз тады, калі Атрыганьеў прыехаў “па месцы службы” на Каўказ, дзе ішла вайна з горцамі. Даслужыўся да пасады ад’ютанта пры вайсковым наказным атамане (важак казакоў). У XIX ст., калі вайсковым атаманам усіх казацкіх войскаў лічыўся наследнік прастола (у часы Атрыганьева атаманам усіх казацкіх палкоў быў Аляксандр Мікалаевіч, будучы Аляксандр II), казацкімі войскамі кіравалі наказныя атаманы.

Праз тры гады сотнік Мікалай Атрыганьеў выйшаў у адстаўку па хваробе (што за хвароба, я так і не высветліў, можа, пнеўманія) і паехаў у маёнтак маці на Чарнігаўшчыну. Каб ён трошкі затрымаўся ў арміі, дык мог бы прыняць удзел у паходзе адзінаццаці данскіх казацкіх палкоў супраць мяцежных венграў ды трансільванцаў. А там — хто ведае, у які бок у лёсе афіцэра Атрыганьева павярнулася б кола Фартуны…

Адстаўка прынесла свой плён: Мікалай Аляксеевіч сур’ёзна ўзяўся за пэндзаль. Часта выязджаў у Пецярбург. Разумеў, што шлях да прафесійных заняткаў жывапісам — доўгі і цярністы. Усведамляў: патрэбны веды, якія дазволілі б разумець тыя мастацкія традыцыі, што выпрацоўвалі старыя майстры. Таму яшчэ ў маёнтку ён настойліва імнуўся разабрацца ў тэхніцы жывапісу, у таямніцах колеру і пабудовы кампазіцыі, шмат удзяляў увагі малюнку, штудзіраваў кнігі Іагана Данііла Прэйслера “Правілы рысавання колерам” і “Методыка, або Тэорыя рысавання”. А ўжо ў Пецярбургу ён “выйшаў”, у першую чаргу, на выдатных акадэмістаў Мікалая Свярчкова і Ягора Меера.

У свой час імя Свярчкова як майстра бытавога жанру і выдатнага анімаліста было вельмі папулярнае. Яго карціну “Вяртанне з мядзведжага палявання” нават купіў Напалеон III, а за “Кірмаш” і “Станцыю” творца атрымаў ад Францыі ордэн Ганаровага легіёна. Сярод іншых палотнаў — “Выезд цара Аляксея Міхайлавіча на агляд войска”, “Іван Жахлівы на багамоллі”, “Пераход гвардыі праз Балканы”, “Масленка ў вёсцы”. Але сёння Мікалай Свярчкоў больш вядомы як цудоўны вобразатворца коней, сабак, паляўнічых зімовых сцэн, які мог “запрэгчы” на палатне любую ўдалую тройку.

Менш вядомы акадэмік Ягор Ягоравіч Меер. Ён быў таленавітым пейзажыстам-рэалістам і “рысавальшчыкам прадметаў натуральнай гісторыі”. Але на Атрыганьева ён як паэт прыроды паўплываў, мабыць, больш за Свярчкова. Калі паглядзець ягоны “Пейзаж” з дубамі і статкам кароў, адразу ўзгадваеш “Дубовы гай у Сестрарэцку”, напісаны Атрыганьевым незадоўга да смерці.

Але творчыя ўзаемаадносіны мастака з акадэмікамі-мэтрамі працягваліся нядоўга. Хвароба, якая з-за пецярбургскага клімату зноў далася ў знакі, прымусіла Атрыганьева вярнуцца на Чарнігаўшчыну, у свой маёнтак. Адтуль ён часта стаў прыязджаць на суседнюю Магілёўшчыну — край, да якога мастак прыкіпеў усёй душой. Менавіта тут ён стварыў свае лепшыя карцінныя пейзажы, што сёння ўпрыгожваюць Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. І за гэта, паўтаруся, — нізкі паклон Алене Васільеўне Аладавай, дзякуючы якой мы хаця б трошкі ведаем пра гэтага жывапісца.

Карціна “Вечар” (1854 г.) (з адлюстраваннем цэркаўкі з мастком-акведукам і рачулкай на першым плане, дубам — з правага боку). Аладава набыла яе ў 1962 г. у масквіча Ю.Няўзорава. Упершыню беларускі глядач пабачыў пейзаж на мінскай выстаўцы “Рускае мастацтва. 1961 — 1962”. Другая работа 1885-га — “Від на раку Асцёр у Магілёўскай губерні”: люстэрка ракі, якая ідзе за гарызонт, злева — купы дрэў, неба — на палову палатна, зарослыя берагі, у глыбіні — лясны пейзаж. На падрамніку — надпіс: “…рьку Остеръ (Могилевской губ.). Выставка въ Императорской Академии Художествъ въ 1885 году”. Аладава набыла твор у ленінградкі Зінаіды Мінкінай. Вясной 1970-га я разам з супрацоўнікам музея Рустамам Ібрагімавым сустракаў Алену Васільеўну на вакзале, калі яна прывезла з Пецярбурга гэтую самую карціну. На мой погляд, мастак пісаў яе, будучы ў вёсцы Хадунь, што ў Клімавіцкім павеце.

І, нарэшце, “Расшчэплены дуб” — адна з апошніх карцін мастака. Цудоўная рэч! Аладава купіла яе ў 1963-м, таксама ў прыватнага ленінградскага калекцыянера М.Карэліна. Гэта, па “фактуры пластыкі” і духу, — дакладна Беларусь! Наколькі я ведаю, творы Атрыганьева, акрамя нашага НММ, знаходзяцца толькі ў мастацкіх музеях Омска і Ульянаўска. Дзіўна, што іх няма нават у Рускім музеі ды Траццякоўцы! Ці я памыляюся?..

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"