Археалагічныя сенсацыі

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Пад час раскопак на тэрыторыі Быхаўскага палацава-замкавага ансамбля быў знойдзены ўнікальны артэфакт — кафля XVII cтагоддзя з гербам роду Сапегаў, колішніх уладальнікаў замка. Стан яе захавання — ідэальны. Другі варыянт герба — каляровы — археолагі складалі з фрагментаў. Доктар гістарычных навук, археолаг Ігар Марзалюк называе знаходку сенсацыйнай.

“Гэты герб, — кажа ён журналістам, — увасабленне гісторыі роду Сапегаў. На ім прысутнічаюць усе галіны родавага дрэва. Найперш гэта — галоўны герб “Ліс”, родавы знак Сапегаў. А астатнія сведчаць пра іх сваяцтва з іншымі ўплывовымі родамі Вялікага Княства Літоўскага”.

 

/i/content/pi/cult/436/9079/1-2.jpeg

З высокай ацэнкай каштоўнасці артэфакта згодны і намеснік дырэктара Інстытута гісторыі па навуковай працы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза. Па ягоных словах, кожная такая знаходка з’яўляецца для нас унікальнай крыніцай інфармацыі пра мінуўшчыну. Артэфакты кшталту знойдзенага дазваляюць рэканструяваць падзеі гісторыі Быхава.

А тым часам на Карэліччыне, за дзесяць кіламетраў ад Мірскага замка, археолагі знайшлі... яшчэ адзін замак. Пра тое, што тут, на гарадзішчы, мог быць замак, гісторыкі здагадваліся даўно. А вось рэшткі пабудовы былі знойдзены літаральна днямі. Гэта родавае гняздо старажытнага шляхецкага роду Кмітаў. Першае, што трапілася на вочы археолагам, — гэта сведчанні рабаўніцтва замка войскам Івана Жахлівага ў часе Лівонскай вайны. Знойдзеныя артэфакты распавядаюць пра побыт уладароў замка, пра іх багацце і мастацкі густ: гэта венецыянскае шкло, каляровая кафля, фрагмент пярсцёнка. Частка знойдзенага будзе адпраўлена ў Гродна, а частка складзе калекцыю мясцовага музея.