"Я вельмі люблю сваю працу!"

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Без любові да працы, лічыць Таццяна Місевіч, няма прафесіянала. А валоданне камп’ютарам знаходзіцца для яе ў ліку найпершых прафесійных бібліятэчных навыкаў. Адсюль — і інтэрнэт-ідэі.

Таццяна МІСЕВІЧ, бібліятэкар сельскай бібліятэкі аграгарадка "Івесь" Глыбоцкага раёна

/i/content/pi/cult/436/9077/2-1.jpeg

1. А сайтаў шмат!

Трывалай практыкай для нас стала правядзенне “профільных” дэкад. Кожная прысвячаецца, скажам, беларускай кнізе, гістарычнаму раману, прыгодніцкай і фантастычнай літаратуры ці выданням на ваенную тэматыку… І дэкад такіх хапае на год. Вы запытаецеся: пры чым тут Інтэрнэт? Ды проста без яго мы не здолелі б ладзіць мерапрыемствы на самым сучасным узроўні. Справа ў тым, што ўсе метадычныя навінкі мы бяром з тэматычных сайтаў.

2. І відэапаэзіі радкі

Яшчэ адна ідэя з Інтэрнэту. Канешне ж, не так цікава, калі пад час нейкага мерапрыемства проста гучаць вершы. Мы такое чытанне “афарбоўваем”. Інакш кажучы, прапаноўваем пры гэтым адпаведную слайд-карцінку і настраёвую музыку, што значна павялічвае эфект ад праслухоўвання вершаваных радкоў.

3. Вас чакае фотакрос!

Гэта конкурс, што мы раз-пораз абвяшчаем сярод чытачоў. Выйграе той, хто зробіць і прэзентуе лепшы фотаздымак, тэматыка якога звязана з любоўю да кнігі. Практычна ў кожнага ёсць цяпер мабільнік з фотакамерай. Варта толькі задзейнічаць асабістую фантазію… Такі конкурс будзе праведзены сярод нашых аматараў чытання ў жніўні. Цягам месяца яны прапаноўваюць свае фота, а мы адбіраем лепшыя. Вось — і фотакрос, у выніку якога можна зладзіць у бібліятэцы арыгінальную выстаўку.

4. Чалавек — жывая кніга

Дзякуючы Інтэрнэту ў нас шмат сяброў. Час ад часу запрашаем іх у бібліятэку. Сябры дапамагаюць нам “ажыўляць” кнігі. Да прыкладу, фалькларыстка і журналістка часопіса “Алеся” Рэгіна Гамзовіч уразіла нашых чытачоў веданнем абрадаў і аўтэнтычных калектываў. Яна сама па сабе — жывая энцыклапедыя. Словам, для развіцця нашых краязнаўства і фалькларыстыкі спадарыня Гамзовіч зрабіла выключна шмат.

5. PR і рэклама праз сацыяльныя сеткі

Стэлажы з кнігамі — справа для бібліятэкі звыклая. На сёння гэтага мала. Менавіта Інтэрнэт падказаў нам у свой час, што выстаўку кніг можна з поспехам сумяшчаць з самымі рознымі тэматычнымі інсталяцыямі. Да прыкладу, кніжны стэлаж можна ўпрыгожыць здымкамі, якія перамаглі ў фотакросе. У якасці інсталяцыі мы выкарыстоўваем калажы. Пад час Вялікадня на паліцах з кнігамі выстаўлялі кулічы, велікодныя яйкі... Карацей, магчымасцей для праяў бібліятэчнай фантазіі — мора. Трэба толькі справу сваю паважаць ды любіць.