Як займець ансамбль- пабрацім?

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Быць беларусам і ніколі ў жыцці не пабываць на Беларусі... З такой сітуацыяй знаёмы многія нашы суайчыннікі, што нарадзіліся ў аддаленых рэгіёнах Расіі. Пры гэтым яны захоўваюць родную мову, народныя традыцыі і нацыянальную ідэнтычнасць. Адна з такіх людзей — Людміла УРВАНЦАВА. Яна ўпершыню прыехала на зямлю продкаў з расійскага Кургана, узяўшы з сабой дачку і ўнука. Карэспандэнт “К” не абмінуў магчымасці сустрэцца з госцяй, якая, да ўсяго іншага, узначальвае Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Заўралля “Бацькаўшчына”, і задаць колькі пытанняў.

— Як вашы родныя трапілі ў расійскую глыбінку?

— З-за голаду ў 1939-м у Іркуцкую вобласць з Беларусі ехалі цэлымі вёскамі. Сярод іх была і мая родная — Баранкавічы. Маёй маці тады было ўсяго 12 гадоў. А ў 1943-м бабуля ўзяла да сябе яшчэ пяцёра беларускіх дзетак з дзіцячых дамоў, эвакуіраваных пад час Вялікай Айчыннай....

— Ці цяжка было цягам дзесяцігоддзяў родным і знаёмым захоўваць беларускі дух?

— Нам дапамагло тое, што вёска была цалкам беларуская. Усе размаўлялі на роднай мове, спявалі народныя песні, прытрымліваліся сваіх абрадаў. А калі я пераехала ў Курганскую вобласць, то, як аказалася, і там знайшліся беларускія паселішчы. Беларусаў у нас вельмі шмат, хоць па афіцыйным перапісе 2010 года — толькі трохі больш за чатыры тысячы чалавек. Калі ж мы праводзілі сваё анкетаванне, то высветлілася, што як мінімум каля дзесяці тысяч мясцовых жыхароў сябе лічаць беларусамі.

Але людзей трэба было неяк аб’яднаць. Доўгі час у Кургане не было беларускай арганізацыі. Такім чынам, дзесяць гадоў таму давялося пачынаць працу літаральна з нуля, наладжваць кантакты з усімі мясцовымі суайчыннікамі. Першым крокам было стварэнне музычнага калектыву. Нам важна было, каб людзі зацікавіліся роднай мовай, культурай, захацелі адчуць сябе беларусамі. Вялікім штуршком у час нашага станаўлення стаў прыезд у Курган “Песняроў”. Поспех быў фенаменальны! Музыканты замест трох далі восем канцэртаў. Пасля гэтага дзейнасць нашай арганізацыі пайшла як па масле…

— Ці вялікі актыў у “Бацькаўшчыны”?

— Ядро Цэнтра беларусаў Заўралля складае каля 25 чалавек. Акрамя таго, у нас дзейнічае сетка абласных, раённых і нават пасялковых суполак беларусаў. Адзначу цікавы факт: у Курганскай вобласці — 23 раённыя бібліятэкі. І ў кожнай з іх маецца беларускі куток, дзе праходзяць разнастайныя мерапрыемствы. У глыбінцы, наадварот, яшчэ больш шануюць свае карані. Больш за тое: пасля наведання Мінска склалася такое адчуванне, што, прызнацца, у нас больш клапоцяцца пра беларускую мову, чым у самой Беларусі.

— Якія ж крокі ў Курганскай вобласці робяцца вамі для захавання беларускай ідэнтычнасці?

— Трэба найперш адзначыць нашы музычныя калектывы. Гэта ансамбль “Журавачка”, які складаецца з пятнаццаці чалавек, і дзіцячы спеўны гурт “Харошкі”. Акрамя таго, дамаўляемся з іншымі этнічнымі калектывамі адносна, скажам, выканання беларускіх народных танцаў. Ансамбль рускай народнай песні “Душагрэечка” прафесійна выконвае цыкл народных песень, прадстаўляе іх нават на замежнай сцэне. Маецца і Маладзёжны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Русіны”, да дзейнасці якога далучаюцца нават этнічныя рускія, якім цікавая беларуская культура. З апошніх мерапрыемстваў магу згадаць вялікі канцэрт, майстар клас выканання песень і вершаў на беларускай мове на базе гарадскога цэнтра “Эліта”.

/i/content/pi/cult/436/9073/2-1.jpeg

— Як папаўняецца рэпертуар вашых калектываў?

— Папоўніць рэпертуар — праблема. Актыўна супрацоўнічаем з беларускімі суполкамі, абменьваемся фальклорным матэрыялам. Такія сустрэчы двойчы ў год адбываюцца ў Маскве дзякуючы Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, якая аб’ядноўвае ўсе беларускія суполкі, а таксама Пасольству Рэспубліцы Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

Пад патранатам епіскапа Курганскага Канстанціна, які таксама родам з Беларусі, у нас ладзяцца Калядныя сустрэчы. “Гуканне вясны” штогод адбываецца ў ліцэі для адораных дзяцей, у Кітоўскім раёне святкуем Масленку, пастаянна 24 мая ездзім у паломніцтва ў Далматаўскі манастыр. Сёлета там мы заклалі памятны сквер, пасадзілі алею…

— Не магу не запытацца: хто дапамагае вашай арганізацыі?

— Што да фінансавання, дык яно ідзе пераважна за кошт грантаў. Часткова дапамагаюць спонсары — тыя ж беларусы, якія займаюцца ў Кургане бізнесам. Расійскі фонд культуры дазволіў карыстацца памяшканнем у Кургане, на базе якога мы зрабілі музей “Беларуская хатка”. Не забывае пра нас і Беларусь. Мы ўдзячныя, наперш, за нацыянальныя строі. На жаль, на ўсіх удзельнікаў ансамбля, асабліва дзяцей, касцюмаў не хапае. Адчуваем дапамогу і з боку Цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі, асабліва яго дырэктара Міхаіла Рыбакова, які стараецца забяспечыць нас метадычнай, мастацкай літаратурай. Але, безумоўна, штосьці стараемся купляць і за свае грошы. Так, у Мінску знайшла футболкі з дзяржаўнай сімволікай, праўда, толькі аднаго, 58 памеру…

— Чым багатая “Беларуская хатка”?

— Наш музей ствараўся толькі дзякуючы матэрыялам, прынесеным нашымі суайчыннікамі. З адметных экспанатаў — палатно, зробленае з фашысцкіх парашутаў. Даводзілася неаднаразова ездзіць у экспедыцыі, у тым ліку і летась. Збіралі як песенны матэрыял, так і этнаграфічны. Па выніках напісала кнігу. Пакуль маецца толькі электронны яе варыянт. Матэрыялу шмат, таму трэба папаўняць том. На базе сабраных звестак сёлета будзем аднаўляць абрад Зажынак. Да гэтага ў нас было вельмі мала інфармацыі пра яго. Толькі адна з апытаных намі жанчын, якая да вайны жыла ў Беларусі, распавяла некаторыя падрабязнасці абраду на Магілёўшчыне. Цяпер для нас вялікі клопат — знайсці інфармацыю пра народныя ролевыя гульні і забавы. Акрамя таго, было б цікава знайсці ў Беларусі ансамбль-пабрацім, з якім можна было б абменьвацца вопытам, інфармацыяй і нават канцэртамі…

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"