"Арт-Базэль": без “перагрузу” і… без нас

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Заканадаўцы сусветнай арт-моды: касмічныя цэны ды "інтэграваныя" імёны

“Арт-Базэль”. Не буду падрабязна апісваць значнасць гэтага мерапрыемства: пра яго можна прачытаць у Інтэрнэце. Лішне згадваць, што гэты арт-кірмаш, або фестываль, з’яўляецца найбуйнейшым у свеце. У галерэйным асяроддзі яго параўноўваюць з Алімпійскімі гульнямі ці Канскім кінафорумам. Шмат гадоў запар езджу ў Швейцарыю, але наведаць “Арт-Базэль” ніяк не выпадала, і таму сёлета выправіўся адмыслова. Адразу скажу, што ўражанне аб ім склалася вельмі няпэўнае. Не сказаць, каб ён расчараваў, проста — уяўляўся іншым.

/i/content/pi/cult/436/9076/1-2.jpeg

Найперш уразілі масштабы. У дадатак да старога павільёна дадаўся новы — павільён актуальных форм мастацтва “Unlimited”. Яго плошча — 40 000 кв. м (для параўнання: плошча нашага Палаца мастацтваў — 1 800 кв. м). Акрамя таго, трэба ўлічыць мноства паралельных мерапрыемстваў і выставак па-за асноўнай праграмай, раскіданых па ўсім горадзе. Не лішне дадаць, што геаграфічна "Арт-Базэль" даўно перакінуўся ў Амерыку (“Арт-Базэль-Маямі-Біч”), а літаральна сёлета — і ў Азію (“Арт-Базэль-Ганконг”).

/i/content/pi/cult/436/9076/1-3.jpeg

Старая, галерэйная, частка экспазіцыі прадстаўлена, ва ўсіх сэнсах, лідарамі сусветнай арт-сцэны: Гагасян, Саатчы, Яблонка ды іншымі. Выяўлены ў большасці сваёй аўтары, правераныя часам, якія забяспечваюць камерцыйны поспех удзельнікам: Уорхал, Ротка, Пікаса, Магрыт, Мур. Нягледзячы на касмічныя цэны, чырвоных кружочкаў вельмі шмат. Найбольш іх — на фатаграфіях, што сведчыць не толькі пра магчымасці тыражу, але і пра неверагодную папулярнасць гэтага віду мастацтва апошнім часам.

Нягледзячы на тое, было шмат і новых галерэй. Таблічкі з іх назвамі выдзелены адмысловым колерам. Трэба адзначыць, што і яны трымалі марку — як у сэнсе ўзроўню цэн, так і ў сэнсе ўзроўню экспазіцый. Усё было прадстаўлена вельмі густоўна, не было звычайнага для ўсходнееўрапейскіх кірмашоў “перагрузу”. Дарэчы, такі спосаб экспанавання, як у нас (рама да рамы ды яшчэ ў тры паверхі), на Захадзе называецца — “ Пецярбургская развеска”.

/i/content/pi/cult/436/9076/1-4.jpeg

Новы павільён, дзе былі прадстаўлены некамерцыйныя праекты актуальнага мастацтва, уражваў сваімі маштабамі і яшчэ раз пераконваў: вялікія праекты немагчымыя без адпаведных матэрыяльных сродкаў. Тут увогуле будзе некарэктным параўнанне з нашай сітуацыяй, бо, па сутнасці, паміж намі і імі — прорва…

Хачу спыніцца яшчэ раз на ўдзельніках “Арт-Базэля”, а больш дакладна — на нашым перманентным няўдзеле ў асноўных сусветных арт-фэстах.

/i/content/pi/cult/436/9076/1-5.jpeg

Прычына першая ляжыць на паверхні: гэта — фінансы. Мінімальны выставачны бокс каштуе каля 30 тысяч еўра. Большасць галерэй выкарыстоўвала дубль-, трайпл-боксы. Сярэдні кошт удзелу для галерэі — 150 тысяч еўра. Тое стрымала гэтым разам нават амбіцыйныя расійскія галерэі. Большасць жа з ранейшых расійскіх удзельнікаў “Арт-Базэля”, прыпыніла сваю дзейнасць — кожны са сваіх прычын. Заяўку падавала адна толькі “Рэджына”, ды і тая не прайшла селекцыю. Тут варта нагадаць, што ў “Арт-Базэлі” ўдзельнічалі больш як 300 галерэй, а заявак пададзена блізу тысячы.

Адсюль вынікае другая прычына — узровень нашага мастацтва. Тэма — дыскусійная. Відавочна адно: ступень нашай інтэграванасці ў сусветны арт-рынак блізкая да нуля. У першую чаргу, гэта датычыцца не толькі галерэй, якіх да крыўднага мала, але і саміх мастакоў — невядомых у свеце. Дарэчы, сярод удзельнікаў былі расійскія мастакі — Кашлякоў, Кабакоў, але прадстаўлялі іх парыжскія галерэі.

А як жа іншыя суседзі? Літвы і Украіны не было — з тых самых фінансавых прычын, — але Польшча (брава!) удзельнічала адразу трыма галерэямі. Апроч іншага, на ўсіх польскіх стэндах прадстаўляўся Раман Апалка. Вось як істотна для краіны мець хаця б аднаго інтэграванага ў сусветны арт-працэс творцу як гарантыю мастацкага ўзроўню і камерцыйнага поспеху!

/i/content/pi/cult/436/9076/1-6.jpeg

Па-трэцяе, да нашага няўдзелу ў мінулых і, я ўпэўнены, у шматлікіх будучых фэстах дадаецца адразу некалькі складнікаў: гэта і прычыны ментальнага характару, і адсутнасць мастацкага (ды не толькі) іміджу краіны. Большасць стэндаў належыла мегаполісам: Нью-Ёрку, Лондану, Парыжу, Берліну, Токіа. Цяжка сапернічаць з галерэямі, на стэндах якіх адначасова знаходзяцца Ротка, Магрыт і Міро. Продаж адной работы забяспечвае ўдзел галерэі ў “Арт-Базэлі” на гады. Малым суцяшэннем служыць і тое, што я натрапіў на карціну Шагала на адным са стэндаў.

З агульных уражанняў запомнілася амаль поўная адсутнасць кітайскіх галерэй. Прычына тут, напэўна, у тым, што літаральна напярэдадні, напрыканцы мая, прайшоў “Арт-Базэль-Ганконг”, дзе яны, безумоўна, дамінавалі. Вельмі запомніліся японскія залы з найвышэйшым узроўнем твораў і культурай экспанавання. Кідаецца ў вочы недасягальная тэхналагічнасць большасці работ, што мяжуе са штукарствам. Незразумела, як гэта зроблена, а часам — і навошта. Творцы ўсё далей адыходзяць ад традыцыйных тэхналогій, ужываюць новыя матэрыялы. Тут ізноў на авансцэну выходзіць матэрыяльны складнік. Яго, паўтаруся, мы, на жаль, пазбаўлены. Прытым што ахвотнага заўважыць на фэсце новыя глабальныя стылістычныя кірункі, пэўныя эстэтычныя тэндэнцыі чакала расчараванне: аб’яднальнага стрыжня тут не было, хаця не ведаю, ці варта ўвогуле чакаць падобнага ад сусветнага кірмашу. Усё тут страката, але занадта прылізана, хоць і прыгожанька пры гэтым.

Пры ўсіх не заўсёды станоўчых уражаннях, магу адзначыць: сюды прыязджаць варта, нават каб проста паглядзець на гэтае свята, нават каб у нечым расчаравацца. Напрыканцы магу канстатаваць: сусветны арт-рынак — жывы, арганізатары, як заўсёды, някепска зарабілі. Усе збяруцца тут у наступным годзе. Нас жа, відаць, не будзе зноў…

Сяргей ГРЫНЕВІЧ, мастак

Гродна

На здымках: фрагменты экспазіцыі "Арт-Базэля".

Фота аўтара